На базе Акадэміі адукацыі прайшла рэспубліканская канферэнцыя “Практычнае прымяненне тэхналогіі “Штучны інтэлект” для павышэння якасці адукацыйнага працэсу”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Мерапрыемства аб’яднала педагогаў-практыкаў, членаў рэспубліканскай творчай групы па выкарыстанні ШІ ў адукацыйным працэсе, удзельнікаў тэматычнага семінара ў Парку высокіх тэхналогій, прадстаўнікоў упраўленняў па адукацыі, рэгіянальных ІРА, раённых і гарадскіх ВМК.
Штучны інтэлект — памочнік педагога
— У эпоху імклівых тэхналагічных змяненняў і адкрыццяў штучны інтэлект стаў часткай нашага жыцця. Ужо не стаіць пытанне, ці трэба прымяняць яго ў адукацыі, — адзначыў, адкрываючы канферэнцыю, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — Мы разумеем, што ўкараненне тэхналогій штучнага інтэлекту адкрывае ўнікальныя магчымасці для павышэння якасці адукацыі і індывідуалізацыі падыходаў, развіцця новых кампетэнцый нашых вучняў.
Гісторыя штучнага інтэлекту пачалася больш паўстагоддзя назад, прайшла дастаткова складаны шлях. Большасць удзельнікаў канферэнцыі апрабавала прымяненне штучнага інтэлекту на практыцы. Ініцыятыва педагогаў — прыклад і доказ таго, што настаўнік павінен актыўна развівацца і выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі для павышэння эфектыўнасці навучання. Мы пераканаліся ў тым, што штучны інтэлект — гэта інструмент для актывізацыі работы, павышэння матывацыі да навучання школьнікаў, памочнік педагога.
Па словах А. Кадлубая, у цяперашні час вучэбнымі праграмамі па прадметах на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі фарміраванне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў у навучэнцаў з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту не рэгламентавана. Вывучэнне міжнароднага вопыту па выкарыстанні ШІ ў адукацыйным працэсе на ўзроўні школы паказала, што нават у развітых краінах, якія распрацоўваюць прадукты штучнага інтэлекту, аднастайных падыходаў да гэтага пытання няма. Улічваючы, што першачарговым крокам для ўкаранення тэхналогіі ШІ ў адукацыйны працэс з’яўляецца навучанне настаўнікаў, Міністэрства адукацыі сумесна з сакратарыятам Парка высокіх тэхналогій правяло шэраг семінараў і сесій. За 9 сесій прайшлі навучанне 150 чалавек практычна па ўсіх прадметах.
Для самастойнага навучання педработнікаў прымяненню штучнага інтэлекту на сайце Акадэміі адукацыі ў раздзеле “Навучанне” створана старонка “Тэхналогіі ШІ”.
Яна будзе дапаўняцца практыкамі педагогаў, лепшымі работамі, дакументамі, якія будуць рэгламентаваць прымяненне гэтых тэхналогій. Вызначаны пералік сэрвісаў, рэкамендаваных для выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Як зазначыў намеснік міністра, гэтае пытанне доўга абмяркоўвалася, адзінага пункту гледжання не было. Праблема ў тым, што тэхналогіі і платформы пастаянна абнаўляюцца і немагчыма прасачыць за гэтым працэсам.
Пра зацікаўленасць педагогаў краіны ў прымяненні тэхналогіі штучнага інтэлекту гавораць наступныя факты. Колькасць пададзеных заявак на рэспубліканскі конкурс метадычных распрацовак, які праводзіць Акадэмія адукацыі, перавысіла 420. У межах анлайн-школы па штучным інтэлекце ў акадэміі быў арганізаваны вэбінар, на які зарэгістравалася больш за 400 удзельнікаў. Аднак усё роўна ўсе жадаючыя не змаглі да яго далучыцца, таму дадзена даручэнне арганізаваць цыкл вэбінараў, каб ахапіць максімальную колькасць педагогаў.
