Магія пазнання, інтэлекту і творчасці

- 14:45Адукацыйная прастора

Восьмы рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства стаў самым маштабным за гісторыю існавання згаданага праекта. Гэты раз тэма фестывалю гучала як “Пазнанне. Інтэлект. Творчасць”. На працягу двух дзён (27 і 28 снежня ўжо мінулага года) на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі панавала атмасфера свята і ўзнёсласці. Каля 500 педагогаў з усіх куткоў краіны прыехалі, каб не толькі абмяняцца сваімі метадычнымі напрацоўкамі, але і абмеркаваць набалелыя пытанні, падзяліцца сваімі думкамі. Арганізатары паклапаціліся і пра ўмовы для нефармальных зносін. Традыцыйна калядны фестываль праводзіўся пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Беларускага педагагічнага таварыства. Ідэйным і змястоўным напаўненнем займаліся метадысты АПА.

Для ўдзелу ў фестывалі былі запрошаны педагогі-псіхолагі, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, замежных моў, матэматыкі, інфарматыкі, фізікі, біялогіі, хіміі, геаграфіі, гісторыі, музыкі, выяўленчага мастацтва, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, а таксама настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі дашкольных устаноў.

Падчас адкрыцця мерапрыемства рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Манастырны адзначыў, што фестываль зарэкамендаваў сябе пляцоўкай для дэманстрацыі педагагічнага майстэрства, распаўсюджвання эфектыўнай практыкі выкладання вучэбных прадметаў. І калі падчас першага фестывалю ў праграме значыліся 33 майстар-класы, то ў праграме восьмага было 112 мерапрыемстваў. Праводзіліся майстар-класы, педагагічныя студыі, творчыя майстэрні, урокі для дарослых, інтэрактыўныя перапынкі, прэзентацыі творчых прадуктаў.

У 14 секцыях мадэратарамі выступілі 115 лепшых педагогаў краіны. Гэта члены асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, члены клуба “Крыштальны журавель” і іншыя перадавыя настаўнікі. Прысутныя на фестывалі сталі не толькі актыўнымі ўдзельнікамі яго мерапрыемстваў, але і з ахвотай прэзентавалі ўласныя метадычныя прадукты па развіцці ін­тэлектуальна-творчых здольнасцей навучэнцаў.

***

У прыватнасці, настаўнік-метадыст настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Наталля Шчаглова праводзіла майстар-клас “Магія матэматыкі: прыёмы развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў”. І трэба адзначыць, што адведзеныя на яго паўтары гадзіны праляцелі вельмі хутка, бо ўдзельнікі майстар-класа з азартам рашалі прапанаваныя Наталляй Уладзіміраўнай заданні. Для інтэлектуальнай паслянавагодняй размінкі прапаную вам некалькі такіх заданняў. Магчыма, нехта з вас, паважаныя калегі, папоўніць імі свае метадычныя скарбонкі.

Угадай узрост па памеры абутку

  1. Памнажаем памер абутку на 100;
  2. Аднімаем ад атрыманага выніку год свайго нараджэння;
  3. Дабаўляем да ліку, які атрымаўся, цяперашні (2018) год.

Адгадай дату нараджэння

  1. Дату нараджэння памнажаем на 2;
  2. Да выніку дабаўляем 5;
  3. Тое, што атрымалася, памнажаем на 50;
  4. Дадаём нумар месяца, у якім нарадзіліся.

Вялікую цікавасць выклікала заданне па пераўтварэнні слоў. На першы погляд яно не матэматычнае, але, як заўважыла Наталля Уладзіміраўна, вельмі спрыяе развіццю логікі. А логіка, як вядома, — аснова матэматыкі. Сваім калегам настаўніца з Віцебска прапанавала пераўтварыць тры пары слоў: дзень-ноч, нага-рука, дым-лёд. Пасля яна прадэманст­равала варыянты, якія прапанавалі яе вучні. Каб логіка задання была больш зразумелай, вучнёўскія варыянты — на рускай мове:

день пень  пена — вена  вина  виза  ваза  фаза  фара  кара  кора  кожа  ложа  ложь  рожь  роль  ноль  ночь;

нога  нота  рота  роза — лоза  луза  муза  мука  рука;

дым  дом  сом  сор — бор  бар  пар  пир  пик  лик  лак — лад  лёд.

І каб замацаваць магічнае ўздзеянне матэматыкі, разам з Наталляй Уладзіміраўнай прапануем заданне “Угадай лік па астачах”:

  1. Загадайце любы двухзначны лік;
  2. Знайдзіце астачу ад дзялення яго на 3;
  3. Знайдзіце астачу ад дзялення яго на 5;
  4. Знайдзіце астачу ад дзялення яго на 7;
  5. Назавіце астачы, якія атрымаліся.

***

Такімі ж практыка-арыентаванымі былі заняткі настаўніцы фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 4 Нясвіжа Таццяны Мірашнічэнка на тэму “Магчымасці інтэрнэт-рэсурсаў для развіцця пазнавальных інтарэсаў, інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў на вучэбных занятках па астраноміі”. Таццяна Анатольеўна таксама падрыхтавала шэраг цікавых практыкаванняў, якія апрабавала са сваімі вучнямі. Зразумела, усе яны выконваліся на камп’ютары.

Напрыклад, у рамках тэмы “Сонца як зорка” было прапанавана наступнае заданне:

  1. Зайдзіце на сайт tesis.lebedev.ru;
  2. Адкрыйце ўкладку — “сонечныя ўспышкі сёння — плямы на Сонцы”;
  3. Зрабіце скрыншот фотаздымкаў Сонца з 01.09.2014 па 09.09.2014;
  4. Выберыце найбольш яркую і прыметную групу плям і паназірайце за рухам гэтай групы. Зрабіце выснову.

