Мяркую, што думкі намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Хоцімска А.Краўцовай, выказаныя ёй у артыкуле нашай газеты за 2 лютага 1985 года, раздзяляюць не толькі цяперашнія калегі гэтай навучальнай установы. Яны актуальныя, як гаворыцца, на ўсе часы, бо менавіта факультатывы развіваюць ідэю дыферэнцыяцыі ў навучанні, прафілізацыі і прадметнай кампетэнцыі.
Сёння для задавальнення патрэб навучэнцаў Нацыянальным інстытутам адукацыі распрацаваны цэлы шэраг факультатыўных праграм для ўсіх узроўняў навучання і па ўсіх прадметах. Сярод аўтараў гэтых праграм як навукоўцы, так і настаўнікі. Акрамя таго, факультатывы падмацаваны і вучэбна-метадычным суправаджэннем, у тым ліку і ў электронным выглядзе. І ўся гэтая разнастайнасць знаходзіцца ў адкрытым доступе на Нацыянальным адукацыйным партале, што, безумоўна, аблягчае работу настаўніка.
І паколькі А.Краўцова ў сваім артыкуле спыняецца на факультатыўных занятках па літаратуры, на якіх, як яна заўважае, вырашаюцца пытанні ідэйна-мастацкага, патрыятычнага выхавання, фарміруюцца перакананні, эстэтычныя ўяленні школьнікаў, пашыраецца іх мастацкі і культурны кругагляд, то і я вырашыла паглядзець, якія факультатывы па беларускай літаратуры прапануюцца сённяшнім школьнікам.
На Нацыянальным адукацыйным партале размешчана некалькі факультатыўных праграм па айчыннай літаратуры, якія вызначаюцца разнастайнасцю, змястоўнасцю і ўзаемазвязанасцю, таму калі нехта з навучэнцаў зацікавіцца беларускай літаратурай усур’ёз, то гэтыя факультатывы маюць патэнцыял, каб зрабіць з яго амаль прафесійнага літаратуразнаўца. У прадстаўленым спісе значацца:
вучэбная праграма падагульняльных факультатыўных заняткаў для 9 класа “Юны літаратуразнаўца”;
“Браму скарбаў сваiх адчыняем…” ― праграма факультатыўных заняткаў па беларускай лiтаратуры для 5 класа ;
“Слова ― радасць, слова ― чары…” адрасавана вучням 6 класа;
“Таямніца паэзіі і загадка прозы” ― гэта вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па беларускай лiтаратуры для 7 класа;
для 8 класа прапануецца “Незвычайнае лiтаратуразнаўства. Вывучэнне твора ў яго родавай i жанравай спецыфiцы”;
“Выкажыся, каб я цябе ўбачыў! Мастацтва вусных выказванняў” дае магчымасць развіць сваё аратарскае майстэрства навучэнцам 9 класа;
“Пад ветразем спасцiжэння i творчасцi” ― вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па беларускай лiтаратуры для 10 класа;
“Шукаем шэдэўры! Вопыты лiтаратурных даследаванняў” распрацавана спецыяльна для выпускнікоў, навучэнцаў 11 класа. Выбраць, як бачым, ёсць з чаго.Дадатковыя матэрыялы ў выглядзе мастацкіх твораў, натуральна, неабходны на кожным факультатыве па літаратуры. Інакш яны проста бессэнсоўныя. Але сучасныя факультатыўныя праграмы значна пашыраюць магчымасці педагогаў адносна форм работы з вучнямі, таму літаратурныя гульні, кампазіцыі, віктарыны, дыспуты і субяседаванні, пра якія расказвае педагог у 1985 годзе, канечне, выкарыстоўваюцца, але не з’яўляюцца асноўнымі і актуальнымі.
Напрыклад, вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для 9 класа “Юны літаратуразнаўца” прадугледжвае выкарыстанне актыўных форм і метадаў навучання: эўрыстычныя гутаркі, практыкумы, стылістычныя эксперыменты, дыскусіі, семінары, канферэнцыі і інш. Дарэчы, яна, як адзначаюць аўтары, накіравана на паўтарэнне, падагульненне і сістэматызацыю звестак па тэорыі літаратуры, удасканаленне ўменняў па аналізе літаратурных твораў і рыхтуе да профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі (вывучэнне беларускай літаратуры на павышаным узроўні).
