Магчымасць глядзець на неба

- 16:27Культура

XXVI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая прайшла ў першай дэкадзе сёлетняга лютага, была багатая на розныя мерапрыемствы: кніжныя прэзентацыі, круглыя сталы, выставы, яшчэ і яшчэ раз прэзентацыі кніг. Пра многае мы пісалі ўжо ў нашай газеце. Але, як заўсёды гэта бывае, засталося яшчэ нешта ненапісанае або недапісанае. А гэтае недапісанае ў нашым выпадку — прэзентацыя кнігі “Фантазюркі” маладой паэтэсай Верай Бурлак. Я выпадкова апынуўся на гэтай акцыі, але як апынуўся, так і застаўся на ўвесь час гэтай дзеі. І не пераставаў здзіўляцца кранальнасці моманту. І не пераставаў фатаграфаваць гераіню. І не пераставаў пераконвацца ў тым, што толькі так сёння і можна зацікавіць дзяцей кнігамі — непасрэднасцю, шчырасцю, адкрытасцю. І абавязкова якім-небудзь драматычным дзействам, хоць бы перформансам ці непасрэдным паўнавартасным спектаклем, а яны, і перформанс, і спектакль, і, калі хочаце, сапраўдная драма з хэпенінгам, якраз і былі ў прэзентацыі Веры Бурлак.

Шчыра кажучы, мне адразу тады захацелася зрабіць з ёй інтэрв’ю. Але міжнародны кніжны кірмаш быў крышку не тым месцам і не ў той час. Усё-такі гэта адмысловы час нейкага чытацкага і пісьменніцкага кайфу ці, можа быць, нават хайпу. А мне вельмі хацелася сур’ёзнай гутаркі, тым больш што я адчуваў: Вера адкрыецца не толькі як паэтэса і перакладчыца Кэралавай “Алісы”, але і як жанчына, маці, жонка.

— Вера, вы пераклалі знакамітыя казкі пра Алісу. Што вас найбольш захапіла ў творчасці Л.Кэрала? Яго ўнікальная мова, бясконцая гульня слоў ці, можа, менавіта сам змест, сама Аліса?

— Мяне захапіла сама квінтэсэнцыя яго творчасці, якую я абазначыла б адным словам — “гульня”. Рэч у тым, што ён успры­мае само жыццё і, адпаведна, жыццё Алісы як гульню. Адсюль і мова ў гэтых казках: у аснове яе гульня. Усё ў жыцці Алісы залежыць ад таго, які сэнс укладваць у пэўныя словы, якімі сэнсамі, так бы мовіць, абсталяваць сваё жыццё. І яшчэ вельмі важна, што Аліса — гэта дзіця, дзіця, якое спазнае свет, спазнае мову, спазнае тыя сэнсы, якія яму прапаноўваюць дарослыя. І ўвесь цымус творчасці Льюіса Кэрала якраз у тым, што дзіця робіць усё гэта вельмі своеасабліва. Праз сваю дзіцячую гульню. Калі я перакладала казкі пра Алісу, мне адкрываліся розныя сэнсы — і ад англійскай мовы, і ад беларускай мовы, і ад наогул мовы. Тэксту як такога. Мы ў нашым жыцці прызвычайваемся да ўстойлівых выразаў, распаўсю­джаных метафар і сімвалаў, і нам усё гэта здаецца агульнапрынятым і правільным. А дзіця, калі пачынае спазнаваць свет, яшчэ не мае гэтай звычкі і глядзіць на ўвесь свет па-свойму, у тым ліку праз сваю ўнікальную мову. Дзіця вельмі здзіўляецца, калі дарослыя яму кажуць: “Сонца сядае”. Ну, куды яно сядае? На якую канапу ці крэсла? Або: “Гадзіннік ідзе”. Ну вось жа ён, тут, на руцэ ці на сцяне! Куды ён можа ісці?  

— Што вы думаеце наконт выхаваўчага патэнцыялу казак Кэрала?

— Тэма выхавання была для мяне самым моцным адкрыццём у яго творчасці. Напрыклад, Аліса разважае пра тое, як яе могуць пакараць. Пакінуць яе без салодкага. Можна, вядома, пакінуць дзіця без салодкага адзін дзень, другі… Яно прывыкне паступова абыходзіцца без гэтага. Але калі пакінуць яго без пяцідзесяці салодкіх страў адразу, у адзін момант? Так Аліса, прыдумаўшы “звышстрашнае” пакаранне, саму ідэю пакаранняў робіць абсурднай, бо з дзецьмі ж так нельга рабіць.

— Дарэчы, а адкуль у вас наогул любоў да англійскай мовы?

— Маёй першай замежнай была іспанская, але, калі паступіла ў Ліцэй БДУ, там галоўнай, вядома, стала англійская. У нас было 4 групы, і я пачынала вучыць англійскую ў групе для пачаткоўцаў, з нуля. Але я так захапілася, што мяне ўжо праз некалькі месяцаў перавялі ў групу для тых, хто ўжо вывучаў раней англійскую. Мне проста падабаецца English, асабліва аналітызм у гэтай мове. Каб яе добра ведаць, трэба проста ўключаць мазгі, трэба ведаць, як будуюцца спалучэнні ў гэтай мове. Напэўна, як бы­ваюць табе сімпатычныя людзі, так і мовы.

— Ці маглі б назваць свайго настаўніка па жыцці?

