Магчымасць атрымаць з першых вуснаў адказы на пытанні, якія цікавяць

Прыёмы грамадзян на прадпрыемствах дапамагаюць у поўнай меры вывучыць сітуацыю, што на іх склалася. Такое меркаванне выказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава па выніках сустрэчы з работнікамі ААТ “МАПІД”.

Наталля Качанава адзначыла важнасць правядзення на прадпрыемствах прыёмаў па асабістых пытаннях. “Гэта дае магчымасць у поўнай меры адчуць, якая на іх сітуацыя, як працуюць людзі, якая зарплата, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Можна не толькі пачуць пытанні, што хвалююць людзей, але і азнаёміцца з работай прадпрыемства”.

Паводле слоў людзей, якія прыйшлі на прыём, у ААТ “МАПІД” створаны добрыя ўмовы для работы, добра развіта сацыяльная інфраструктура. Работнікі задаволены, напрыклад, ведамасным інтэрнатам, адзначаюць яго камфортнасць.

ААТ “МАПІД” — адно з найбуйнейшых будаўнічых прадпрыемстваў. Працуе не толькі ў Беларусі. Так, ва Уладзімірскай вобласці Расіі яно будуе школу, у Вільнюсе (Літва) — пяцізоркавую гасцініцу ў цэнтры. “У прадпрыемства добрыя перспектывы”, — пераканана Наталля Качанава.

На прыём да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта запісаліся 9 чалавек з рознымі пытаннямі. Некаторыя тычыліся змяненняў у заканадаўстве. Тыя, што знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовых улад, ужо вырашаюцца. Паводле слоў Наталлі Качанавай, працэс будзе паскораны, паколькі на прыёме прысутнічалі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы Арцём Цуран.

Вядучы інжынер спецыялізаванага ўпраўлення 205 ААТ “МАПІД” Людміла Русак прыйшла на прыём з пытаннем аб пашырэнні прамысловай зоны ў раёне вуліц Гарэцкага і Шаранговіча. Яе і іншых мінчан, якія жывуць тут, цікавіць магчымы ўплыў на экалогію. “Адказ атрымала зразумелы, праблема вырашальная, — адзначыла вядучы інжынер. — Такія прыёмы важныя, бо даюць магчымасць атрымаць праўдзівую і дакладную інфармацыю”. Людміла Русак дадала, што размова з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта праходзіла ў добразычлівай атмасферы.

Застаўся задаволены і электразваршчык Завода буйнапанэльнага домабудавання № 1 Іван Галаў. Да Наталлі Качанавай ён звярнуўся з жыллёвым пытаннем — і ў найбліжэйшы час яно будзе разгледжана станоўча. Рабочы перакананы, што такія прыёмы грамадзян важныя, таму што любы жадаючы можа звярнуцца непасрэдна да чыноўнікаў высокага ўзроўню, расказаць аб сваіх праблемах, атрымаць з першых вуснаў адказы на пытанні, якія цікавяць.