Змест праграмы “Юны літаратуразнаўца”, акрамя пытанняў, прысвечаных тэме, праблеме, ідэі, сюжэту, кампазіцыі літаратурнага твора, уключае такі цікавы раздзел, як “Вершаскладанне”, які, магчыма, дапаможа раскрыць паэтычны талент вучня. 7 заняткаў, якія адводзяцца на гэты раздзел, падкажуць, як разабрацца з законамі арганізацыі вершаванай мовы, рытмам у літаратурным творы, сілаба-танічнай сістэмай вершаскладання, вершаваным памерам, відамі рыфмоўкі, асноўнымі разнавіднасцямі строф і г.д.
Аўтары факультатыўнай праграмы “Выкажыся, каб я цябе ўбачыў! Мастацтва вусных выказванняў” перакананы, што на аснове мастацкай камунікацыі ўзнікае рэальнае ўздзеянне літаратурнага твора на асобу, на яго густы і ідэалы, а праз іх ― на яго паводзіны і дзейнасць, з чым нельга не пагадзіцца. Індывідуальныя маўленчыя і інтэлектуальныя здольнасці вучняў сёння стараецца развіць кожны педагог.
У тым свеце гаджэтаў, у якім жыве цяперашняе дзіця, гэта не проста актуальна, а вельмі неабходна. І такія якасці маўлення, як правільнасць, чысціня, фактычная і тэрміналагічная дакладнасць, лагічнасць, яснасць, дарэчнасць, выразнасць і эмацыянальнасць для многіх становяцца проста недасягальнымі. Таму індывідуальнасцю прамоўцы, якая характарызуецца яго выканальніцкімі здольнасцямі, валоданнем нормамі літаратурнага маўлення, багаццем слоўнікавага запасу, а таксама змястоўнасцю выказвання, можна захапіцца хіба толькі падчас алімпіяды па беларускай мове і літаратуры або конкурсу прамоўніцкага майстэрства. Але для ўдзелу ў такіх інтэлектуальных спаборніцтвах навучэнцы рыхтуюцца загадзя і мэтанакіравана займаюцца па шмат гадзін. А хацелася б, каб усе нашы вучні былі хай сабе не прафесійнымі аратарамі, а прыемнымі субяседнікамі.
Дарэчы, гэтая факультатыўная праграма, як гаворыцца ў тлумачальнай запісцы, забяспечвае поліаспектнае вывучэнне камунікатыўных працэсаў на аснове шэрага сумежных дысцыплін і акумулюе веды з такіх галін філалогіі, як стылістыка, культура маўлення, тэорыя літаратуры, гісторыя літаратуры, а таксама элементы курса акцёрскага і аратарскага майстэрства, што прадухіляе перагружанасць вучняў і рацыяналізуе вучэбны час.
“Методыка арганізацыі факультатыўных заняткаў надзвычай багатая і разнастайная: лекцыя з элементамі эўрыстычнай гутаркі; самастойная работа па індывідуальных заданнях; семінар; практыкум; рэфлексія вусных выказванняў (самарэцэнзаванне і ўзаемарэцэнзаванне); конкурс прамоўніцкага майстэрства; аратарскі турнір; функцыянальна-ролевыя гульні “Дэбаты”, “Дыскусія”, “Прэзентацыя”, “Круглы стол”, “Прэс-канферэнцыя”, “Гасцявы ўрок” і інш.
Школьнікі навучацца, акрамя вербальных сродкаў маўлення, выбіраць адпаведныя паралінгвістычныя (інтанацыя, паўза) і кінесічныя сродкі выказвання (жэсты, міміка), выпрацоўваюць уласную манеру выканання з мэтай уздзеяння на слухачоў, стварэння паміж камунікантамі атмасферы эмацыянальнага суперажывання, аргументавана адстойваць уласныя погляды і ацэнкі”, — адзначаюць аўтары.
Гэты факультатыўны курс адметны і тым, што яго змест утрымлівае прыкладныя тэмы для вусных выказванняў, што, канечне, значна аблегчыць дзейнасць настаўніка пры арганізацыі факультатыўных заняткаў.
Яшчэ адна факультатыўная праграма, на якой хацелася б спыніцца, гэта “Шукаем шэдэўры! Вопыты лiтаратурных даследаванняў” для адзінаццацікласнікаў. Як заўважаюць аўтары факультатыву, на заключным этапе літаратурнай адукацыі вялікая ўвага аддаецца выкананню творчых і даследчых работ: яны з’яўляюцца адначасова і сродкам кантролю, і паказчыкам творчага і інтэлектуальнага развіцця асобы.
