Магчымасці рэсурсных цэнтраў — на карысць педагогаў і навучэнцаў

- 11:44Сацыяльны ракурс

Добрай традыцыяй стала ў сталіцы арганізацыя Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі жнівеньскіх сустрэч з педагогамі. Так і сёлета да пачатку новага навучальнага года ўпраўленнем каардынацыі метадычнай работы праведзена 30 міжраённых і 3 гарадскія секцыі для настаўнікаў-прадметнікаў, у якіх прынялі ўдзел каля трох тысяч педагогаў.

Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы МГІРА Валянціна Леанідаўна Маеўская, асноўная мэта такіх сустрэч — садзейнічаць павышэнню ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў. Для гэтага на міжраённых секцыях супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, аўтары падручнікаў, метадысты МГІРА азнаёмілі педагогаў горада з асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах. Асаблівая ўвага ўдзельнікаў секцый была сканцэнтравана на арганізацыі профільнага навучання, якое прадугледжвае вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Акрамя таго, на секцыях трансліраваўся эфектыўны педагагічны вопыт.
Жывы водгук атрымаў вопыт работы настаўніка геаграфіі гімназіі № 22 Мінска С.П.Шарамета па тэме “Роля інтэграцыі ў навучанні геаграфіі і замежнай мовы высока-матываваных навучэнцаў”. Настаўнікі гісторыі Заводскага, Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў абмеркавалі эфектыўнасць вопыту работы творчай групы, які трансліраваўся на раённай канферэнцыі “Трасцянец — месца смутку. Трасцянец — месца памяці”. Вопыт па выкарыстанні сэрвісаў WEB 2.0. для развіцця іншамоўнай кампетэнцыі навучэнцаў на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі настаўніка-метадыста І.У.Зубрылінай быў прадстаўлены ў гімназіі № 24. Платформай для рэалізацыі вопыту і методыкі рэфлексіўнага навучання, якая ўвасабляецца шляхам чытання артыкулаў, каменціравання, праслухоўвання, прагляду і аналізу аўдыя і відэа, стаў вучэбны блог педагога TEACHING EXTRAS (http://zubrilina.blogspot.com).
Цікавым вопытам з калегамі падзялілася кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі Кастрычніцкага раёна В.У.Аляксеева па выкарыстанні актыўнай ацэнкі, якая дазваляе павысіць якасць ведаў вучняў па прадмеце і матывацыю да больш актыўнага і выніковага ўдзелу ў раённых і гарадскіх конкурсах. Непадробную цікавасць ва ўдзельнікаў міжраённай секцыі па хіміі выклікала выступленне настаўніцы сярэдняй школы № 87 Мінска кіраўніка метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі Партызанскага раёна Г.У. Чалай, якая прадставіла вопыт работы па актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў праз выкарыстанне элементаў праблемнага навучання. Урокі з такімі элементамі даюць магчымасць навучэнцам самім фармуляваць пытанні і шукаць адказы на іх. А вольнае выкладанне думак, разважанне, сумесны пошук ісціны садзейнічае фарміраванню пазнавальнай актыўнасці вучняў.
Удзельнікі секцыі кіраўнікоў школьных метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў Партызанскага, Першамайскага і Савецкага раёнаў азнаёміліся з эфектыўнымі формамі метадычнай работы на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, якія прадставілі педагогі сярэдняй школы № 87 Мінска — намеснік дырэктара С.С.Елісеева і кіраўнік школьнага МА настаўнікаў пачатковых класаў Т.Н.Меляшчэня. У работу з педагогамі ўведзены такія формы, як кірмаш педагагічных ідэй, трэнінг, майстар-клас, педагагічная студыя, метадычны аўкцыён. Выкарыстанне метадаў стварэння спрыяльнай атмасферы, прыёмаў актывізацыі і падрыхтоўкі педагогаў да ўспрымання інфармацыі і ўдзелу ў дыялогу — неад’емная частка кожнага метадычнага мерапрыемства.

