Магія формул

- 11:21Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У чэрвені ў заслаўскай сярэдняй школе № 2 імя М.К.Пуцейкі праходзіць кругласутачны лагер хіміка­-біялагічнага кірунку “Малекула”. Настаўніца хіміі Вольга Дземяшкевіч актыўны ўдзельнік яго мерапрыемстваў. 

Свая праграма тут прадугле­джана для дзяцей, якія яшчэ не вывучалі хімію, і для тых, хто ўжо знаёмы з гэтай навукай.

Дзяцей у лагеры чакаюць інтэлектуальныя гульні і квесты, практычная работа, доследы і эксперыменты, абарона праектаў. Так, вучні, якія ўжо вывуча­юць хімію, правядуць практычную работу па вырошчванні крышталяў з меднага купарвасу. Зробяць нарыхтоўку, а ў пачатку навучальнага года прынясуць крышталь, які вырасце ў іх за два месяцы, і атрымаюць адзнаку ў журнал. 

— Хімія — гэта навука аб рэчывах і іх ператварэннях, настолькі незвычайная, што для многіх здаецца цудам, — адзначае педагог. — Напрыклад, з вугалю, які спальваюць, каб атрымаць цяпло, вырабляюць лекі, фарбы, ручкі, тканіны, пластмасы. А з нафты — літаральна ўсё: ежу, вопратку, прадметы побыту. 

Зразумела, што юныя аматары хіміі хочуць убачыць сапраўдныя цуды. З чаго ж па­чаць? У народзе ёсць такая прымаўка: “Дыму без агню не бывае”. На самай справе, бывае. Возьмем дзве хімічныя шклянкі. Адну спаласнём канцэнтраваным растворам аміяку, другую — канцэнт­раванай салянай кіслатой. Пры іх злучэнні ўтворыцца густы дым NH4CI (хларыд амонію). 

Яшчэ адзін цуд пад назвай “Фараонавыя змеі”: таблетку глюканату кальцыю пакласці на сухое гаручае і падпаліць. Можна ўбачыць і вывяржэнне вулкана ў мініяцюры. На прыгатаваную з кардону мадэль гары з бляшаным “кратарам” зверху насы­паць (NH4)2Cr2O7 (дыхрамат амонію) і падпаліць. Прама ў кабінеце хіміі можна правесці і медыцынскую аперацыю, пасля якой не застанецца нават следу.

Аднаму з назіральнікаў з класа праціраюць руку ваткай, змочанай растворам хларыду жалеза (III) FeCI3 (можна сказаць, што гэта ёд, бо гэта падобна па колеры). Затым бяруць тупы нож, апускаюць (як быццам для дэзынфекцыі) у раствор NH4SCN (раданіду амонію) або KSCN (раданіду калію), а затым право­дзяць ім па руцэ, апрацаванай хларыдам жалеза. У месцы судакранання нажа са скурай імгненна з’яўляецца чырвоная (“крывавая”) паласа. Ствараецца ўражанне, што руку парэзалі і з’явілася кроў. Затым тампонам ваты, змочаным у растворы NaF (фтарыду натрыю), право­дзяць па “парэзе” і “рана” імгненна знікае. А можна атрымаць “малако” з вады. Але піць яго нельга, як і ўвогуле катэгарычна нельга каштаваць рэчывы ў хімічным кабінеце. Бяром шклянку з растворам ВаCl2 (хларыду барыю) і шклянку з растворам Н2ЅО4 (сернай кіслаты). Змешваем раствор і атрымліваем “малако”. 

Усе дзеці імкнуцца пахімі­чыць самі. Галоўнае, выкон­ваць правілы бяспекі. Можна ўзяць павараную соль, змяшаць яе з пяском і глінай і паспрабаваць ачысціць: правесці растварэнне, фільтраванне і выпарванне. Або да аміячнага раствору аксіду серабра ў чыстай прабірцы даліць 10-працэнтны раствор глюкозы і злёгку нагрэць. Хутка ўтворыцца роўны бліскучы пласт серабра. Пры пераліванні раствору глюкозы ў аміячны раствор спачатку ўтвараецца цёмны асадак, ён не пера­шкодзіць утварэнню сярэбранага люстэрка пры раўнамерным награванні сумесі. З дапамогай такой рэакцыі даўней выраблялі люстэркі.

Вольга Эдуардаўна — мама траіх дзяцей. Яна прызнаецца, што кожны раз, выходзячы з дэкрэтнага водпуску, адчувае сябе маладым спецыялістам, быццам усё пачынае зноўку. 

— Прыходжу на работу праз тры гады, а тут ужо і вучэбная праграма абнавілася, і вучні сталі крыху іншымі. Сёння многія імкнуцца вучыцца “на лайце”, — гаворыць Вольга Эдуар­даўна. — Апошнім часам даводзіцца весці барацьбу са спісваннем, дзеці сталі больш умела гэта рабіць з дапамогай сучасных гаджэтаў. На ўроках часам адказваю на пытанне аб тым, навошта патрэбна хімія. Калі на паглыбленым узроўні яна не ўсім неабходна, то базавы курс трэба ведаць кожнаму. Бо ўсё, што нас акружае, складаецца з хімічных рэчываў: мы імі дыхаем, іх п’ём, ядзім, імі мыемся і прыводзім сябе ў парадак. Калі мы не ведаем хіміі, мы не ведаем жыцця. 

Патрабую ад дзяцей сапраўдных ведаў, каб яны маглі імі карыстацца. Атрымаць добрую адзнаку ў мяне нялёгка. Але, калі дзіця імкнецца ведаць, то мы заўсёды знаходзім кампраміс. Ад сябе ў метадычным плане патрабую не менш. Раней на ўроках часта выкарыстоўвала гульнявую тэхналогію, а зараз галоўнае— візуалізацыя. На першым уроку ў 7 класе, як толькі пачынаецца курс хіміі, праводжу з дзецьмі невялікую лабараторную работу. Даю ім пясочак, алей, соль і ваду. Кожнае рэчыва яны спрабуюць растварыць у ва­дзе і растлума­чыць атрыманы вынік. Дзякуючы выкарыстанню на ўроках інтэрнэтрэсурсаў, удаецца пака­заць многае. 

Цікавасць да такога складанага прадмета, як хімія, прыходзіць не адразу. Дзяцей трэба ўцягнуць, улюбіць у хімію, і чым раней, тым лепш. У гэтым падчас навучальнага года Вользе Эдуардаўне дапамагаюць старшакласнікі. Для вучняў пачатковай школы яны прапануюць гульні, разгадванне рэбусаў на хімічную тэматыку, а для шасцікласнікаў пад кіраўніцтвам педагога право­дзяць займальныя доследы. Нядаўна Вольга Эдуардаўна стала старшынёй школьнага навуковага таварыства вучняў “Пошук і творчасць”, плануе разам з вучнямі новыя цікавыя доследы, падрыхтоўку да даследчых конкурсаў. Прыгожых ідэй чакае ад дзяцей.

Надзея ЦЕРАХАВА.