Сёння вучнёўскае даследаванне стала папулярным на ўсіх узроўнях навучання, таму нас ужо не здзіўляе прага да даследавання нават у дашкольных установах. Усе імкнуцца пазнаёміць вучняў з метадамі навуковага пазнання, сфарміраваць у іх навуковы светапогляд. Але, напэўна, усё ж самым прыдатным для ўспрымання навукі, якая развіваецца па пэўных законах і мае сваю структуру, з’яўляецца ўзрост менавіта адзінаццацікласнікаў. Навуковае даследаванне стварае ўмовы для самаразвіцця і самасцвярджэння вучняў.
Прапанаваная праграма факультатыўных заняткаў прадугледжвае не толькі тэарэтычную частку, якая знаёміць вучняў з этапамі навукова-даследчай работы, відамі і метадамі навуковага даследавання, але і практычную, скіраваную на актывізацыю і ўдасканаленне літаратурна-творчых здольнасцей старшакласнікаў, выпрацоўку ўменняў і навыкаў навукова-даследчай дзейнасці, развіццё іх камунікатыўнай культуры.
У выніку вучань набудзе вопыт самастойнай даследчай дзейнасці, стане аўтарам па меншай меры адной навукова-даследчай работы. Пашырыцца яго літаратурная, камунікатыўная кампетэнтнасць, узбагаціцца агульная культура асобы вучня, з’явяцца дадатковыя магчымасці для яго самарэалізацыі і далейшага самаразвіцця.Сапраўды, на факультатыўных занятках ёсць магчымасць стварыць максімальна камфортныя ўмовы для навучання кожнага вучня. Мабільнасць педагога, яго арыентацыя на вучнёўскія здольнасці і густы прадугледжваюцца кожнай праграмай факультатыву. Кожны факультатыў мяняе характар узаемаадносін настаўніка і вучняў. У залежнасці ад колькасці вучняў, якія наведваюць факультатыўныя заняткі, настаўнік можа спалучаць індывідуальныя кансультацыі з групавой і калектыўнай работай вучняў.
Суадносячы прапанаваны змест з канкрэтнай адукацыйнай сітуацыяй, настаўнік можа сканцэнтравацца на тых тэмах, тым матэрыяле, што ў найбольшай ступені адпавядаюць яго прафесійным інтарэсам, а таксама ўзроўню падрыхтаванасці вучняў. Напрыклад, педагог можа пераразмеркаваць колькасць гадзін, неабходных для засваення і адпрацоўкі на практыцы матэрыялу канкрэтнай тэмы. На сённяшні дзень можна сцвярджаць, што ў навучальных установах роля факультатываў ацэнена высока. І вучні, і бацькі, і, зразумела, настаўнікі перакананы ў карысці факультатыўных заняткаў. Яны значна пашыраюць магчымасці школьнікаў, дапамагаюць будаваць індывідуальную траекторыю развіцця для кожнага, таму прымушаць наведваць той ці іншы факультатыў не трэба. Цяперашнія вучні, асабліва старшакласнікі, у большасці сваёй маюць дакладныя мэты, а таму матываваныя на добрую вучобу.
У сувязі з гэтым вельмі актуальнымі сталі міжшкольныя факультатывы і рэсурсныя цэнтры, якія найперш даюць магчымасць разнастаіць, а таксама і паглыбіць падрыхтоўку алімпіяднікаў і павучыцца ў прызнаных педагогаў. І, канечне, шэраг факультатываў, якія носяць абагульняючы характар, прызначаны непасрэдна для падрыхтоўкі да ўступных іспытаў. Сёння гэта цэнтралізаванае тэсціраванне.
Пераход да профільнага навучання актуалізаваў яшчэ адзін кірунак у арганізацыі школьных факультатываў. Гаворка ідзе аб прафарыентацыйных факультатыўных праграмах. На сёння самым паказальным у гэтым плане з’яўляецца факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, які быў распрацаваны спецыяльна для навучэнцаў педкласаў. Можна меркаваць, што ў найбліжэйшы час з’явяцца праграмы і для іншых профіляў.
Факультатыў у перакладзе з лацінскай мовы — гэта “магчымасць”. Неабавязковы вучэбны курс, які прадастаўляе магчымасць выбару — пачатку вектара школьнага навучання, а затым і прафесійнага самавызначэння, таму, сапраўды, магчымасці факультатыву даюць шанц кожнаму.
Р.S. Дарэчы, згодна з інфармацыяй, выкладзенай на сайце сярэдняй школы № 2 Хоцімска, факультатыўная сетка ў гэтай навучальнай установе дастаткова шырокая. А пра тое, што факультатывы ў школе запатрабаваныя, сведчаць шматлікія перамогі выхаванцаў школы на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях раённага і абласнога ўзроўню. Значыць, вучэбныя традыцыі працягваюцца і развіваюцца.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.