Майскія “абдымкі” авангарда

- 17:05Культура, Рознае

У Мінску ў рамках правядзення чэмпіянату свету па хакеі разгарнуўся грандыёзны мастацкі праект “Авант-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”.

Такога беларуская сталіца не бачыла ўжо даўно ці нават ніколі. Адразу на трох пляцоўках у розных частках горада амаль адначасова пачалі працаваць тры выставы, кожная — са сваёй спецыфікай, але ўсе паяднаныя адной ідэяй і тэмай, а таксама адным жаданнем арганізатараў сказаць нешта вельмі важнае айчыннаму аматару мастацтва і ўсім замежным гасцям, якім, магчыма, аднаго хакея цягам турнірных майскіх дзён у Мінску будзе замала. Гаворка, уласна кажучы, ідзе пра наступныя тры дзеі: інтэрактыўную экспазіцыю, якая дала назву ўсяму праекту “Авант-gARTe. Ад квадрата да аб’екта” і заклікана паказаць сувязь мастацкіх пошукаў беларускіх мастакоў апошняга дзесяцігоддзя з авангарднымі традыцыямі мінулага стагоддзя (выставачны павільён БелЭКСПА па праспекце Пераможцаў, 14), выставу “Сто гадоў беларускага авангарда” ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, якая ўяўляе сабой адмысловую храналогію беларускага авангарда з 1910-х да 1990-х у палотнах, рэпрадукцыях і дакументах, і праект у праекце “Мастак і горад. BelART.by” на плошчы Якуба Коласа, дзе прэзентуюцца жывапісныя і графічныя творы айчынных аўтараў у плакатным дызайнерскім афармленні па ўсіх законах так званага паблік-арта (мастацтва ў публічнай прасторы). Словам, і беларусам, і замежнікам у гэтыя гарачыя хакейныя майскія дні будзе што ўбачыць і над чым падумаць, а айчынным мастакам насамрэч будзе за што дзякуй сказаць чэмпіянату свету па хакеі. Грэшным чынам міжволі рытарычна пытаешся: а калі б не ЧС па хакеі, ці выйшаў бы калі-небудзь “на прастор, на шырокі прастор” беларускі мастацкі авангард?

І ўсё-такі, мабыць, выйшаў бы.
21 красавіка, адкрываючы выставу “Авант-gARTe. Ад квадрата да аб’екта” ў выставачным павільёне БелЭКСПА, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік назваў гэты праект унікальным і своечасовым, а яго сённяшнім удзельнікам, асабліва маладога пакалення, напрарочыў зорную будучыню Малевічаў, Шагалаў і іншых выбітных прадстаўнікоў знакамітай Парыжскай школы. У сваю чаргу міністр культуры Барыс Святлоў у сваім выступленні засяродзіўся на тым, што ён абазначыў як “дыялектыку мастацкага жыцця і жыцця наогул”: “Тое, што пачыналася 100 гадоў назад як авангард, сёння ўжо з’яўляецца класікай. А звыклае для нас класічнае мастацтва, на жаль, а магчыма, так яно і павінна быць, сёння разглядаецца як авангард”. Ён таксама выказаў спадзяванне, што на творчасць многіх з сённяшніх яркіх маладых мастакоў праз нейкі час будуць спасылацца як на класіку пачатку ХХІ стагоддзя.

А асноўны куратар праекта “Авант-gARTe. Ад квадрата да аб’екта” кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч асабліва падкрэсліла значнасць такога феномена беларускага мастацтва, як “мастацкая супольнасць”, якая заўсёды, і ў пачатку ХХ стагоддзя, і ў яго сярэдзіне, і ўжо на пачатку ХХІ стагоддзя, заставалася і застаецца генератарам самых актуальных мастацкіх пошукаў і эксперыментаў. “Рыхтуючы гэты праект, мы сапраўды мэтанакіравана і ўсвядомлена выбіралі для яго тэму, — заўважыла мастацтвазнаўца. — І ў першую чаргу мы абапіраліся на тое, што авангард для Беларусі — гэта з’ява вельмі натуральная. Давайце згадаем пра тое, што літаральна ў мінулым годзе мы з вамі і разам з усім чалавецтвам адзначылі 100 гадоў з таго моманту, калі нарадзіўся “Чорны квадрат” Малевіча. Па сутнасці, ён нарадзіўся тут, у Беларусі, і таму нам захацелася гучна сказаць пра гэта: авангард — гэта наша з’ява, якая, нарадзіўшыся тут 100 гадоў назад, паўплывала на беларускае мастацтва ўсіх наступных дзесяцігоддзяў. З другога боку, нам хацелася зрабіць адкрыццё, сказаць пра тое, што ў нашым мастацтве ёсць яшчэ тыя нішы, якія не адкрыты і не даследаваны. І мне хочацца спадзявацца, што такое адкрыццё адбылося”.

…Мастакі-авангардысты яшчэ ніколі і нікому не абяцалі спакойнага жыцця. Хаця сёння, калі да пачатку ЧС па хакеі застаюцца лічаныя дні, у прыватнасці, на плошчы Якуба Коласа яшчэ можна пабачыць гэтую “ідылію”: на рэпрадукцыях сучасных бунтароў ад мастацтва Вахрамеева, Балянка, Рымашэўскага, Бушчыка, Клімушкі і Со. напоўніцу кіпяць свае страсці, а побач ціха сабе прагульваюцца мамы і таты з дзіцячымі каляскамі, фатаграфуюцца на памяць студэнты, забыўшыся пра ўсё на свеце, мілуюцца на лавачцы закаханыя парачкі. Ды яшчэ фантанчык уціхамірвае гэтую і без таго спакойную яву… Ці зменіцца тут штосьці з пачаткам хакейнага турніру? А вельмі хутка ўжо ўбачым.

 

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.