Магія кухарскага майстэрства

Гатаванне ежы — гэта быццам магія: з асобных прадуктаў, у кожнага з якіх свой смак, атрымліваецца смак новы, непаўторны; прадукты мяняюць свой выгляд і форму і становяцца нечым іншым. Смак і водар страў могуць выклікаць у чалавека розныя эмоцыі, прымусіць радавацца і смуткаваць, успомніць нешта або забыцца пра ўсё на свеце на некаторы час. З-за таго, што справа гэта штодзённая, мы рэдка заўважаем гэтыя цуды. Аднак успамінаем пра магію кухарскага майстэрства, калі даводзіцца сустракацца з работай прафесіяналаў. Такім прафесіяналам з’яўляецца Алена Станкевіч. Сваёй кулінарнай магіяй яна зачаравала журы міжнароднага конкурсу. І гэтай магіяй яна штодзень дзеліцца з іншымі: дзяўчына працуе майстрам вытворчага навучання ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы.

Алена Станкевіч.

Крутон і нуазэт

Сваё выключнае майстэрства Алена Станкевіч прадэманстравала восенню на Міжнародным кулінарным кубку — 2020, які праходзіў у рамках Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выставы-кірмашу “ПрадЭкспа-2020”. Варта адзначыць, што гэта першы прафесійны конкурс, у якім дзяўчыне давялося ўдзельнічаць. Спаборнічала Алена ў намінацыі, дзе выступалі прафесіяналы. Пры гэтым сама яна перайшла ў гэтую катэгорыю зусім нядаўна — усяго за некалькі месяцаў да конкурсу скончыла каледж. Аднак яе ўзровень быў настолькі высокі, што дзяўчына заваявала “золата”!

Алена прадставіла свае работы ў намінацыі “Закускі”. У адпаведнасці з патрабаваннямі спаборніцтва яна гатавала пяць унікальных у сваім родзе страў. Прычым яны павінны былі адпавядаць моднаму кулінарнаму кірунку Finger food. З англійскай мовы назва перакладаецца як “ежа пальцамі”. Гэта прадугледжвае, што стравы павінны быць маленькімі — не большымі за 15—20 грамаў — і зручнымі для таго, каб есці іх без сталовых прыбораў, проста рукамі. На суд прафесійнага журы Алена прадставіла неверагодныя закускі: глазураванае фуа-гра на гарбузовым крутоне ў вішнёва-духмянай глазуры з тварожным крэмам; міні-эклеры з мусам з фарэлі ў спалучэнні з чорнай ікрой; нуазэт з бурака на падушцы з казінага сыру ў спалучэнні з карамелізаваным кумкватам; крэветка ў хрумсткай абалонцы з пікантным гелем. Згадзіцеся, гэта нават гучыць складана, а што ўжо гаварыць пра выкананне! Усе стравы былі яшчэ і прыгожымі — яны спалучаліся адно з адным па знешнім выглядзе. 

— Для мяне вялікі гонар прадстаўляць наш каледж, я старанна рыхтавалася, адпрацоўвала ўсе тэхнікі, якія планавала прадставіць на конкурсе. Мне дапамагала рыхтавацца каманда калег. Я лічу, што гэта наша агульная перамога, — падкрэслівае Алена.

У Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы вядзецца падрыхтоўка на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі кухараў, кандытараў, барменаў, афіцыянтаў, прадаўцоў, кантралёраў-касіраў, аператараў для хімічнай вытворчасці. Установа прапануе прадоўжыць навучанне і атрымаць на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі спецыяльнасць “Таваразнавец” або “Тэхнік-тэхнолаг”. Для эфектыўнага навучання дзейнічаюць сучасныя вучэбныя кабінеты, вытворчыя майстэрні, лабараторыі інфармацыйных тэхналогій і лабараторыя гатавання гарачых страў, рэсурсны цэнтр. Працуюць бібліятэка, танцавальная зала, музей, сталовая, навучэнцам прадастаўляюцца месцы ў інтэрнаце. Пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі выпускнікі маюць магчымасць паступаць у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання і ў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы на скарочаную форму навучання.

Каледж з некалькі гадоў запар займае першае месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы сярод прафесійна-тэхнічных каледжаў.

