Магнаты прачнуліся, або Залатое — на чорным ці белым…

- 12:03Культура

У Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка педагогі разам з навучэнцамі здзейснілі вельмі незвычайны мастацкі праект “Час магнатаў”. У галерэі гэтай установы адукацыі днямі дэманструюцца дзясяткі надзвычай цікавых скульптурных, графічных і жывапісных твораў, прысвечаных так званаму залатому веку ў гісторыі Беларусі, яе архітэктурным помнікам, знакавым гістарычным асобам той эпохі (ХV—XVIII cтагоддзяў). Культурная ініцыятыва “Час магнатаў” рэалізавана ў рамках конкурсу міні-грантаў праекта “Голас культуры” пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза.

На вернісажы з вуснаў розных выступоўцаў неаднойчы гучалі такія характэрныя выразы, як падарожжа ў часе, вяртанне да сваіх каранёў, шчасце дакранання да мінулага, еўрапейскі канктэкст, урэшце, само гэтае словазлучэнне — залаты век у гісторыі Беларусі. І гучала адрасаванае ўсім прысутным пытанне: “А чаму, уласна кажучы, тую эпоху, ХV—XVIII cтагоддзі, мы называем залатым векам?”Гэта потым ужо са сцэны актавай залы Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка апранутыя ў касцюмы вяліка літоўскіх магнатаў навучэнцы ўстановы працытуюць словы са знакамітай паэмы “Паляванне на зубра” Міколы Гусоўскага:

І называюць той век залатым. Залатыя
Ззялі аздобы ў харомах,
а ў курных халупах
Вёсак, пасадаў — якая была пазалота?..
Мне так здаецца, што гэтай
шаноўнаю назвай
Век той названы па простай прычыне:
дзяржаўца
Перад багаццем
і шчасцем зямным пастаянна
Ставіў багацце духоўнае —
злата дзяржавы.

