Майстар — фігура ключавая

- 13:25Навіны рэгіёнаў

Конкурс прафесійнага майстэрства сярод майстроў вытворчага навучання за кароткі час стаў на Магілёўшчыне традыцыйным. Па словах старшыні журы загадчыка аддзялення Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Марыны Уласавай, такая папулярнасць конкурсу сярод яго патэнцыяльных удзельнікаў не здзіўляе.

— “Майстар года” — гэта не толькі магчымасць выяўлення самых таленавітых майстроў вытворчага навучання, але і своеасаблівая пляцоўка для абмену вопытам. Спаборніцтвы дазваляюць майстрам прадэманстраваць свае вытворчыя навыкі, педагагічныя здольнасці, ацаніць узровень прафмайстэрства і ведаў калег, тым самым вынесці нешта новае для сябе, — расказала Марына Генадзьеўна.

Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 18 майстроў, якія праводзяць вытворчае навучанне па наступных прафесіях: “Цырульнік”, “Станочнік шырокага профілю”, “Вадзіцель аўтамабіля”, “Афіцыянт”, “Швачка”, “Муляр”, “Кухар”, “Станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”, “Электразваршчык ручной зваркі”, “Агароднік”, “Аператар ЭВМ”, “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”. Стаўшы лідарамі ў сваіх установах адукацыі, майстры прынялі ўдзел у другім, адборачным, туры прафесійнага спаборніцтва.
Гэты тур праходзіў завочна, тым не менш працы журы конкурсу хапіла, бо з 18 годных прэтэндэнтаў на выхад у фінал неабходна было выбраць толькі шасцярых лепшых. Адбор праводзіўся на аснове адзнак партфоліа канкурсантаў, аўтарскай метадычнай распрацоўкі ўрока вытворчага навучання з прымяненнем сучасных адукацыйных тэхналогій, творчай самапрэзентацыі. Усе прадстаўленыя матэрыялы адпавядалі крытэрыям і паказчыкам ацэнкі выканання конкурсных заданняў, што толькі пацвердзіла высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Выбраць фіналістаў конкурсу было няпроста. Імі сталі майстры вытворчага навучання Ларыса Венберг (Магілёўскі прафесійны ліцэй № 1), Вадзім Кудаленка (Магілёўскі прафесійны ліцэй № 5), Святлана Круглікава (Мсціслаўскі прафесійны ліцэй № 6), Алена Іванчанка (Магілёўскі прафесійны ліцэй № 7), Таццяна Ускробава (прафесійны ліцэй № 10 Магілёва), Людміла Міранцова (Чэрыкаўскі прафесійны ліцэй № 11).
Шасцярым фіналістам неабходна было правесці ўрок у незнаёмым класе, а таксама майстар-клас “Умееш сам — навучы другога”. Выконваючы заданні, канкурсанты дэманстравалі высокі прафесіяналізм. Яны выразна фармулявалі мэты ўрока, абгрунтавана выбіралі метады, сродкі і формы навучання, паказалі актуальнасць навучальнага матэрыялу, умела арганізавалі пазнавальную дзейнасць навучэнцаў і зваротную сувязь з імі. Арганічнае спалучэнне прафесійных, інтэлектуальных і творчых здольнасцей паказалі ўдзельнікі і на сваіх майстар-класах.
Цырымонія ўзнагароджання праходзіла на базе Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 7. Фіналістаў суправаджалі групы падтрымкі, якія складаліся ў асноўным з навучэнцаў. Падбадзёрваючы сваіх педагогаў, яны стваралі святочную атмасферу ў зале. І вось надышоў хвалюючы момант абвяшчэння вынікаў конкурсу. З прывітальным словам да фіналістаў звярнулася галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі аблвыканкама Вольга Міхайлаўна Скамарохава:
— Майстар вытворчага навучання стаў сёння ключавой фігурай, якая гарантуе канкурэнтаздольнасць выпускнікоў прафтэхшколы на рынку працы. Таму ўдвая прыемна бачыць, што майстры прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі нашай вобласці не толькі валодаюць усімі неабходнымі педагагічнымі і прафесійнымі навыкамі, але і імкнуцца пастаянна іх ўдасканальваць, бо ўзровень падрыхтоўкі канкурсантаў з кожным годам расце.
Абсалютным пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства сёлета стала майстар вытворчага навучання прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва Таццяна Ускробава. Другую прыступку п’едэстала заслужана заняла Людміла Міранцова з Чэрыкаўскага прафесійнага ліцэя № 11, а трэцяга месца ўдастоілася Алёна Іванчанка з Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 7. Але ж і астатнія фіналісты не засталіся без узнагарод. Ларыса Венберг з Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 1 атрымала дыплом “За фундаментальнае веданне прафесіі”, Вадзім Кудаленка з Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 5 быў адзначаны ў намінацыі “За творчасць і педагагічны пошук”, а намінацыя “За высокую прафесійную падрыхтоўку” скарылася прадстаўніцы Мсціслаўскага прафесійнага ліцэя № 6 Святлане Круглікавай. Зрэшты, свая ўзнагарода знайшла кожнага канкурсанта, бо ўдзельнікі, якія не сталі фіналістамі, таксама атрымалі адпаведныя ганаровыя дыпломы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.