Майстар-клас для педагогаў-дадаткоўцаў

Слухаеш чароўныя мелодыі, што нясуць гуслі, дудкі, нейкія малавядомыя немузычнаму чалавеку інструменты, здзіўляешся, як у гэты інструментальны хор упісваюцца простыя прылады працы нашых продкаў, і, здаецца, апынаешся ў чароўным свеце, адрываешся ад сучаснасці, і дзіўная асалода захоплівае тваё сэрца. Гэта фальклор.

Менавіта такія пачуцці агортвалі тых, хто прыняў удзел у І адкрытым міжрэгіянальным майстар-класе педагогаў дадатковай адукацыі “Абрадавая атрыбутыка і народная лялька ў святочнай культуры беларусаў”, які прайшоў у сакавіку на Гомельшчыне. Ён стаў першым з 48 мерапрыемстваў, ініцыіраваных Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Гомельскім абласным палацам творчасці ў рамках Рэспубліканскага мастацка-адукацыйнага праекта “Беларускае мастацтва і дзеці”.

Сама ідэя правядзення такога майстар-класа нарадзілася яшчэ ў мінулым навучальным годзе. Навеяна яна была ўдзельнікамі фестывалю “Прывітанне, свет!”. Кожны рэгіён, прадстаўляючы сваю праграму, адзначаўся сваімі дасягненнямі ў той ці іншай творчай сферы. Напрыклад, Віцебшчына выглядае наймацнейшай у харэаграфіі, Гродзеншчына — у дэкаратыўна-прыкладной творчасці, Гомельская вобласць — у вакале і фальклоры. Так на адным з рэспубліканскіх пасяджэнняў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пачалі абмяркоўваць магчымасць стварэння нейкіх творчых лабараторый на базе рэгіёнаў, якія стануць трансляцыяй вопыту ў пэўным кірунку. Гэта і стала пачаткам цікавага праекта, адкрыццё якога было запланавана ў Гомелі.

Варта сказаць, што ў рэгіёне беражліва захоўваецца фальклор. Галоўным сховішчам народнай творчасці з’яўляюцца якраз установы дадатковай адукацыі і школьныя аб’яднанні па інтарэсах. І гэта асабліва важна, таму што педагогі, захопленыя фальклорам, уцягваюць у гэтую творчасць дзяцей, а значыць, забяспечваюць далейшае жыццё таго багацця, якое дасталася нам ад продкаў. Таму не дзіўна, што Гомельская вобласць была вызначана пляцоўкай для правядзення майстар-класаў па фальклорнай творчасці. Народная лялька таксама трапіла сюды невыпадкова. Па-першае, тут прасочваецца непарыўная сувязь з фальклорам, паколькі выраб лялькі звязаны з беларускім ці мясцовым строем. Па-другое, у гэтым кірунку гамяльчане таксама паказалі свае дасягненні, стаўшы пераможцамі ў мінулагоднім Рэспубліканскім конкурсе праектна-даследчых работ “Выхаванне на аснове традыцый беларускага народа. Беларуская народная цацка”.

У сярэдняй школе № 30 абласнога цэнтра, якая была выбрана пляцоўкай для правядзення міжрэгіянальнага майстар-класа педагогаў дадатковай адукацыі, сабралася амаль 60 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў вобласці і Магілёва. Яны сталі не толькі слухачамі, але і непасрэднымі ўдзельнікамі цікавага і чароўнага дзейства, якое прадставілі лепшыя майстры дэкаратыўна-прыкладной і фальклорнай творчасці Гомельшчыны.

Тое, што ўдзельнікаў мерапрыемства запрасілі менавіта ў гэтую гомельскую школу, таксама не выпадкова. Тут старадаўнія традыцыі не проста захоўваюць, а паспяхова развіваюць, выкарыстоўваючы сучасныя падыходы. Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у школьным узорным фальклорным калектыве “Этнашкола “Традыцыя”, якім кіруе Вольга Драмук. Этнашкола ўключае ў сябе некалькі напрамкаў. Гэта і дзіцячы тэатр, і інструментальны фальклор, і харэаграфія, пабудаваная на гісторыка-бытавых танцах Гомельшчыны. Усё гэта было прадэманстравана гасцям.

Харэограф узорнага калектыву Святлана Карс разам са сваімі выхаванцамі паказалі фрагменты вывучаных танцаў, якія былі папулярнымі ў рэгіёне ў даўнія часы.

