Магія настаўніцкага голасу

- 16:12Людзі адукацыі

Голас настаўніка, яго інтанацыя, характар вымаўлення кожнага слова застаюцца ў памяці надоўга. Чаму? Прырода пачуццяў, адчуванняў і чалавечых успамінаў — рэч вельмі дзіўная. Але моц настаўніцкага голасу захоўваецца ў кожным з нас, асабліва калі яго магія працягвае сваё ўздзеянне.
Голас настаўніка гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны Уладзіміра Пятровіча Казлоўскага заварожвае сваёй мілагучнасцю. Яго багатыя інтанацыі заўсёды бадзёрыя, але спакойныя. Словы Уладзіміра Пятровіча ўраўнаважваюць. Ён любіць гаварыць, а вучні любяць яго слухаць. Педагог заўсёды розны, але ўвесь час натхняе, прымушае думаць. Апошняе, па меркаванні настаўніка, з’яўляецца ключавым у яго педагагічнай дзейнасці.
А ключавым у яго прафесійным вызначэнні стаў прыклад настаўнікаў 104-й мінскай школы, у якой некалі вучыўся. Менавіта гледзячы на сваіх педагогаў, Уладзімір Пятровіч захацеў прыйсці на працу ў школу і не пашкадаваў. Магчыма, на яго дасюль уздзейнічае магія іх галасоў. А настаўнічае Уладзімір Пятровіч ужо 30 гадоў!
Усяго хапала на яго прафесійным шляху, але Уладзімір Пятровіч з тых, хто ўмее бра ць урокі ад жыцця. Ён жа настаўнік. Прычым такога важнага прадмета, як грамадазнаўства.
— Бадай, гэта адзін з самых важных прадметаў у школе. Ён разглядае пытанні філасофіі, эканомікі, палітыкі, дае ўрокі маральнасці, чаго сучаснай моладзі асабліва не хапае. Гэта ўніверсальны прадмет, які нацэльвае на сацыялізацыю асобы. Хаця, напрыклад, тую ж эканоміку трэба было б вывучаць асобным курсам. І этыка як асобны прадмет была б вельмі дарэчы, — адзначыў Уладзімір Пятровіч.
Як любы педагог, мой сённяшні суразмоўца ўвесь час знаходзіцца ў стане пошуку. Новыя ідэі падказвае жыццё, а таксама пытанні і ўчынкі вучняў.
— Дня сурка ў нашай прафесіі не бывае, — працягваў Уладзімір Пятровіч. — Кожны год ты прыходзіш да новых дзяцей — і ў цябе ўсё пачынаецца наноў. І так ты пастаянна знаходзішся ў працэсе ўзаеманавучання. Я вучу дзяцей азам свайго прадмета, а яны мяне — жыццю, пасля чаго я адчуваю, дзе недапрацоўваю і чаго не ведаю. Даводзіцца ўвесь час быць у руху.
Так, час вымагае рухацца, але калі гэта калектыўны рух у адным напрамку, то ён куды больш эфектыўны. А з калектывам, як не раз падкрэсліваў Уладзімір Пятровіч, яму пашчасціла. Ён у гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны высокапрафесійны, што, канечне, натхняе.
На сёння Уладзімір Пятровіч Казлоўскі — выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, гарадскі алімпіядны трэнер каманды школьнікаў па грамадазнаўстве (вучні настаўніка практычна штогод становяцца пераможцамі гарадской і рэспубліканскай алімпіяд), кіраўнік гімназічнага клуба дэбатаў. Акрамя таго, Уладзімір Пятровіч уваходзіць у склад працоўнай групы, якая займаецца распрацоўкай новых вучэбных праграм. Яшчэ яго вучні займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю.
Прынамсі, наша з ім гаворка адбылася перад навукова-практычнай канферэнцыяй школьнікаў, дзе Уладзімір Пятровіч выступае як член журы і навуковы кіраўнік. Яго вучаніца для даследавання выбрала няпростую, але, на жаль, актуальную тэму. Яна даследавала праблему адзіноты і суіцыдаў. Тэма эмацыянальна складаная, але, як заўважыў настаўнік, юнай даследчыцы ўдалося знайсці цікавыя падыходы. Апроч таго, падлеткі куды лепш разумеюць адно аднаго, таму ёсць спадзяванне, што дзяўчына не проста данясе інфармацыю, а здолее дабрацца да душ сваіх аднагодкаў.
Сёння, па меркаванні настаўніка, з дзецьмі трэба гаварыць на ўсе тэмы. Трэба вучыць іх думаць, разважаць, аналізаваць. “Там, дзе ўсе думаюць аднолькава, ніхто не думае занадта многа”, — сказаў некалі двойчы лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі, амерыканскі журналіст і публіцыст Уолтэр Ліпман. У кожнага павінен быць свой пункт погляду, але ён павінен быць абгрунтаваны.
Пасля Уладзімір Пятровіч адзначыў тое, чым кіруецца ў сваёй дзейнасці, напэўна, кожны педагог: “Калі пра гэта не скажам дзіцяці мы, то, магчыма, пра гэта яму не скажа ніхто”. Гаворка ў плоскасці паняццяў дабра і зла, асноў маральнасці павінна быць перманентнай. Заўсёды ёсць выбар: рабіць дабро або зло.
— Але мы павінны цвёрда стаяць на баку справядлівасці і дабра, — сказаў упэўнена і пранікнёна педагог.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.