— У мяне многа любімых настаўнікаў, якія далі мне вельмі шмат. Але калі вылу­чаць нейкага аднаго, то я назвала б доктара філалагічных навук прафесара Ірыну Сцяпанаўну Скарапанаву. Пад яе кіраўніцтвам на філфаку БДУ я пісала курсавыя працы, дыпломную, а потым абараніла і кандыдацкую дысертацыю. Гэта вельмі кваліфікаваны спецыяліст, я б сказала спецыяліст-творца. Высокі прыклад для мяне ва ўсіх сэнсах.

— Якая была тэма вашай кандыдацкай?

— Яна была прысвечана рускай дзіцячай літаратуры мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Мяне цікавіў мадэрнізм у гэтай літаратурнай з’яве.

— Вера, вы прэзентавалі на кніжным кірмашы кніжку для дзяцей з такой неардынарнай назвай —“Фантазюркі”. Па-першае, хто гэта такія — фантазюркі? А, па-другое, ці маглі б вы назваць самі сябе Фантазюркай?

— Ну, вядома, я самая галоўная Фантазюрка! Гэта, ведаеце, такія істоты, якія лятаюць, бегаюць, перасоўваюцца, узаемадзейнічаюць з людзьмі і стымулююць іх фантазію.

— Не магу не запытаць у вас пра асабістае. Вы жонка вядомага паэта Віктара Жыбуля. Скажыце, ці цяжка двум паэтам ужывацца ў адным творчым і сямейным тандэме?

— З Віктарам нялёгка, бадай, не бывае, хоць ён і творчы, фантастычна адораны чалавек. Але нам на дзіва лёгка разам — напэўна, пашанцавала з гэтым. Сям’я — гэта найперш побыт, і галоўнае, што нам камфортна быць разам у побыце, гэта зна­чыць сям’ёй. Мне здаецца, гэта і ёсць самае важнае ў сям’і — калі людзі добра адно аднаго разумеюць і паважаюць, калі яны не нервуюць адно аднаго і не замінаюць адно аднаму. І ў нас з Віктарам гэта атрымліваецца. Мы няблага сябе адчуваем разам. Мы паважаем таленты адно аднаго, паважаем нашы асабістыя прасторы.

— У гурта Depeche Mode ёсць песня Wrong (“Няправільна, не так”). Яна пра чалавека няправільнага — таго, які заўсёды робіць не тое, што трэба, які ідзе назад, калі трэба рухацца наперад, які глядзіць налева, калі трэба глядзець направа, і г.д. Для вас існуюць паняцці правільнага і няправільнага?

— Правільных ці няправільных людзей няма. Кожны па-свойму правільны. Але для кагосьці могуць падацца няправільнымі паводзіны чалавека ў дачыненні да іншага чалавека ці ў нейкай адмысловай сітуацыі. А могуць быць і наогул іншыя варыянты. У майго старэйшага сына аўтызм, і шмат хто лічыць яго паводзіны няправільнымі. Ён сапраўды можа павесці сябе нечакана. А з другога боку, ён піша, іграе ў тэатры, наогул вельмі таленавіты хлопец. І дзе тут правільнасць, а дзе няправільнасць? Мне здаецца, што ў нашым грамадстве пакуль яшчэ існуе нейкае залішняя зарэгламентава­насць, маўляў, трэба, каб было толькі вось так і так. Але нейкія “няправільныя” рэчы ма­юць права на існаванне, проста трэба паду­маць, як суіснаваць з імі. Межы правільнасці, мне здаецца, трэба пашырыць.

— Ці лёгка быць сёння жанчынай у гэтым правільным-няправільным свеце?

— Быць жанчынай — гэта своеасаблівая данасць. І змяніць яе, безумоўна, можна з вялікімі намаганнямі, але… Што да мяне, я ўспры­маю цалкам станоўча тое, што я жанчына. Калі ўзнікаюць праблемы, я іх вырашаю. Напрыклад, калі адчуваю, што мой заробак ніжэйшы за той, які мае на той жа пасадзе мужчына, я не дакараю сябе: “Ты жанчына, таму маеш такі нізкі заробак!” Я проста пытаюся ў сябе: “А чаму ты маеш такі нізкі заробак? Можа, таму, што ты гультайка?” Хаця я, шчыра кажучы, не лічу сябе гультайкай!

— У вашай кніжцы “Фантазюркі” ёсць, мне здаецца, проста выбітны верш “Кола агляду”, а ў ім такія словы: “Якая цудоўная справа — // Павіснуць у неба ўнутры! // У небе выключна птушыным // Я дзякую добрым машынам // І бачу я з самай вяршыні // Рачулкі, лясы і палі. // А спусціцца кола агляду — // Як птушка крылатая, сяду // На пліткі нагамі — і гучна // Скажу “прывітанне” зямлі”. Што для вас неба?

— О, неба для мяне вельмі шмат значыць! Я люблю глядзець на неба, на аблокі, на зоркі. Неба такое вялізнае, неабсяжнае. Мне вельмі падабаецца ісці па вясковай дарозе і адчуваць сябе абнятай небам. І глядзець на неба. Гэта, можа, і наіўнасць, але мы часта забываем, што ў нас заўсёды ёсць такая магчымасць — глядзець на неба. Гэта магчымасць вызваліцца ад нейкіх умоўнасцей, ад нейкіх нязначных рэчаў і адчуць сябе вольнай. Неба, яно адно над усімі. І тое, што ты робіш пад гэтым небам, як ты ўспрымаеш гэты абсяг — сіні, ружовы, шэры, блакітны, з зоркамі ці без зорак, з аблокамі ці без іх, як крыніцу сілы, ці ўвогуле не заўважаеш, — залежыць ад кожнага з нас асабіста. Я на неба часта гляджу. 

— Вялікі дзякуй за гутарку!

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.