Майстар-клас для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці

Майстар-клас для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Сучасныя падыходы да арганізацыі кіраўніцкай і метадычнай работы на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі” арганізаваны Мастоўскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам і сярэдняй школай № 5 Мастоў.

Правяла майстар-клас намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Тамара Валер’еўна Салей, якая курыруе I ступень агульнай сярэдняй адукацыі. У тэарэтычнай частцы майстар-класа ўдзельнікі азнаёміліся з партфоліа Т.В.Салей, яе функцыянальнымі абавязкамі, абсталяваннем працоўнага месца, тэхналагізацыяй кіраўніцкай дзейнасці, арганізацыяй адукацыйнага працэсу на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў сярэдняй школе № 5 Мастоў.

У кіраўніцкі “планшэт” для вывучэння ўдзельнікі майстар-класа ўключылі пытанні кампетэнтнаснага падыходу па аналізе работы за навучальны год і выпрацоўкі прыярытэтных мэт, задач, кірункаў работы на новы навучальны год. Разгледжаны пытанні рэалізацыі метадычнай тэмы, удасканалення метадычнай культуры педагогаў на аснове вынікаў дыягностыкі, атэстацыі настаўнікаў пачатковых класаў, алгарытмы аналізу стану адукацыйнага працэсу ў пачатковых класах, самакантролю на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, прыняцці кіраўнічых рашэнняў.

У склад метадычнага партфоліа намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Т.В.Салей увайшло выкарыстанне практыка-арыентаваных формаў метадычнай дзейнасці ў рабоце з настаўнікамі пачатковых класаў на аснове вынікаў дыягностыкі, выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій у метадычнай прасторы, адукацыйным працэсе, сеткавага ўзаемадзеяння і самаадукацыі педагогаў, інавацыйнай дзейнасці.

Настаўнікі пачатковых класаў трансліравалі лепшы вопыт сумеснай працы па развіцці інфармацыйных камунікацыйных кампетэнцый настаўнікаў і навучэнцаў сродкамі вучэбнага кабінета (Л.І.Пруская), арганізацыі эфектыўнай працы з высокаматываванымі вучнямі, іх падрыхтоўцы да дзейснага ўдзелу ў алімпіядах (А.А.Янушкевіч), стварэнні і выкарыстанні прэзентацый на вучэбных занятках (Н.Я.Палуйчык), раскрыцці магчымасцяў інтэрактыўнай дошкі ў пачатковых класах (В.М.Краўцэвіч), развіцці даследчых кампетэнцый настаўніка і навучэнца (С.М.Мандзік, Н.У.Сукач), выкарыстанні метадычнай літаратуры як сродку павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў (Г.М.Мартынюк).

Практычная частка майстар-класа дала магчымасць павысіць прафесійныя кампетэнцыі кіруючага саставу праз удзел у дзелавой гульні “Стварэнне мадэлі кіраўнічай падсістэмы” (1 група — дырэктары, 2 група — намеснікі дырэктараў па вучэбнай рабоце, 3 група — педагогі, 4 група — вучні). Праз узаемадзеянне ў групах распрацаваны прынцыпы, заканамернасці, на якіх засноўваецца дзейнасць кіраўнічай падсістэмы, вызначаны стымуляцыйныя сродкі, ранжыраваны функцыі кіравання.

Галіна ГЛУТКІНА,
загадчык Мастоўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.