Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у скарбонцы педагогаў установы 52 пераможныя дыпломы ліцэістаў і вучняў класаў сумеснага навучання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Настаўніца біялогіі Юлія Георгіеўна Шайтанава разам са сваімі таленавітымі вучнямі Хрысцінай Шабуравай, Настассяй Івіцкай, Максімам Белахвоставым і Настассяй Атліванчык
— Бліскучыя веды нашы вучні дэманструюць рэгулярна. На працягу многіх гадоў яны паспяхова ўдзельнічаюць ва ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды і ў міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. За высокія паказчыкі ў раскрыцці дзіцячых талентаў наш калектыў быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі, занесены на абласную і неаднаразова на рэспубліканскую Дошку гонару, — паведаміў дырэктар Канстанцін Грыгаровіч.
Па яго словах, дасягаць такой выніковасці атрымліваецца праз якасць арганізацыі адукацыйнага працэсу. Сёння ліцэй аснашчаны самым сучасным вучэбным абсталяваннем. У распараджэнні вучняў і педагогаў добра абсталяваныя лабараторыі і кабінеты, прылады і тэхніка. Для работы з адоранымі вучнямі прадугледжаны факультатыўныя і дадатковыя заняткі. Акрамя таго, навучэнцы маюць магчымасць наведваць заняткі абласных рэсурсных цэнтраў і выкладчыкаў МДУ імя А.А.Куляшова.
— Найважнейшы складнік развіцця вучнёўскіх здольнасцей — настаўнікі. Нашы педагогі — выключныя прафесіяналы, якія прымяняюць асобасны падыход да ўсіх навучэнцаў, стараюцца акрыліць іх, падтрымаць у памкненнях. Гэта дапамагае дзецям паверыць у свае магчымасці, — адзначыў Канстанцін Міхайлавіч.
Работа ў такім ключы прыносіць адпаведны плён. Штогод колькасць ліцэістаў, хто хоча прыняць удзел у рэспубліканскай алімпіядзе, узрастае. Алімпіядны рух тут носіць масавы характар. Сёлета свае веды на трэцім этапе алімпіяды паказвалі 97 навучэнцаў, з іх 52 аказаліся ў ліку пераможцаў.
— Дыпломы заваяваны па 15 вучэбных прадметах. Сярод іх не толькі профільныя, але і геаграфія, інфарматыка, руская і беларуская мова, гісторыя. Найбольшая колькасць перамог у вучняў настаўніцы біялогіі Юліі Георгіеўны Шайтанавай. Яе выхаванцы атрымалі адразу сем прызавых дыпломаў. Навучэнцы настаўніцы англійскай мовы Вольгі Уладзіміраўны Хамяковай вызначыліся пяццю дыпломамі. Па чатыры дыпломы ў навучэнцаў настаўнікаў фізікі Сяргея Вячаслававіча Шыбекі і Святланы Іванаўны Варапаевай, настаўніцы грамадазнаўства Юліі Іванаўны Аўрамавай, настаўніцы геаграфіі Анжэлы Уладзіміраўны Карнеевай, настаўніцы інфарматыкі Валянціны Іванаўны Чыж, — расказаў Канстанцін Грыгаровіч.
Ва ўсіх педагогаў ліцэя свае алгарытмы падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд. Аднак ёсць і агульныя фактары: камандная работа, ранняе выяўленне таленавітых дзяцей.
Падрыхтоўка да алімпіяды — гэта штодзённая карпатлівая праца
— Чым раней атрымаецца пачаць працаваць са здольным вучнем, тым больш шансаў на поспех. Вучняў, якіх цікавіць біялогія, заўважаю яшчэ на вучэбных курсах для паступлення ў ліцэй. Пасля шмат увагі ўдзяляю стварэнню праграмы, па якой працуе каманда. Матэрыял падаю лаканічна, каб дзецям было лягчэй засвоіць вялікі аб’ём тэарэтычнай інфармацыі. Упор раблю не на лекцыі, а на разбор тэм за круглым сталом. Вельмі дапамагае рыхтаваць навучэнцаў таксама абласны рэсурсны цэнтр, узаемадзеянне з калегамі, — падзялілася настаўніца біялогіі Юлія Шайтанава.
А на думку настаўніцы англійскай мовы Вольгі Хамяковай, аснова выдатнага выступлення на алімпіядзе — працавітасць, упартасць, вера навучэнцаў у сябе і іх давер свайму педагогу.
Настаўніца англійскай мовы Вольга Уладзіміраўна Хамякова і яе вучнёўскія зорачкі — Аляксандра Дзедзінец, Кіра Церашчук, Настасся Асіпенка, Злата Вераб’ёва і Ірына Краўчанка
— За перамогай на алімпіядзе стаяць штодзённыя гадзіны карпатлівай працы. Мы ў пастаянным кантакце з вучнямі. Сустракаемся на дадатковых занятках, разбіраем іх самастойную дзейнасць. Пры падрыхтоўцы працую з дзецьмі як персанальна, так і талакой. Заўсёды арыентую на ўдзел у лінгвістычных конкурсах, бо яны павінны ўмець прымяняць назапашаны багаж ведаў. Ніколі не трымаю дзяцей у рамках, даю праявіцца: мае дзевяцікласніцы годна выступаюць на алімпіядах за 10 клас. Не забываюся пра падтрымку ад бацькоў і фарміраванне псіхалагічнай устойлівасці. Гэта і дазваляе навучэнцам дасягаць алімпіядных вышынь, — запэўніла Вольга Хамякова.
МДАЛ № 3 даўно займае першыя пазіцыі ў алімпіядным рэйтынгу Магілёўшчыны. Педагагічны калектыў працягвае ўдасканальваць работу ў гэтым кірунку.
— Паступальнымі крокамі ідзём да паляпшэння якасці адукацыі, укараняем новыя метады работы з адоранымі дзецьмі. Сваёй галоўнай мэтай бачым самарэалізацыю кожнага вучня, — падкрэсліў дырэктар навучальнай установы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