Дарэчы, навучэнцы і супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа пастаянна ўдзельнічаюць і перамагаюць у прафесійных конкурсах. Напрыклад, разам з Аленай у рамках выставы-кірмашу “ПрадЭкспа” ў гэтым годзе ў спаборніцтвах кандытараў удзельнічалі навучэнка каледжа Ксенія Патрэпка і майстар вытворчага навучання Злата Шпак. Яны заваявалі сярэбраны і бронзавы медалі адпаведна. Навучэнцы каледжа некалькі гадоў запар становяцца лідарамі на абласным этапе і заваёўваюць медалі на рэспубліканскім этапе конкурсу прафесійнага майстэр­ства WorldSkills Belarus у кампетэнцыях “Рэстаранны сэрвіс”, “Кулінарнае мастацтва”, “Кандытарскае мастацтва”. Ёсць значныя дасягненні і на міжнародным узроўні. Ва ўстанове склалася свая сістэма падрыхтоўкі да прафесійных конкурсаў, дзейнічаюць спецыяльныя творчыя групы, якія дапамагаюць будучым канкурсантам адточваць сваё майстэрства.

Захапленне ператвараецца ў прафесію

Алену Станкевіч заўсёды прывабліваў працэс гатавання страў. Яна падыходзіла да гэтай справы з душой — магла доўгі час сядзець ля пліты, з нецярплівасцю чакаючы моманту, калі можна будзе пакаштаваць вынікі сваіх намаганняў. Было мноства рэцэптаў, эксперыментаў і радасці ад любімага занятку. Калі прыйшоў час для прафесійнага выбару, дзяўчына падышла да яго ўзважана і сур’ёзна, разглядаючы розныя варыянты. І, канечне, варыянт стаць кухарам быў адным з першых і ў выніку перамог. Алена вырашыла сваё захапленне зрабіць справай жыцця. Так яна апынулася на парозе Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа.

На конкурсе разам з калегай Златай Шпак і членам журы А.Чыкілеўскім.

У каледжы талент і захапленне Алены пачалі ператварацца ў прафесійныя навыкі.

— Мне вельмі падабалася вучыцца, — расказвае Алена. — Кожны дзень мы атрымлівалі вялікую колькасць новых ведаў. Выкладчыкі, майстры вытворчага навучання каледжа ўмеюць усё растлумачыць зразумела, даступна. Навыкі адразу адпрацоўвалі ў лабараторыі. Дарэчы, лабараторыі і кабінеты ў каледжы аснашчаны сучасным абсталяваннем, што таксама спрыяла паспяховаму навучанню.

У выніку Алена, як і яе аднакурснікі, набыла ўсе неабходныя навыкі для работы кухарам. Дзяўчына вырашыла прадоўжыць навучанне ў каледжы на другой ступені. Яе веды значна пашырыліся. Акрамя непасрэдна кухарскіх навыкаў, атрымлівала веды аб бухгалтарскім уліку, эканоміцы, асаблівасцях сусветных кухань. Паралельна падрыхтоўцы па асноўнай спецыяльнасці на другой ступені навучэнцы каледжа могуць атрымаць дадатковую кваліфікацыю афіцыянта. Гэтай магчымасцю скарысталася і наша гераіня.

— Гэта цудоўная ідэя — вывучыць галіну грамадскага харчавання з розных бакоў. Думаю, гэта правільны падыход — імкнуцца даведацца як мага больш аб сваёй справе, не прос­та выконваць набор аперацый, а мець глыбокае разуменне таго, як наладжаны працэс. Менавіта гэта робіць работніка прафесіяналам, — разважае дзяўчына.

Навучанне падыходзіла да завяршэння, і Алена ўжо ў думках рыхтавалася адправіцца па размеркаванні на адно з харчовых прадпрыемстваў, калі раптам атрымала прапанову застацца ў каледжы працаваць майстрам вытворчага навучання. Для дзяўчыны гэта было даволі нечакана, але радасна.

Безумоўна, малады спецыяліст вельмі хвалявалася, прыступаючы да работы, аднак справілася і з хваляваннем, і з работай. Ёй дапамагае трывалы падмурак ведаў, а таксама добразычлівае акружэнне, у якім яна працуе. У каледжы склаўся творчы, згуртаваны калектыў. Узаемаадносіны паміж яго ўдзельнікамі будуюцца на аснове супрацоўніцтва і ўзаемаразумення, таму і любая справа тут ладзіцца. Алена добра памятае заняткі сваіх выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, абапіраецца на іх вопыт работы. Упэўненасці надае і тое, што калегі, якія побач, заўсёды гатовы дапамагчы і падказаць, калі ёсць нейкія пытанні ці праблемы.

Добра працуецца і дзякуючы матэрыяльнай базе, якая створана ў каледжы. Напрыклад, дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”. Тут сабраны лепшыя ўзоры сучаснай тэхнікі: шафа шокавай замарозкі, шматфункцыянальная патэльня, у якой можна запякаць, смажыць у фрыцюры, гатаваць супы і салодкія стравы, параканвектамат з рэжымам начнога гатавання, грыль з інфрачырвоным нагрэвам і мноства іншых прыстасаванняў.

