Магеланы…

- 11:18Культура

Гэтымі днямі ў Еўропе шырока адзначаюць юбілей адной важнай падзеі ў гісторыі чалавецтва — 500-годдзе першага кругасветнага плавання. У Іспаніі, у порце Санлукар-дэ-Барамеда, быў спушчаны велізарны вянок у гонар мараплаўца Фернана Магелана, пад кіраўніцтвам якога 20 верасня 1519 года выйшлі ў мора “Трынідад”, “Сан-Антоніа”, “Санцьяга”, “Кансепсіён” і “Вікторыя”. Удзельнікі экспедыцыі даказалі ўсім людзям, што іх Зямля — круглая. Флатылія прайшла ўздоўж атлантычнага ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі, абагнула так званы Новы свет па праліве, які зараз і вядомы як Магеланаў, і выйшла ў Ціхі акіян. Магелан загінуў у сутычцы з тубыльцамі. А ўся доўгая вандроўка скончылася ў 1522 годзе — дадому вярнулася толькі “Вікторыя” пад камандаваннем Хуана Себасцьяна Элькана…

Кім ён быў, гэты Фернан Магелан? Ён пахо­дзіў з небагатай, але шляхецкай сям’і (бацька быў алькальдам). У 12 гадоў ён стаў слугой у Леаноры Авіскай, жонкі партугальскага караля Жуана ІІ. Але свае абавязкі выконваў дрэнна: замест таго, каб абслугоўваць каралеўскую апякунку, часта збягаў ад яе і засяроджваўся ў сваім пакойчыку на вывучэнні астраноміі і навігацыі. У 1498 годзе, калі партугальцы адкрылі марскі шлях у Індыю, Фернан збег з каралеўскага двара і пайшоў працаваць у флот. Потым было шмат розных жыццёвых сітуацый, у тым ліку цяжкае раненне ў нагу падчас падаўлення паўстання ў Марока, невыносныя перамовы з каралём Партугаліі наконт кругасветнага плавання… Урэшце Фернан зрабіў свой выбар: з’ехаў у Іспанію, дзе і знайшоў магчымасці для задуманай вандроўкі.

Што здарылася ў 1519 годзе, калі ён са сваёй флатыліяй дасягнуў архіпелага Вогненная Зямля ў Паўднёвай Амерыцы? Яны заўважылі агні і падумалі, што гэта наступ­ствы вывяржэння вулкана. Але насамрэч гэта былі індзейцы са сваімі агнямі. Загінуў Фернан у 1521 годзе на востраве Мактан (сучасныя Філіпіны) падчас сутычкі з мясцовым насельніцтвам. Чалавеку, экспедыцыя якога адкрыла нам тое, што Зямля круглая, было 40 гадоў…

…Зрэшты, чаму я так многа кажу пра Фернана Магелана? Вядома, не проста так, бо ў гэты ж час працаваў і наш Магелан — Францыск Скарына. У гэты ж час ён у Празе выдаў Псалтыр (1517), Кнігу Іова (1517), Прытчы Саламона (1517), Ісус Сірахаў (1517), Эклезіяст (1518), кнігу “Прамудрасць Божая” (1518), Першую, Другую, Трэцюю і Чацвёртую кнігі Царстваў (1518), Юдзіф (1519), Быццё (1519), Выхад (1519), Левіт (1519), Рут (1519), Лічбы (1519), Другі закон (1519), Эсфір (1519), Плач Ераміі (1519), Кнігу прарока Данііла (1519) і інш.

І наш Францыск перад гэтым таксама здзей­сніў амаль кругасветнае падарожжа: Полацк, Кракаў, Познань, Падуя…

Гэта два Магеланы — партугальска-іспанскі і беларускі. Проста ў адзін і той жа час яны даказвалі розныя рэчы. Адзін — што Зямля круглая, другі — што кніга плоская і яе можна чытаць люду паспалітаму.

Круглае і плоскае — вечныя каардынаты нашага жыцця, вечныя ракурсы і вымярэнні.

Мікола ЧЭМЕР.