Зусім нядаўна на старонках “Настаўніцкай газеты” гаварылася пра перамогі юнай магілёўскай шахматысткі Вольгі Бадэлька. Прайшоў літаральна месяц — і вось новая нагода (ды яшчэ якая!) згадаць імя таленавітай дзяўчынкі зноў. Вольга ў складзе дэлегацыі Беларусі прымала ўдзел у юнацкім чэмпіянаце Еўропы па хуткіх шахматах, адкуль вярнулася абсалютнай пераможцай.
Чэмпіянат праходзіў у сталіцы Эстоніі. У спаборніцтвах за чэмпіёнскі тытул прынялі ўдзел 360 шахматыстаў з 18 краін. У рамках чэмпіянату адбыліся спаборніцтвы па бліцы і хуткіх шахматах у асабістым заліку ў розных узроставых групах, камандны турнір па хуткіх шахматах, а таксама спаборніцтвы па рашэнні шахматных задач.
У спаборніцтвах па хуткіх шахматах сярод дзяўчынак да 12 гадоў прынялі ўдзел 27 спартсменак. Канкурэнцыя немалая, аднак Вольга Бадэлька з лёгкасцю абышла ўсіх сваіх саперніц. Дзяўчынка набрала 9 ачкоў з 9 магчымых, бліскуча заваяваўшы званне чэмпіёнкі. Не менш напружаная барацьба за лідарства назіралася і падчас спаборніцтваў па хуткіх шахматах сярод дзяўчат да 14 гадоў, дзе на ўдзел было заяўлена 32 шахматысткі. Нягледзячы на тое, што Вольга Бадэлька шмат каму з іх саступала ва ўзросце, чэмпіёнкай у гэтай групе зноў стала менавіта яна. Набраўшы 8 ачкоў з 9, Оля заслужана атрымала ад судзяў чарговы залаты медаль.
У складзе беларускай дэлегацыі на чэмпіянаце, акрамя Вольгі Бадэлька, выступалі яшчэ трое навучэнцаў Магілёўскай абласной СДЮШАР па шахматах і шашках. Гэта Яўген Абразевіч, Ксенія Зелянцова і Арсен Котаў. Вяртанне навучэнцаў абласной СДЮШАР у родны горад таксама стала трыумфальным. Яўген і Ксенія ў складзе зборнай Беларусі занялі першае месца па выніках каманднага заліку ва ўзроставай групе да 10 гадоў, а Арсен разам з Вольгай Бадэлька — першае месца па выніках каманднага заліку ва ўзроставай групе да 14 гадоў. Акрамя таго, Ксенія Зелянцова ў спаборніцтвах сярод дзяўчынак да 10 гадоў па бліцы атрымала бронзавы медаль.
Увогуле ж магілёўскія шахматысты заваявалі на чэмпіянаце Еўропы сем медалёў, шэсць з якіх вышэйшай пробы. Вынік уражвае, але ён быў бы немагчымы без зацятых трэніровак і карпатлівай працы як саміх вучняў, так і іх трэнераў Леаніда Саксонава і Аляксандра Сталярова.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.