Магілёўская вобласць: апошняя кропля

- 10:39Інфармацыйная гадзіна

Магілёўская вобласць устойліва займае апошнія месцы ў краіне па паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця. Пры гэтым нават напярэдадні рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў рэгіён адказнымі не было прынята дзейсных мер для навядзення парадку.

З пачаткам у краіне веснавых палявых работ кіраўнік дзяржавы традыцыйна наведвае розныя рэгіёны краіны, каб асабіста азнаёміцца і пракантраляваць узровень гаспадарання на зямлі і тое, наколькі эфектыўна на месцах вырашаюцца праблемы, што ўзнікаюць. У цэнтры ўвагі і пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця абласцей, выкананне намечаных планаў.

У час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць 25—26 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся са станам спраў у рэгіёне, наведаў прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу. Агульныя лічбы не ўражваюць: па тэмпах развіцця эканомікі ў 2018 годзе Магілёўская вобласць — на апошнім месцы ў Беларусі (101,6 працэнта), а па выніках студзеня — лютага 2019 года — на перадапошнім (100,7 працэнта). Апошнія месцы ў рэгіёна і ў разрэзе ключавых напрамкаў работы — прамвытворчасць, сельская гаспадарка, экспарт. А ў пачатку бягучага года ў сельгасвытворчасці і экспарце ў прынцыпе зафіксаваны спад аб’ёмаў у параўнанні з аналагічнымі паказчыкамі мінулага года.

Варта нагадаць, што кіраўніку рэгіёна Уладзіміру Даманеўскаму тыдзень назад разам са старшынёй Віцебскага абл­выканкама была аб’яўлена вымова за незабеспячэнне выканання даручэння Прэзідэнта Беларусі аб своечасовай выплаце заработнай платы.

Калі ўсё гэта стала фонам мінулай рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы, то на месцах з-за безгаспадарчасці сітуацыя аказалася не менш засмучальнай. Вядома, ёсць станоўчыя моманты. У тым жа сельгаспрадпрыемстве “Газавік-Сіпакова” ў аграгарадку Дабрэйка, якое наведаў прэзідэнт, вядуць размову аб пашырэнні вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі, шукаюць новыя напрамкі работы, а ў мінулым годзе сярэдняя заработная плата ў гаспадарцы склала амаль Br900. Аднак Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падкрэсліў, што не задаволены развіццём сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці, і паабяцаў прыняць жорсткія меры. “У вас правал па ўсіх напрамках. І прытым не на паўтара-працэнт”, — канстатаваў ён.

“Цэлы віцэ-прэм’ер, які загадвае сельскай гаспадаркай, курыруе Магілёўскую вобласць, упаўнаважаны прэзідэн­та. Памочнік прэзідэнта зубы праеў на сельскай гаспадарцы ў Магілёўскай вобласці. Губернатар самы прагрэсіўны. І вы займаеце апошняе месца. Якую я з гэтага павінен рабіць выснову?” — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што раней адказным службовым асобам даручалася выправіць стан спраў у сельскай гаспадарцы Магілёўскай вобласці, аднак бачных вынікаў няма: “Ім было сказана, у тым ліку і Даманеўскаму: не будзе выпраўлена сітуацыя на працягу года — будзем прымаць меры”.

Істотныя недапрацоўкі адкрыліся і на наступны дзень, 26 сакавіка, пры наведванні малочнатаварнага комплексу “Сліжы” ААТ “Амкадор-Шклоў”, які належыць да аграхолдынга “Купалаўскае”. Аляксандр Лукашэнка абурыўся ўмовамі, у якіх утрымліваюцца жывёлы, а таксама адсутнасцю парадку ў вытворчых памяшканнях. “Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынга, я вас наогул не разумею”, — сказаў ён.

“Колькі комплекс працуе? Два гады? А мне здаецца, што гадоў дзесяць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Тут ніколі ніхто не прыбірае па-чалавечы”.

У такім жа стане прэзідэнт застаў і мехдвор гаспадаркі: закінутая тэхніка ў ангарах, металалом, раскіданыя запчасткі і абсталяванне, якое патрабуе рамонту. “Вакол могілкі — што на вуліцы, што пад дахам”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. І гэта нягледзячы на тое, што напярэдадні тэрыторыю правяраў кіраўнік аграхолдынга і там наводзілі парадак.

На мехдвары ў неналежных умовах захоўваецца непрацуючая тэхніка, якую не могуць адрамантаваць ужо некалькі гадоў, ён захламлены металаломам і старымі запчасткамі. У ангарах — куча зламанага абсталявання. Як аказалася, некаторую тэхніку купілі нядаўна, аднак не выкарыстоўвалі, з цягам часу яна стала непрыдатнай.

У выніку Аляксандр Лукашэнка даручыў зняць з пасад усіх вінаватых і ўзбудзіць крымінальныя справы: “Каб на стале ляжаў спіс усіх, што мяне тут суправаджаў. Акрамя губернатара і іншых, тут яшчэ былі канкрэтныя людзі, якія павінны былі за гэта адказваць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Леанід Васілье­віч (Леанід Анфімаў, старшыня Камітэта дзяржкантролю. — Заўв.БелТА.), узбудзіць крымінальную справу з усёй строгасцю закона. Вінаваты — наручнікі і адразу ў следчы ізалятар”.

27 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указы, якія прадугледжваюць прыняцце шэрага кадравых рашэнняў: Міхаіл Русы вызвалены ад пасады намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі, Уладзімір Даманеўскі вызвалены ад пасады старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, Леанід Заяц вызвалены ад пасады міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

На памочніка прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўранкова ўскладзена выкананне абавязкаў старшыні Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта.

Па іншых службовых асобах Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі прэзідэнта ўнесці прапановы ў найбліжэйшы час.