А пакуль дадзім слова асобам, адказным за праект “Час магнатаў”.
Адзін з непасрэдных арганізатараў выставы “Час магнатаў”, малады скульптар, выкладчык Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Іван Арцімовіч: “Адкрыццё сённяшняй экспазіцыі — гэта вельмі значная для нас падзея. Да яе мы ішлі два месяцы, а ў думках яна жыла ў нас значна даўжэй, таму што на тэму нашай гісторыі, нацыянальных легенд, беларускага гераічнага мінулага мы думаем заўсёды, як і павінны думаць людзі, якія жывуць на гэтай зямлі, якія любяць гэтую зямлю і якія ганарацца ёй. Каманда культурнай ініцыятывы “Час магнатаў” спачатку складалася выключна з педагогаў нашай установы, але за час падрыхтоўкі экспазіцыі да нас актыўна далучаліся і навучэнцы гімназіі-каледжа. Я нават не задаваўся мэтай падлічыць, колькі чалавек узяло ўдзел у нашым праекце, але дакладна больш за сотню. Таму і выстава атрымалася вельмі маштабнай і разнастайнай. Мы нават самі не разлічвалі на гэта”.
Між іншым, на думку Івана Арцімовіча, сённяшняя экспазіцыя ў галерэі Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка магла б з поспехам экспанавацца і ў іншых спецыяльных установах адукацыі мастацкага профілю, а таксама ў музеях замкавых комплексаў Міра і Нясвіжа. Больш за тое, многія экспанаты вартыя таго, каб пасяліцца ў пастаянных экспазіцыях вышэйназваных комплексаў.
Мастацкі куратар праекта, мастацтвазнаўца, выкладчык Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Галіна Багданава: “Я думаю, што ў нас вельмі шчаслівая ўстанова адукацыі, таму што тут вучацца самыя таленавітыя юныя музыканты і мастакі з усёй краіны, якія могуць падарожнічаць праз сваё мастацтва і ў снах, і ў марах… А сёння мы робім падарожжа ў часе — вяртаемся ў перыяд, калі наша культура зведала сапраўдны росквіт і ўвайшла ў еўрапейскі культурны кантэкст, калі былі збудаваны ўнікальныя помнікі архітэктуры, калі ўбачылі свет першадрукі, калі ствараліся ўнікальныя творы як іканапісу, так і свецкага мастацтва, вяршыняй якога сталі сармацкія партрэты — урачыстыя выявы найбольш уплывовых дзяржаўных і культурных дзеячаў — Радзівілаў, Сапегаў, Кішкаў… Усё гэта, па-мастацку арыгінальна пераасэнсаванае і прачутае нашымі маладымі выкладчыкамі ды навучэнцамі, і можна ўбачыць на выставе “Час магнатаў”.Але гэта не проста аўтарскія мастацкія фантазіі. Нашы навучэнцы разам з выкладчыкамі аб’ездзілі ўсю Беларусь, яны шмат вывучалі старадаўнюю геральдыку, гістарычныя вобразы, уласна саму гісторыю, перачытвалі літаратурныя творы на гістарычную тэматыку — усё дзеля таго, каб зразумець, хто мы на гэтай зямлі, і… каб быць шчаслівымі. Бо каб быць шчаслівымі, трэба любіць тое, што побач. А каб любіць, трэба ведаць тое, што любіш…”
Пройдзем жа ў галерэю гімназіі-каледжа. Экспазіцыя “Час магнатаў” уражвае не толькі сваёй далучанасцю да нечага велічнага і непадуладнага часу, але не менш і ўласна мастацкай канцэптуальнасцю.
Безумоўна, гэта найперш творы выкладчыкаў гімназіі-каледжа, якія склалі касцяк ініцыятыўнай групы праекта “Час магнатаў”.
Напрыклад, Іван Арцімовіч прадставіў скульптурную выяву гетмана Вялікага Княства Літоўскага Станіслава Кішкі, выкананую ў сармацкім стылі. Вядомы дзяржаўны дзеяч выглядае вельмі чалавечным — адначасова і задуменным, і з нейкай патаемнай хітрынкай. Гэта невыпадкова: у залаты век беларускай гісторыі ў мастацтве ўпершыню загаварылі пра асобу як такую.
Кампазіцыя з дрэва Паўла Ляонава “Залатое стагоддзе” ўяўляе сабой укладзеныя адзін у адзін каталіцкі і праваслаўны крыжы — адзін Бог, адна радзіма.Зноў жа, з дрэва, а дакладней з дошак, якімі была заслана падлога гімназіі-каледжа да рамонту, стварылі свой “Знак улады — алмаз” Паліна Пірагова і Васіль Цімашоў, зашыфраваўшы такім чынам знакі зямлі — традыцыйныя для беларускага арнаменту ромбы.
Непрыхаванай містыкай, спалучанай з рамантызмам, павявала ад графічных аркушаў Наталлі Шыбко (серыя “Легенда аб камянях”), жывапісаў Вольгі Гардзіёнак (“Майстэрня”, “Гальшаны”) і Піліпа Басалыгі (“Мірскі замак”).
Але не менш здзівілі канцэптуальнасцю і работы навучэнцаў гімназіі-каледжа. Многія з іх нават суправадзілі свае творы адмысловымі анатацыямі-тлумачэннямі.
Скажам, Ян Леўша ўсталяваў аб’ёмную галаву магната Астафія Багданавіча Валовіча на грувасткі вертыкальны паралелаграм, кожная з граняў якога выяўляе тую ці іншую іпастась яго героя — свецкага чалавека, рыцара, магната… У канцэпцыі Ян адзначае: “Кампазіцыя пабудавана па прынцыпе сармацкага партрэта, характэрнага для той эпохі. Розныя рэльефы (вопраткі) на геаметрычнай форме раскрываюць сутнасць тагачасных магнатаў, іх здольнасць пры самай складанай сітуацыі выходзіць сухімі з вады”.
Прыцягвае ўвагу кампазіцыя з чатырых карон, падвешаных да столі, навучэнцаў гімназіі-каледжа Ільі Лаўніковіча, Леры Бірала, Хрысціны Макаранка і Насці Канашэвіч. У кожнага з аўтараў карона сімвалізуе нешта канкрэтнае: у Ільі — усемагутнасць і грахоўнасць улады, якая разбэшчвае; у Леры — хараство і грацыёзнасць паненак таго часу; у Хрысціны — крохкасць улады; у Насці — таямніцу, прыгажосць, гарэнне. Апошняя зрабіла карону са свечак (!): “Свечкі ў тыя стагоддзі былі сведкамі важных гістарычных падзей, таемных змоў, пра якія ўжо ніхто і ніколі не зможа расказаць, прыадкрыць заслону таямніц”.
А навучэнец 3 курса Максім Ермаковіч, працуючы над тэмай кароны, стварыў алегарычную “Карону без караля”! У яго кароне, як быццам у Ноевым каўчэгу, паселі людзі… Народ, які ўсё-такі змог захавацца, выжыць праз стагоддзі. Многія работы, прадстаўленыя на выставе “Час магнатаў”, насамрэч прымушаюць задумацца, чаму мы тую эпоху называем залатым векам беларускай гісторыі.
І міжволі праяўляецца золата на чорным фоне — калі нас доўгі час запэўнівалі ў тым, што ўсё, звязанае з магнатамі, было суцэльна чорным, антычалавечым, прыгнятальным.
І міжволі праяўляецца золата на белым фоне — калі мы, зноў жа, доўгі час проста не задумваліся над тым, якіх вышынь духоўных, мастацкіх, палітычных, вайсковых, эканамічных і інш. — дасягнула тады наша гістарычная дзяржава.
Тое золата дзяржавы, пра якое пісаў Мікола Гусоўскі.
Тое золата, якое не гасне…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.