Мае землякі — мой гонар

Першыя ў новым годзе сустрэчы ў межах праекта “ШАГ” прайшлі 23 студзеня для навучэнцаў усёй краіны. “Ганаруся сваімі славутымі землякамі” — гэтая тэма аб’яднала ў гутарках старшакласнікаў і запрошаных гасцей. Каб абмеркаваць яе, у сярэднюю школу № 4 Мінска завітаў Сяргей Маліноўскі, начальнік галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў.

Хто такі герой? Па якіх крытэрыях вызначаецца важнасць подзвігу? Кім па праве ганарыцца наша краіна? Пра гэта і не толькі прапаноўвалася пагутарыць юнакам і дзяўчатам.

“Сённяшняя тэма важная і цікавая, бо для любой краіны, для кожнага яе грама­дзяніна важна ведаць людзей, якія становяцца прыкладам, можа, для каго і кумірамі. Асабліва гэтая тэма актуальная для тых падлеткаў, якія ўжо хутка будуць выбірац­ь свой прафесійны шлях. Увогуле, праект “Школа актыўнага грамадзяніна” разлічаны на тых, хто хутка будзе прымаць адказнасц­ь за сябе, за тых, хто побач, і такія сустрэчы — магчымасць атрымаць новыя веды, што выходзяць за рамкі школьнай праграмы, ад прадстаўнікоў іншых арганізацый, якія ма­юць прафесійны і жыццёвы вопыт. Упэўнены, гэта спатрэбіцца выпускнікам у жыцці”, — адзначыў Сяргей Маліноўскі.

Для 10-класніцы Алены Шух падобныя сустрэчы — гэта самаразвіццё, нагода паразважаць пра розныя рэчы: “Для мяне гераізм — паняцце неадназначнае, і, на мой погляд, каб быць героем, неабавязкова мець узнагароду. Каб здзейсніць подзвіг, неабавязкова рызыкаваць жыццём. Часта гэта пасільная дапамога бабулі на вуліцы, прыбіранне смецця, праз якое ўсе пераступа­юць. Героем можна стаць для аднаго чалавека, а можна — для ўсяго народа. Напрыклад, асабіста для мяне такі агульнанацыянальны прыклад — Міхаіл Савіцкі. Каб зразумець, як ён мяняе жыццё людзей, дастаткова сха­дзіць у музей і паглядзець на яго карціны. Яго мастацкі почырк заварожвае і заўсёды пакідае ў свядомасці людзей свой след”.

Яе аднакласніца Таццяна Таўтын упэўнена, што подзвіг можа стаць штодзённай часткай нашага жыцця, калі робіцца для іншых. І для гэтага неабавязкова мець нейкія асаблівыя фізічныя перавагі, галоўнае — захацець зрабіць нешта карыснае для таго, хто побач. Таму размова зайшла і пра важнасць аказання бескарыслівай дапамогі людзям: дзеці расказалі пра свой валанцёрскі вопыт, а Сяргей Маліноўскі — пра тое, над якімі ўстановамі ўзяло шэфства Міністэрства замежных спраў.

Падчас гутаркі школьнікі падыскутавалі наконт таго, героямі нараджаюцца ці імі становяцца, па якіх крытэрыях павінна прысу­джацца званне героя, ці заўсёды талент вызначае значнасць асобы чалавека і ці могуць слава і прызнанне стаць стымулам для чалавека. Разважаючы пра сферу дзейнасці, у якой больш магчымасцей для подзвігу, прысутныя прыйшлі да высновы, што месца для гераізму ёсць ва ўсіх сферах: і ў культуры, і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці. Пацвярджэнне таму — усе 11 чалавек, якім было прысуджана званне “Герой Беларусі”: ад першага ўзнагароджанага, лётчыка Ула­дзіміра Карвата, — да спартсменкі Дар’і Домрачавай.

Надзея Тыркіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 4 Мінска, адзначыла, што акрамя агульнарэспубліканскай тэмы, якая ўзнімаецца ў школах краіны кожны чацвёрты чацвер месяца, сустрэчы ў рамках праекта — гэта яшчэ і магутны прафарыентацыйны інструмент: “Кожны “ШАГ” — гэта адкрыццё. Нашым навучэнцам цікавы не толькі тэмы сустрэч, але і асобы гасцей, іх шляхі ў прафесію. Так, у нас ужо праводзіліся гутаркі з прадстаўнікамі Следчага камітэта, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Упэўнена, што нашы дзеці шмат чаго важнага для сябе вынеслі і з гэтай сустрэчы”.

Сапраўды, прафесійны шлях госця выклікаў цікавасць у школьнікаў, якія наперабой задавалі яму пытанні пра спецыфіку дзейнасці міністэрства, пра міністраў замежных спраў, пра тое, як стаць дыпламатам і інш.

Свае пытанні змаглі задаць і навучэнцы іншых устаноў. Так, у сталічнай гімназіі № 14 да гутаркі далучыўся першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лубовіч. Старшакласнікі сярэдняй школы №1 Ліды запрасілі да размовы прадстаўнікоў Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях завіталі на сустрэчы з навучэнцамі ў школы Ганцавіч і Баранавіч адпаведна.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.