Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле

- 10:38Актуально, Апошнія запісы

Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча адзначыла наваселле. Урачыстае пастраенне, прысвечанае адкрыццю новай вучэбнай базы і 16-годдзю з дня ўтварэння ўстановы, прайшло 8 лістапада. Цяпер у распараджэнні курсантаў з’явіліся абноўлены 4-павярховы корпус з прасторнымі класамі і сучасным мультымедыйным абсталяваннем, асобны інтэрнат з камфортнымі жылымі памяшканнямі, спартыўная база, у тым ліку вучэбны пляц і адкрыты стадыён, уласная сталовая.

Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле. Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле. Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле.Знаваселлем адміністрацыю, педагагічны калектыў і выхаванцаў вучылішча павіншавалі прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады, шэрага сілавых структур і ведамстваў, органаў дзяржаўнай бяспекі, грамадскіх арганізацый. У якасці ганаровага госця мерапрыемства наведаў старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Алегавіч Сукала.

“Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча — адно з найстарэйшых у Беларусі, — падкрэсліў ён. — Установа з’яўляецца піянерам ў развіцці кадэцкага руху ў нашай краіне і за час сваёй працы зарэкамендавала сябе толькі з лепшага боку. Адкрыццё новай, сучаснай, добра абсталяванай вучэбнай базы пашырыць яго магчымасці ў частцы паляпшэння фізічнай падрыхтоўкі выхаванцаў, павышэння якасці іх навучання і камфорту пражывання”.

Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле. Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле. Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле.Валянцін Алегавіч пажадаў хлопцам паспяхова вучыцца, з гонарам і годнасцю несці высокае званне кадэта, а ў перспектыве стаць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, патрыётамі і абаронцамі Айчыны. Ад Вярхоўнага Суда навучальнай установе быў перададзены комплекс спартыўных трэнажораў. У вучылішчы гэтаму падарунку вельмі рады, бо кадэты праходзяць не толькі агульнаадукацыйную падрыхтоўку, але і спецыяльную – ваенную, якая патрабуе ўзмоцненага фізічнага развіцця.

“Адкрыццё новага корпуса Магілёўскага кадэцкага вучылішча — знакавая вяха ў гісторыі і станаўленні гэтай навучальнай установы, — адзначыў намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Міхайлавіч Кунцэвіч. — Больш за тое, гэта толькі пачатак вялікай карпатлівай працы па далейшым удасканаленні і ўладкаванні новай базы, на абнаўленне якой за апошнія два гады было накіравана больш за 1,5 млн рублёў”.

Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле. Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле. Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле.Ён выказаў падзяку ўсім, хто меў дачыненне да абнаўлення гэтай базы, а таксама перадаў дырэктару кадэцкага вучылішча палкоўніку Юрыю Аркадзьевічу Грышанаву сертыфікат ад Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта на суму 50 тысяч беларускіх рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Андрэй Міхайлавіч не пакінуў без увагі і выхаванцаў установы адукацыі, накіраваўшы ў іх адрас свае слушныя пажаданні. “На вашых плячах пагоны, няхай пакуль яшчэ не афіцэрскія — кадэцкія, а да чалавека ў пагонах ва ўсе часы ў нашым грамадстве было асаблівае стаўленне, — звярнуўся ён да кадэтаў. — На іх заўсёды ўскладаўся абавязак быць прыкладам для іншых, апорай і абаронай для слабых, надзеяй і гонарам сваёй краіны, сваёй Айчыны. Заўсёды памятайце пра гэта”.

Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле. Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле.Падчас урачыстага пастраення былі адзначаны выкладчыкі і навучэнцы навучальнай установы. Так, медалём “100 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” узнагаро-джаны дырэктар абласнога кадэцкага вучылішча палкоўнік Юрый Аркадзьевіч Грышанаў, а таксама яго намеснік па ваеннай падрыхтоўцы — маёр Юрый Уладзіміравіч Філатаў. Рашэннем Рэспубліканскага савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў за ўзорную вучобу і дысцыпліну, адданасць кадэцкаму братэрству і яго традыцыям, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці вучылішча медалём “За служэнне Радзіме з дзяцінства” ўзнагароджаны старшыя віцэ-сяржанты Дзмітрый Ломжа і Дзмітрый Сіліч. Таксама былі ўручаны граматы і каштоўныя падарункі ад ваеннага камісарыята вобласці, вайсковай часці 72471, абласнога камітэта БРСМ.