А падчас вывучэння тэмы “Бачны рух і фазы Месяца” Таццяна Анатольеўна прапанавала зайсці на сайт http://www.astro-pages.ru/, затым адкрыць укладку “фазы Месяца”, выбраць месячны каляндар на 2018 год і запоўніць табліцу (назва месяца і колькасць поўняў).

Апісанні заданняў атрымліваліся сумнымі і статычнымі, але трэба было бачыць, з якой цікавасцю іх выконвалі калегі Т.А.Мірашнічэнка. На камп’ютары ўсё выглядае інакш, бо карцінка ажывае. Рухі буйной зоркі і спадарожніка Зямлі заварожваюць, і становіцца зразумела, што астраномія — гэта космас. У прамым і пераносным значэнні.

***

А космас пачуццяў можна было перажыць падчас інтэ­р­актыўнага перапынку “Танцуюць усе!”, які праводзіў настаўнік-метадыст настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ліцэя № 2 Мінска Дзмітрый Дрожжа. Дзмітрый Аляксандравіч прапанаваў удзельнікам свайго майстар-класа акунуцца ў атмасферу такой з’явы, як сацыяльныя танцы.

Сацыяльныя танцы — катэгорыя танцавальных кірункаў розных народаў. Такімі танцамі займаюцца не каб паспаборнічаць, а дзеля адпачынку і абмену станоўчымі эмоцыямі. Роданачальнікам такой з’явы ў нашай краіне лічыцца Ігнат Буйніцкі, які ў свой час вывеў “мужыцкія” танцы на вялікую сцэну.

Зрабіўшы невялікі экскурс у гісторыю, Дзмітрый Аляксандравіч прапанаваў паспрабаваць свае сілы ў танцах кельцкіх народаў. А каб дапамагчы ўдзель­нікам майстар-класа разняволіцца, настаўнік запрасіў сваіх вучняў, якія выканалі ірландскія танцы. У выніку танцавальны карагод вельмі павысіў градус задаволенасці яго ўдзельнікаў. І мэта майстар-класа была дасягнута: танцавалі ўсе, нават тыя, хто спачатку проста з цікаўнасцю заглядваў у танцавальную залу.

***

Два дні былі багатымі не толькі на эмоцыі і вопыт. Парт­фоліа кожнага ўдзельніка фестывалю папоўнілася новымі ўменнямі, якія дапамогуць зацікавіць вучняў, раскрыць іх здольнасці і таленты. Як адзначыла ў сваім выступленні загадчык кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Таццяна Лапацік, каб дзеці маглі праявіць свае здольнасці, неабходна эфектыўнае кіраўніцтва з боку дарослых.

“Развіваць адразу ўвесь комплекс якасцей, якія ўвахо­дзяць у паняцце “інтэлектуальныя здольнасці”, немагчыма. Гэта доўгая мэтанакіраваная работа, таму эпізадычнае выкарыстанне інтэлектуальных задач не прынясе жаданага выніку.

Вучэбныя заданні павінны быць арыентаваны на:

– паступовае ўскладненне матэрыялу;

– павышэнне ўзроўню самастойнасці навучэнцаў;

– інтэграцыю ведаў і спосабаў дзейнасці;

– далучэнне элементаў тэорыі для рашэння пазнавальных задач;

– навучанне спосабам разважання (як па ўзоры, так і самастойна) на аснове прынцыпу варыятыўнасці;

– фарміраванне найважнейшых характарыстык творчых здольнасцей, такіх як бегласць думкі (колькасць ідэй, якая ўзні­кае за адзінку часу), гібкасць розуму (здольнасць пера­ключацца з адной думкі на іншую), арыгінальнасць (здоль­насць знаходзіць рашэнні, якія адрозніваюцца ад агульнапрынятых), дапытлівасць (адчувальнасць да праблем у навакольным свеце), уменне фармуляваць і распрацоўваць гіпотэзы;

– ускладненне творчага кірунку ў выкананні заданняў”, — адзначыла Таццяна Андрэеўна.

Прыкладам эфектыўнага кіраўніцтва з боку педагогаў з’яўляецца цьютарскае суправаджэнне. У Малоткавіцкай сярэдняй школе Пінскага раёна рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных навучэнцаў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі.

Падчас свайго выступлення намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Малоткавіцкай сярэдняй школы Вольга Ізбіцкая прывяла доказы на карысць выкарыстання тэхналогіі цьютарскага суправаджэння.

“Цьютарскае суправаджэнне — найбольш эфектыўная форма работы па развіцці  інтэлектуальна-творчага патэнцыялу вучняў, бо дае магчымасці для:

  • дыягнастычнага падыходу да канструявання індывідуальных стратэгій раскрыцця магчымасцей навучэнца;
  • забеспячэння індывідуальнага тэмпу і дыферэнцыраванага падыходу да раскрыцця патэнцыялу навучэнца, зыходзячы з яго індывідуальных патрэб;
  • адсочвання вынікаў на кожным этапе развіцця асобы;
  • стварэння творчага клімату ў адносінах паміж настаўнікам і вучнем, забеспячэння свабоды самавыяўлення ў партнёрскім узаемадзеянні”, — падкрэсліла Вольга Пятроўна.

Варта адзначыць, што настаўнікі, іх здольныя, таленавітыя вучні падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні. Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў існуе ў нашай краіне з 1996 года. За мінулыя гады прэміі, стыпендыі, матэрыяльную дапамогу з фонду атрымала больш за 20 тысяч чалавек. Пра дзяржаўную падтрымку адоранай і таленавітай моладзі ўдзельнікам фестывалю расказала дырэктар гімназіі № 10 Мінска член савета спецыяльнага фонду прэзідэнта Марына Ільіна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.