Паралельна з работай Алена працягвае навучанне — паступіла на завочнае аддзяленне Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання”.

Хоць Алена працуе яшчэ зусім нямнога, у яе ёсць свае падыходы да работы. Найперш яна імкнецца, каб навучэнцам на занятках было камфортна, лічыць важным наладжванне кантакту з імі. Майстар вытворчага навучання шчыра цікавіцца жыццём навучэнцаў: пра што яны думаюць і аб чым мараць, чым захапляюцца і што ім падабаецца. Алена стараецца даведацца як мага больш аб навучэнцах, зразумець іх. Гэта дапамагае заўважаць, калі ў іх з’яўляюцца праблемы і цяжкасці, і хутка іх вырашаць.

— Дрэнныя паводзіны і дрэнная вучоба зусім не азначаюць, што сам чалавек дрэнны. У такіх з’яў заўсёды ёсць глыбінныя прычыны, іх і стараюся вызначыць. Для гэтага падтрымліваю кантакт не толькі з самімі навучэнцамі, але і з іх сябрамі і бацькамі, выкладчыкамі, якія з імі працуюць, — расказвае малады спецыяліст.

Не менш важным лічыць майстар вытворчага навучання і цікавасць заняткаў. Праводзіць іх максімальна разнастайна, знаходзіць магчымасці для змены відаў дзейнасці, прапануе інтэрактыўныя заданні, спрабуе розныя метады і прыёмы, каб навучанне не было манатонным.

Алена заўсёды лічыла, што, каб быць добрым спецыялістам, трэба бесперапынна вучыцца і ўдасканальваць свае ўменні. Узяўшы ўдзел у конкурсе, яна яшчэ больш пераканалася ў гэтым.

— Галіна грамадскага харчавання вельмі хутка мяняецца. З’яўляюцца новыя тэндэнцыі, спосабы гатавання і падачы страў, цікавыя вынаходствы. Неабходна сачыць за інавацыямі і адпавядаць ім. Толькі так можна быць добрым спецыялістам. Пры гэтым не абысціся без базавых навыкаў, добра засвоеных асноў, — такіх прынцыпаў Алена прытрымліваецца сама і кожны дзень трансліруе гэта сваім навучэнцам.

Стаўка на моладзь

Нягледзячы на хваляванне, Алена арганічна ўлілася ў рабочы працэс і паспяхова працуе. У многім дзякуючы каласальнай падтрымцы, якую адчувае кожны малады спецыяліст у каледжы.

—  Алена — наша выпускніца, наша гордасць. Мы адразу заўважылі гэту руплівую, працавітую дзяўчыну. Яна заўсёды вылучалася выхаванасцю, высокай культурай, адказным стаўленнем да справы, якую выконвала. Таксама відавочна яе паважлівае стаўленне і адданасць нашай уста­нове, — расказвае дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа Леанід Іосіфавіч Бялей.

Дырэктар падкрэслівае, што маладыя спецыялісты — гэта каштоўны скарб, які карпатліва збіраюць і зберагаюць ва ўстанове. Для маладых спецыялістаў ствараюць найбольш спрыяльныя ўмовы: прадастаўляюць месца ў інтэрнаце, аказваюць матэрыяльную падтрымку.

— На работу з маладымі спецыялістамі скіравана ўвага нашага калектыву. Ставім перад сабой задачу замаца­ваць моладзь на працоўных месцах, а таксама стварыць умовы для іх максімальнага прафесійнага развіцця і рэалізацыі іх талентаў, — расказвае кіраўнік каледжа. — Ды і проста імкнёмся іх ахінуць клопатам і ўсяляк падтрымліваць. 

У каледжы распрацавана сістэма работы з маладымі спецыялістамі. На навучальны год складаецца план работы, які ўключае шэраг мерапрыемстваў. Гэта наведванне заняткаў старэйшых калег, якія дзеляцца сваім вопытам, экскурсіі на прадпрыемствы і знаёмства з сучасным абсталяваннем, а таксама майстар-класы. Майстар-класы праводзяць як су­працоўнікі каледжа, так і шэф-кухары вядомых рэстаранаў і кафэ нашай краіны. Таксама маладых спецыялістаў чакае стажыроўка ў рэсурсным цэнтры. На працягу навучальнага года яны па індывідуальным плане вывучаюць замежныя мовы на спецыяльных курсах. А завяршае работу з маладымі спецыялістамі ў навучальным годзе фестываль творчых ідэй, дзе кожны прадстаўляе індывідуальную творчую практычную работу.

Так маладыя спецыялісты маюць магчымасць дзяліцца з навучэнцамі сваімі ведамі, сваёй маладой энергіяй і сваёй прафесійнай магіяй.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва Алены Станкевіч.