Відовішчным падарункам для ўсіх кадэтаў сталі паказальныя выступленні атрада міліцыі асобага прызначэння ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама і супрацоўнікаў кіналагічнага цэнтра вайсковай часці 6713.

Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле.Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча пераехала з вуліцы Карла Маркса на вуліцу Касманаўтаў — у будынак, дзе раней быў прафесійны ліцэй № 5. Памяшканні адрамантавалі, тэрыторыю прывялі ў парадак, закупілі мэблю і неабходнае абсталяванне. З моманту заснавання вучылішча размяшчалася ў цэнтры горада, аднак пры ўсёй зручнасці транспартных камунікацый вельмі не хапала плошчаў, і не толькі вучэбных. Так, дзеці жылі над класамі па цэлым узводзе — 22 чалавекі ў адным кубрыку, не было стадыёна, паўнавартаснай актавай залы, уласнай сталовай.

Зараз жа ў распараджэнні навучальнай установы знаходзіцца 5 гектараў зямлі. Кадэты жывуць у асобна ўладкаваным інтэрнаце, у кожным пакоі якога размяшчаецца не больш за 3 чалавекі. Акрамя таго, з’явіўся прасторны і цёплы вучэбны корпус, сталовая на 180 месцаў, актавая і спартыўная залы, стадыён і пляц. У найбліжэйшых планах — далейшае развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Тут будзе абсталяваная зала адзінаборстваў, бо на сёння ўсе кадэты абавязкова займаюцца рукапашным боем, з’явіцца зала агнявой падрыхтоўкі, прызначаная для балістычных заняткаў. Яна будзе падзелена на дзве часткі: у адной будуць праходзіць заняткі па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, у другой будзе дзейнічаць лазерны цір. На стадыёне з’явіцца паласа перашкод.

Фота да матэрыяла: Магілёўскія кадэты адсвяткавалі наваселле.Акрамя таго, з’явяцца трэнажорная зала і зала харэаграфіі, бо бальнымі танцамі таксама займаюцца 100% кадэтаў. Адмяняць гэтую дысцыпліну ніхто не збіраецца: кіраўніцтва вучылішча ўпэўнена, што кожны будучы афіцэр павінен умець вальсаваць. Таксама ў перспектыве — абсталяваныя зала дасягненняў навучальнай установы і музейны пакой, у якім можна будзе даведацца пра асноўныя этапы зараджэння і станаўлення кадэцтва ў Беларусі, пазнаёміцца з гісторыяй стварэння Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча.

Згаданая ўстанова адукацыі створана ў 2002 годзе ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як абласная кадэцкая школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З цягам часу тут сталі выхоўваць будучых абаронцаў Айчыны — тых, хто будзе адказваць за нацыянальную бяспеку нашай краіны. Сёння тут вучацца 152 юнакі ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў з Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Іх набіраюць у 8-я і 10-я класы з тэрмінам навучання 4 і 2 гады адпаведна. Конкурс на паступленне ў старшыя класы даходзіць да 7 чалавек на месца. Будучыя кадэты праходзяць псіхалагічны адбор, здаюць дыферэнцыраваны залік па фізічнай падрыхтоўцы і 2 пісьмовыя экзамены — матэматыку і дыктоўку па рускай альбо беларускай мове на выбар.

Ад звычайнай школьнай праграмы навучанне ў гэтым вучылішчы адрозніваецца ўзмоцненай фізічнай і ваеннай падрыхтоўкай. Акрамя таго, выхаванцы пастаянна пражываюць на тэрыторыі ўстановы. Трапіць дадому на выхадныя яны могуць раз у 2 тыдні і толькі пры ўмове адсутнасці ў дзённіку дрэнных адзнак і заўваг па паводзінах.

Традыцыйна выпускнікі вучылішча падаюць дакументы ў сілавыя ўстановы вышэйшай адукацыі — Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Акадэмію МУС, Ваенную акадэмію… Пры сярэднім бале атэстата не ніжэйшым за 7 юнакі маюць права залічэння ў згаданыя навучальныя ўстановы без здачы цэнтралізаванага тэсціравання, удакладніў Юрый Аркадзьевіч Грышанаў. Тым не менш былыя кадэты выбіраюць і цалкам грамадзянскія прафесіі: яны становяцца студэнтамі медыцынскіх універсітэтаў, БДУ, БДУІР і інш. Дарэчы, узровень паступлення выпускнікоў кадэцкага вучылішча ў вышэйшыя навучальныя ўстановы даволі высокі і за апошнія гады не апускаўся ніжэй за 80%.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.