Магчымасць максімальнага раскрыцця творчага патэнцыялу

Мэта сучаснай школы — фарміраванне ў вучняў даследчай пазіцыі, гэта значыць універсальнага спосабу асваення навакольнага свету, развіццё крэатыўнага мыслення і паводзін. З пункту гледжання настаўніка даследаванне — інтэгратыўны дыдактычны сродак, які спрыяе выпрацоўцы і развіццю спецыяльных уменняў і навыкаў праектавання ў навучэнцаў. З пункту гледжання навучэнца даследаванне — магчымасць максімальнага раскрыцця творчага патэнцыялу. Развіццё даследчых навыкаў павінна быць, на наш погляд, паступальным. Можна вылучыць тры ўзроўні даследчай работы ў сярэдняй і старшай школе:

— рэферат (для навучэнцаў 5—6 класаў). Задача стварэння інфармацыйнага рэферата ў 5 класе — вывучыць асноўную літаратуру па выбранай тэме і коратка, але поўна асвятліць існуючыя пункты гледжання па праблеме. У рэфераце аналітычным навучэнцы 6 класа не толькі вывучаюць погляды на пытанне розных навукоўцаў, але і вызначаюць сваю пазіцыю ў адносінах да прадстаўленага матэрыялу;

— даследчы праект пачатковага ўзроўню (для навучэнцаў 7—8 класаў). Галоўная мэта работы — дасведчанае правядзенне даследавання, таму навізна можа быць крыху ўмоўнай. Этапы дзейнасці: выбар аб’екта даследавання, пастаноўка пытанняў, правядзенне даследавання, аналіз яго вынікаў, фармулёўка высноў, складанне бібліяграфіі;

— навукова-даследчы праект (для навучэнцаў 9—11 класаў). Работа павінна праводзіцца навуковымі метадамі і накіроўвацца на атрыманне адносна новага выніку. Этапы дзейнасці: выбар аб’екта даследавання, пастаноўка мэт, задач, правядзенне даследаванні (эксперыменты, параўнальны аналіз, статыстыка і г.д.), аналіз вынікаў працы, фармулёўка вывадаў, складанне бібліяграфіі.

Вылучаюць тры этапы даследчай дзейнасці: дыягнастычны (выбар тэмы, вызначэнне мэты, задач, аб’екта і прадмета даследавання); прагнастычны (фармуляванне праблемы і шляхоў яе вырашэння); арганізацыйны (складанне плана, збор інфармацыі, складанне бібліяграфіі, сістэматызацыя матэрыялу, напісанне работы, фармуляванне высноў, рэдагаванне тэксту). Неабходна дакладна вызначыць кірунак даследавання, якое ўяўляе сабой аб’ёмную даследчую прастору, зададзеную рознымі сферамі або часткамі навукі. Праблема — супярэчнасць, якую неабходна вырашыць; канкрэтызаваная і ўдакладненая праблема становіцца тэмай даследавання. Добрая тэма выбіраецца без прымусу, яна цікавая і даступная для навучэнца, пасільная па аб’ёме, пашырае яго веды пра свет і пра самога сябе, адпавядае навуковай традыцыі, рэалізуе міжпрадметныя сувязі. Варта пазбягаць шырокіх фармулёвак тэм (“Мова сучаснай рэкламы”, напрыклад), знарочыстай навукападобнасці або спрошчанасці ці залішняй экспрэсіўнай афарбоўкі (“Вербалізацыя гендарнай спецыфікі ў дыялагічнай гаворцы”, “Няма пакуты мацнейшай за пакуту слова”). Пры ацэнцы паспяховасці навучэнца ў даследаванні трэба ўлічваць, што грамадскае прызнанне — самая высокая ацэнка для дзіцяці, таму станоўчай характарыстыкі варты любы ўзровень дасягнутых вынікаў.

Крытэрыі ацэнкі якасці даследчай работы — гэта актуальнасць і навізна, наяўнасць тэарэтычнага абгрунтавання, глыбіня і змястоўнасць, уменне сістэматызаваць сабраную інфармацыю, абагульняць атрыманыя даныя; самастойнасць даследавання, правільнасць выкладання, выкарыстанне літаратуры, наяўнасць прыкладанняў, практычная значнасць даследавання.

Сістэмнай павінна быць і работа па паэтапным удасканаленні даследчых кампетэнцый: спачатку — падрыхтоўка тэзісаў і абароны, затым — першае публічнае прадстаўленне праектаў на ўроках, факультатывах; удасканаленне даследавання ў адпаведнасці з рэкамендацыямі навуковых кансультантаў УВА, калектыўная работа экспертнай групы педагогаў па падрыхтоўцы вучняў да абароны на канферэнцыях рознага ўзроўню. Абарона вынікаў даследавання ацэньваецца па такіх крытэрыях, як абгрунтаванасць тэмы, структура і логіка выкладання, падмацаванасць фактамі, фармулёўка высноў, вынікаў даследавання, маўленне, культура публічнага выступлення, арыгінальнасць прадстаўлення, кампетэнтнасць дакладчыка (адказы на пытанні). Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на правiльнасць афармлення даследавання: яно павінна адпавядаць патрабаванням, якія прад’яўляюцца аргкамітэтам канферэнцыі.

Паспяховасць даследчай дзейнасці таксама ў многім залежыць ад умення навуковага кіраўніка пабудаваць адносіны з навучэнцам у рамках “калега — калега” або “настаўнік — малодшы таварыш”. Падобныя суб’ект-суб’ектныя адносіны прыносяць плён. Так, нашы юныя філолагі тройчы станавіліся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў, двойчы — канферэнцыі “Першы крок у навуку” пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, неаднаразова — міжнародных канферэнцый у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Сыктыўкары (Рэспубліка Комі).

Алена МАІСЕЕВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Віцебска.
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *