Магутная плынь творчасці

Магутная творчая плынь пад назвай “Прывітанне, свет!” ахапіла ўсю краіну. Рэспубліканскі агляд-конкурс праводзіцца раз у два гады і кожны раз актывізуе ўсё лепшае ў юных талентах, каб яны дарылі сваю творчасць людзям, свету. На Міншчыне кульмінацыяй мерапрыемства стаў гала-канцэрт і выніковая абласная выстава дзіцячай творчасці, якія адбыліся на базе Уздзенскага раённага дома культуры.

Абласному этапу папярэднічалі занальныя адборачныя туры, якія прайшлі на базе 5 раёнаў Мінскай вобласці. У канцэртах узялі ўдзел 72 выканаўцы тэатральнай творчасці, 78 інструментальных калектываў і індывідуальных выканаўцаў, 90 харэаграфічных і 15 фальклорных калектываў, 450 вакалістаў, на выставе было прадстаўлена больш за 600 жывапісных і каля 860 работ дэкаратыўна-прык­лад­нога мастацтва. Членам жу­ры давялося шмат папрацаваць, каб выбраць удзельнікаў абласнога этапу.

Наведвальнікаў абласнога мерапрыемства ва Уздзе вітала выстава лепшых творчых работ, на якой дэманстравалася каля 300 твораў выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Назва выставы — “З любоўю да Беларусі”, і на ёй пераважалі вырабы традыцыйных відаў творчасці — тканыя, гліняныя, саламяныя, драўляныя. У жывапісных работах паўставалі вобразы і героі роднага краю. Таксама на мерапрыемстве можна было ўбачыць лепшыя творы юных аніматараў — упершыню ў гэтым годзе ўдзельнікам агляду-конкурсу была прапанавана намінацыя “Анімацыйны фільм”. Навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці выступілі ў ёй годна, прапанаваўшы свой цікавы погляд на “Легенды і паданні майго краю”.

Творчасць беларускага народа ва ўсёй яе разнастайнасці і гістарычным развіцці паўстала перад вачыма гледачоў гала-канцэрта. 25 лепшых мастацкіх нумароў прадставілі калектывы і сольныя выканаўцы з Барысаўскага, Дзяржынскага, Капыльскага, Маладзечанскага, Мінскага, Пухавіцкага, Салігорскага, Слуцкага, Стаўбцоўскага раёнаў і Жодзіна.

Лепшыя творчыя работы і нумары прадставяць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе мерапрыемства. Вынікі абласнога этапу падвядуць на адмысловым семінары, на які будуць запрошаны кіраўнікі творчых калектываў — удзельнікаў розных этапаў агляду-конкурсу. На гэтым жа мерапрыемстве адбу­дзецца ўшанаванне і ўзнагаро­джанне пераможцаў абласнога этапу агляду-конкурсу.

Пяты рэспубліканскі агляд-конкурс “Прывітанне, свет!” прысвечаны Году малой радзімы і праводзіцца пад дэвізам “Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь!”. Натхнёныя гэтымі словамі, дзеці мовай творчасці прызнаваліся ў любові да роднага кутка. І рабілі гэта шчыра, гучна, прыгожа.

Дар’я РЭВА.
Фота Сяргея ШАРАЯ.