Сінтэз традыцый і інавацый
Да пачатку 2025/2026 навучальнага года Міністэрства адукацыі рыхтуе метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні тэхналогіі ШІ. Дарэчы, праект гэтых рэкамендацый быў прадстаўлены для абмеркавання ўдзельнікам канферэнцыі.
— У далейшым з улікам перспектыў выкарыстання штучнага інтэлекту, вызначаных дзяржавай, мы прапаноўваем у планавым парадку ўнесці змяненні ў вучэбную праграму па прадмеце “Інфарматыка” па ўвядзенні тэм па частцы выкарыстання тэхналогіі штучнага інтэлекту. У інструктыўна-метадычных пісьмах па кожным прадмеце будзе таксама асобны раздзел з рэкамендацыямі па прымяненні тэхналогіі ШІ, — паведаміў Аляксандр Кадлубай.
На ўзроўні прафесійнай падрыхтоўкі кадраў Міністэрства адукацыі таксама не стаіць на месцы. Падрыхтоўка па спецыяльнасці “Штучны інтэлект” ажыццяўляецца ў 3 установах вышэйшай адукацыі: БДУІР, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце і Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Пытанні выкарыстання тэхналогій ШІ вывучаюцца на ІТ-спецыяльнасцях. У РІВШ арганізавана работа па вызначэнні магчымасцей эфектыўнага ўкаранення гэтых тэхналогій у адукацыйны працэс пры падрыхтоўцы спецыялістаў УВА з улікам профілю адукацыі і распрацоўкі ўніфікаванага нарматыўна-метадычнага забеспячэння, метадычных рэкамендацый для ўсіх профіляў адукацыі (медык гэта альбо інжынер) па напрамку ўкаранення тэхналогій ШІ ў адукацыйны працэс і працэдуры атэстацыі навучэнцаў вышэйшай школы.
— Адукацыя будучыні — сінтэз традыцыйных каштоўнасцей і інавацыйных тэхналогій. Разам мы павінны падрыхтаваць навучэнца да жыцця ў свеце, дзе ШІ стане памочнікам у дасягненні ключавой мэты: фарміраванні зрэлай гарманічна развітой асобы, здольнай да творчага і крытычнага мыслення, якая валодае навыкамі эфектыўнага ўзаемадзеяння ў грамадстве. Трэба рухацца наперад, а прафесійная ініцыятыва педагогаў і жаданне развівацца — перадумова поспеху сістэмы адукацыі нашай краіны, — падкрэсліў Аляксандр Кадлубай.
З перавагамі і рызыкамі
Тэхналогіі штучнага інтэлекту з кожным годам усё глыбей пранікаюць у сферу адукацыі. Яны здольны змяніць звыклыя метады і спосабы навучання. Магчымасці штучнага інтэлекту аптымізуюць адукацыйныя працэсы і прымушаюць пераасэнсаваць падыходы да навучання. Пра перавагі і рызыкі штучнага інтэлекту гаварылі загадчык лабараторыі біямедыцынскіх выяў Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Васіль Кавалёў і акадэмічны кіраўнік школы аналізу даных, АНА ДПА “Адукацыйныя тэхналогіі Яндэкса” Аляксей Толсцікаў.
Штучны інтэлект дазваляе адаптаваць вучэбныя матэрыялы і методыкі да індывідуальных патрэб кожнага навучэнца. Гэта спрыяе больш эфектыўнаму засваенню матэрыялу і павышае матывацыю да навучання.
Пры падрыхтоўцы да ўрокаў педагогам можа істотна аблегчыць планаванне і арганізацыю вучэбнага працэсу. Штучны інтэлект дапаможа сэканоміць час настаўнікаў, выконваючы руцінныя задачы, такія як складанне і праверка тэстаў, напісанне раскладу. Гэта вызваляе настаўнікам час для работы над якасцю адукацыі і ўзаемадзеяння з навучэнцамі. ШІ можа быць карысным у арганізацыі выхаваўчай работы, дапамагаючы настаўніку знаходзіць цікавыя ідэі і сцэнарыі мерапрыемстваў.
