Магчымасці дадатковай адукацыі

- 13:39Навіны рэгіёнаў

Аб прафесійным выбары, самавызначэнні і сацыялізацыі навучэнцаў ва ўмовах дадатковай адукацыі ішла размова на семінары-прэзентацыі, які адбыўся ў Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Мерапрыемства было арганізавана Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, дзе працуе рэсурсны цэнтр сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці “Прафесійны выбар, самавызначэнне і сацыялізацыя навучэнцаў ва ўмовах дадатковай адукацыі”.

Да ўдзелу ў семінары-практыкуме запрасілі спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, метадыстаў раённых ВМК, якія курыруюць выхаваўчую работу, кіраўнікоў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, намеснікаў дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— Мэтай семінара было прадстаўленне рэсурснага цэнтра, зместу і аспектаў яго работы, павышэнне прафесійнага майстэрства і развіццё інавацыйнай дзейнасці педагогаў дадатковай адукацыі, — расказала метадыст аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі каардынатар дзейнасці рэсурсных цэнтраў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці Любоў Бірукова.
Удзельнікі семінара мелі магчымасць азнаёміцца з вопытам работы Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дзе працуюць як традыцыйныя гурткі і аб’яднанні, так і аб’яднанні сучаснага кірунку. Аб мадэляванні работы, інавацыйных падыходах да арганізацыі адукацыйнай прасторы ва ўмовах дадатковай адукацыі расказала дырэктар цэнтра Галіна Ганчар.
Перадавыя практыкі педагогаў дадатковай адукацыі лідскага цэнтра былі прадстаўлены падчас трох сесій — “Цэнтр ІТ-тэхналогій “Ступені”, “Цэнтр народных промыслаў “Скарбніца” і “Цэнтр творчага самавыяўлення “Зносіны і творчасць”. Удзельнікі семінара маглі пазнаёміцца з арганізацыяй работы цэнтраў камп’ютарнай графікі і дызайну, травапляцення, “Школы лідара”, прэс-цэнтра “Бумеранг” і інш., убачыць творчыя нумары навучэнцаў і педагогаў. Работа цэнтраў была прадстаўлена ў выглядзе майстар-класаў, прэзентацый, дзелавых і прафарыентацыйных гульняў.
На семінары-практыкуме былі арганізаваны выставы метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту, а таксама дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.