— Мы пачыналі сваё развіццё з рэканструкцыі ўсіх абрадавых традыцый, — расказала Святлана Міхайлаўна. — Было няпроста не толькі дзеткам, але і мне самой. Думалася, што ўсё павінна быць прыгожа, правільна: рукі павінны быць у такой пазіцыі і ніяк інакш, нахіленне тулава такое, а не іншае. Аказалася, што неабходна імправізаваць, толькі тады атрымліваецца натуральна, лёгка — так, як было ў нашых продкаў.

Да такой высновы харэограф прыйшла дзякуючы манаграфіі вядомага мастацтвазнаўца Юліі Чурко, якую ёй параілі прачытаць. Святлана Карс прызнаецца, што цяпер гэта яе настольная кніга.

Асаблівую асалоду зала атрымала ад інструментальнага фальклору, прэзентаванага музычным калектывам “Найгрыш”, які таксама з’яўляецца часткай узорнага калектыву “Этнашкола “Традыцыя”. Гэта тая дзіўная музыка, якая здольна пранікнуць у самую глыбіню душы, разліцца ў табе чароўным напоем, закалыхаць, заспакоіць ці, наадварот, прымусіць прачнуцца, каб паглядзець навокал і зразумець усю прыгажосць жыцця. У многім гэтыя пачуцці ўзнікаюць таму, што гучанне інструментаў сугучна з гукамі прыроды. Стракатанне конікаў, спевы птушак, павевы ветру і шалясценне каласоў — усё гэта дзіўным чынам ствараюць дзеці з дапамогай музычных інструментаў. І з якой любоўю яны гэта робяць, як самі прыслухоўваюцца да гучання!

— Мае выхаванцы гатовы гадзінамі выпрабоўваць сябе, пакуль не атрымаюць той вынік, тое гучанне, якое чакаюць, — расказвае кіраўнік “Найгрыша” Вікторыя Фядзяй.

Да яе ў калектыў прыходзяць дзеці рознага ўзросту. Самым малым, якія ўдзельнічалі ў майстар-класе, — 7—8 гадоў. У іх яшчэ не хапае ўседлівасці, але, як кажа Вікторыя Аляксандраўна, яны спрабуюць выпрацоўваць у сабе гэтую якасць, бо самае страшнае для іх пакаранне — калі педагог просіць пакінуць класны пакой. Тады прыйдзецца чакаць за дзвярыма і зайздросціць сябрам, якія дружна перабіраюць пальцамі інструменты, дастаючы з… чароўную мелодыю.

Сама Вікторыя Аляксандраўна проста хварэе сваёй справай, таму не дзіўна, што яе выхаванцы заражаюцца любоўю да музыкі. Сёння ў музычнага калектыву “Найгрыш” даволі высокі ўзровень, і ў красавіку ён рыхтуецца атрымаць званне ўзорнага.

Свой майстар-клас паказала таксама педагог дадатковай адукацыі Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі кіраўнік народнага тэатра фальклорнай песні Вольга Сапожнікава. Разам з дзецьмі яна падрыхтавала для ўдзельнікаў міжрэгіянальнага мерапрыемства музычны фальклор “Духоўныя спевы”.

Пакуль музыканты і харэографы з асалодай слухалі духоўныя канты і псалмы, гучанне аўтэнтычных народных інструментаў, назіралі за дзіцячым гульнявым фальклорам, даўно страчанымі побытавымі танцамі Палескага і Падняпроўскага рэгіёнаў, паглыбляючыся ў гісторыю народнага ладу, музычных і песенных традыцый Гомельшчыны, педагогі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знаёміліся з тэхналогіяй стварэння абрадавых лялек.

Педагог дадатковай адукацыі кіраўнік народнай студыі “Чараўніцы” Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна Святлана Крыкун пазнаёміла калег з тэхналогіяй вырабу абрадавай лялькі “купаўкі”. А пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі гімназіі № 51 Гомеля Марыі Кірушкінай удзельнікі майстар-класа стваралі абярэжную ляльку “крупенічку”.

— Адкрыты міжрэгіянальны майстар-клас для педагогаў-дадаткоўцаў даў магчымасць не проста паназіраць, як працуюць калегі, але і пазнаёміцца з сучаснымі падыходамі, методыкамі і тэхналогіямі дэкаратыўна-прыкладной і фальклорнай творчасці, якія выкарыстоўваюць у сваёй рабоце гамяльчане, — адзначыла метадыст аддзела навукова-метадычнага і псіхолага-педагагічнага суправаджэння дадатковай адукацыі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Крыўко. — Да таго ж такія сустрэчы дапамагаюць абудзіць генетычную памяць народа. А гэта архіважна ў наш імклівы век.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.