Да рызык выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту можна аднесці магчымую недакладнасць інфармацыі (састарэлая інфармацыя, неіснуючыя крыніцы). Асабліва павялічваюцца рызыкі выкарыстання тэхналогій ШІ пры рабоце з нацыянальным кантэнтам. З развіццём штучнага інтэлекту ўзнікаюць пытанні аб прыватнасці і абароне даных навучэнцаў. З узрастаючым уплывам штучнага інтэлекту існуе рызыка страты чалавечага фактару ў адукацыйным працэсе. Таму важна знайсці баланс паміж тэхналогіямі і міжасобасным узаемадзеяннем. Ды і настаўнікі павінны авалодаць новымі навыкамі, каб эфектыўна выкарыстоўваць тэхналогіі штучнага інтэлекту ў сваёй рабоце. Падрыхтоўка настаўнікаў становіцца важнай задачай.
На шляху да лічбавай сталасці
Як расказаў дэкан фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ Аляксандр Францкевіч, ва ўніверсітэце вядзецца сістэмная работа па ўкараненні інструментаў штучнага інтэлекту ў адукацыйны працэс. Напрыклад, над гэтым напрамкам працуе студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “8 біт”, дзе распрацоўваюцца і апрабуюцца новыя падыходы да выкарыстання ШІ ў навучанні.
У межах абноўленых вучэбных планаў спецыяльнасцей пакалення 3+ студэнты і выкладчыкі актыўна эксперыментуюць з генератыўнымі ШІ-інструментамі — ChatGPT, YandexGPT, MagicSchool AL, NeuroStart, SberAl. У адукацыйны працэс уключаны модулі па інжынерыі запытаў, лічбавай этыцы, аналізе генерыруемага штучным інтэлектам кантэнту, а таксама па праектаванні ўрокаў з прымяненнем ШІ-тэхналогій.
З бягучага года ва ўніверсітэце рэалізуецца праграма павышэння кваліфікацыі “Тэхналогіі выкарыстання інструментаў штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе”. Ужо праведзены два наборы, навучанне прайшлі 36 педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Сярод іх 95% адзначылі рост цікавасці да лічбавых педагагічных практык, больш за 70% пачалі распрацоўваць аўтарскія методыкі з прымяненнем ШІ. Прычым праграма не абмяжоўваецца асваеннем канкрэтных сэрвісаў штучнага інтэлекту. Важнае месца ў працэсе навучання займае абмеркаванне маральна-этычных пытанняў, звязаных з прымяненнем штучнага інтэлекту ў адукацыі.
Завяршальным этапам навучання становіцца распрацоўка індывідуальнага метадычнага праекта, накіраванага на інтэграцыю інструментаў штучнага інтэлекту ў прафесійную дзейнасць педагога. Вынікам работы з’яўляецца публічная прэзентацыя праекта і атрыманне экспертнай ацэнкі ад прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ. Адзін з прыкладаў — работа педагога-псіхолага Рэчыцкага раённага ліцэя. З дапамогай інструментаў штучнага інтэлекту яна распрацавала сцэнарый і матэрыялы для заняткаў у межах праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, прымеркаванага да Дня сям’і. Створаны план-канспект, практыкаванні, прэзентацыі і відэакантэнт, тэматычна згенерыраваныя з выкарыстаннем ШІ. Звычайны час падрыхтоўкі такога сцэнарыя — 2—3 дні, а з дапамогай ШІ — 3 гадзіны.
У БДПУ асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню лічбавай сталасці будучых педагогаў — здольнасці да ўсвядомленага, бяспечнага і этычна абгрунтаванага выкарыстання лічбавых тэхналогій і ШІ.
— Мы падкрэсліваем: штучны інтэлект — не альтэрнатыва, а партнёр педагога. Гэта сродак пашырэння яго магчымасцей, узмацнення прафесійнай суб’ектнасці і павышэння якасці адукацыі, — адзначыў А. Францкевіч.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА