Майстры цырульніцкай справы

- 11:21Адукацыйная прастора

На базе Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання адбыўся абласны этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства цырульнікаў сярод устаноў прафесійнай адукацыі, камбінатаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і прыватных арганізацый. Спаборніцтва праходзіла ў рамках праекта Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Беларускі майстар — 2017”.

Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння прэстыжу чалавека працы, стварэння спрыяльных умоў для прафесійнага росту, прыцягнення ўвагі грамадскасці да рабочых спецыяльнасцей і прафсаюзнага руху.

10 канкурсантаў стваралі прычоскі ў фантазійным стылі, паказвалі тэарэтычныя і практычныя ўменні і навыкі ў цырульніцкім майстэрстве, дэманстравалі перадавыя метады работы і веданне сучасных напрамкаў у модзе. За дзеяннямі навучэнцаў уважліва сачыла прафесійнае журы.

Пераможцай конкурсу стала майстар вытворчага навучання Хрысціна Пятроўна Масло з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання. Мадэллю для прычоскі выступіла навучэнка гэтай установы Настасся Барадзей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.