***

Жнівеньская міжраённая секцыя настаўнікаў-філолагаў “Асаблівасці выкладання вучэбных прадметаў “Руская мова” і “Руская літаратура” ў 2015/2016 навучальным годзе”, якая аб’яднала педагогаў Партызанскага, Першамайскага і Савецкага раёнаў Мінска, прайшла на базе сталічнай гімназіі № 7. Гэтая навучальная ўстанова была выбрана невыпадкова. Тут працуе зладжаная каманда настаўнікаў-славеснікаў, дзейнічае рэсурсны цэнтр па рускай мове і літаратуры, мэта якога — удасканаленне сістэмы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, азнаямленне педагогаў горада з сістэмай інавацыйнай работы гімназіі. У прыватнасці, тут створаны ўмовы для авалодання настаўнікамі інфармацыйна-камунікацыйнымі кампетэнцыямі, для навучання іх прымяненню сучасных аўдыявізуальных і інтэрактыўных сродкаў і інш. Узначальвае ўстанову Ларыса Леанідаўна Смагіна.
Аб асаблівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу па рускай мове і літаратуры ў новым навучальным годзе расказала метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Таццяна Аляксандраўна Валковіч. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на некаторых змяненнях у змесце вучэбных праграм. Так, з мэтай паляпшэння якасці літаратурнай адукацыі і павышэння чытацкай культуры навучэнцаў з праграмы 5 класа выключаны некаторыя складаныя для ўспрымання навучэнцаў творы (А.Кальцоў “Песня аратага”, М.Някрасаў “Школьнік”) і творы, якія вывучаліся на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі (А.Талстой “Дзяцінства Мікіты”), павялічана колькасць гадзін на вывучэнне твораў, якія патрабуюць больш падрабязнага разгляду, прыцягнення творчых заданняў або вызначаных праграмай для завучвання на памяць ці пераказу (І.С.Тургенеў “Муму”, Х.К.Андэрсен “Снежная каралева” і інш.) і г.д.
Выкладанне ў 10 класе рускай літаратуры на павышаным узроўні прадугледжвае больш глыбокае вывучэнне творчасці выбітных рускіх пісьменнікаў другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя і засваенне тэарэтыка-літаратурных асноў курса. Акцэнтуецца ўвага на вывучэнні мастацкага тэксту з апорай на літаратурную крытыку, пашырана кола твораў і пісьменнікаў (М.Ляскоў “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета”, І.Ганчароў “Абломаў”), павялічаны аб’ём ведаў па біяграфіі пісьменніка, пашыраны спіс мастацкіх тэкстаў, якія прапаноўваюцца для вывучэння і дадатковага чытання. У вучэбнай праграме базавага ўзроўню адбылася істотная разгрузка: паменшана колькасць твораў, якія вывучаюцца, спрошчаны патрабаванні да ведаў і ўменняў навучэнцаў, павялічана колькасць гадзін на вывучэнне аб’ёмных і складаных твораў, якія патрабуюць больш падрабязнага разгляду.
Метадыст аддзела грамадска-гуманітарных і эстэтычных дысцыплін цэнтра вучэбна-метадычнай работы з кадрамі адукацыі МГІРА Валянціна Фёдараўна Круглікава пазнаёміла прысутных з планам павышэння кваліфікацыі педагогаў у 2015/2016 навучальным годзе. Яна падкрэсліла, што павышэнне кваліфікацыі педагогаў павінна адбывацца адзін раз у тры гады, а пацвярджэнне катэгорыі — на працягу 5 гадоў.
Вопытам па выкарыстанні магчымасцей рэсурснага цэнтра ў рабоце з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі падзялілася настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 7 Мінска Алена Анатольеўна Лугаўская. У практыцы работы на вучэбных, факультатыўных, індывідуальных занятках педагог выкарыстоўвае элементы ІКТ. Для задавальнення запытаў дзяцей з рознай матывацыяй прымяняюцца такія сеткавыя праграмы, як база ведаў “Русский язык для школ” і Net op School. У інфармацыйным сховішчы базы ведаў прадстаўлены вучэбныя заданні рознага ўзроўню складанасці. Навучэнцы маюць магчымасць самастойна ствараць падборкі вучэбных матэрыялаў, што асабліва актуальна для тых, хто выбудоўвае самастойную адукацыйную траекторыю. Работа з базай ведаў у спалучэнні з сеткавай праграмай Net op School дазваляе зрабіць адукацыйны працэс інтэрактыўным. Гэтая праграма прадастаўляе педагогу магчымасць са свайго рабочага месца кантраляваць работу кожнага навучэнца, ажыццяўляць рассылку індывідуальных заданняў на камп’ютары, пры неабходнасці арганізоўваць дыялог з выкарыстаннем прыватнага чата, выступаць у ролі кансультанта для навучэнцаў, якія працуюць у індывідуальным рэжыме.
Настаўніца актыўна далучае матываваных навучэнцаў для стварэння наглядных дапаможнікаў для ўрокаў. Выхаванцы А.А.Лугаўской прымаюць удзел у праектаванні будучых урокаў з выкарыстаннем інтэрактыўнай прыстаўкі. Творчым прадуктам навучэнцаў становіцца таксама ілюстрацыйны прэзентацыйны матэрыял да ўрокаў, тэматычны інтэрактыўны слоўнік пэўнай тэмы, складанне бібліятэкі даведачных інтэрнэт-крыніц па зададзенай тэме.
На этапе праверкі і кантролю ведаў значна павышае эфектыўнасць адукацыйнага працэсу і актывізуе пазнавальную дзейнасць выкарыстанне камп’ютарнага тэсціравання з дапамогай сістэмы інтэрактыўнага апытання TB Voting.
Адной з форм індывідуальнага цьютарскага суправаджэння адораных і высокаматываваных вучняў з’яўляецца дыстанцыйнае навучанне. Яно рэалізоўваецца праз традыцыйную электронную пошту, з дапамогай праграмы скайп, якая дазваляе арганізаваць індывідуальныя анлайн-кансультацыі, і праз персанальны блог настаўніка. Такі від работы эфектыўны пры падрыхтоўцы да навукова-практычных канферэнцый. Навучэнцы, якія займаюцца даследаваннем і працуюць у аўтаномным рэжыме, маюць магчымасць тэрмінова звязацца з педагогам. У гэтым рэжыме зручна ажыццяўляць і кантраляваць падрыхтоўку да эпісталярных конкурсаў.
Сістэма работы А.А.Лугаўской прыносіць станоўчыя вынікі. Выхаванцы настаўніцы паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне, а таксама выступаюць на алімпіядах, рознага роду конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях.

* * *

Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь пройдзе жнівеньскі форум педагагічных работнікаў Мінска “Грамадзянская адказнасць, кампетэнтнасць і стваральная актыўнасць маладых — фундамент паспяховага развіцця сталіцы”. У межах форуму будзе працаваць выстава дасягненняў сталічнай адукацыі па трох напрамках: “Поспех выбірае прафесіяналаў”, “Вучыць і вучыцца! Сучасная гарантыя поспеху”, “Стратэгіі адзінай будучыні”, а таксама адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых педагогаў і ўшаноўвання маладых спецыялістаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.