Майстар-клас “Вэб-квэст як форма арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў”

Аўтар распрацоўкі — Наталля Аляксееўна Куляшова, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Касцянёўскай базавай школы Слонімскага раёна”.

Мэты:

знаёмства ўдзельнікаў з асаблівасцямі тэхналогіі web-квэст, формамі выкарыстання элементаў тэхналогіі на ўроку;

прадэманстраваць прыёмы фарміравання камунікатыўных навыкаў;

арганізаваць сумесную работу ўдзельнікаў майстар-класа над метадычнымі прыёмамі ў рамках педагагічнай тэхналогіі;

стварыць умовы для самарэалізацыі і творчай актыўнасці ўдзельнікаў.

Абсталяванне: прэзентацыя, персанальныя камп’ютары з выхадам у інтэрнэт.

Умовы для ўдзелу: наяўнасць паштовай скрыні на gmail.com.

Ход майстар-класа

  1. Арганізацыйны этап.

Мэта: знаёмства з удзельнікамі майстар-класа, арганізацыя работы.

Педагагічная задача: падрыхтаваць прысутных да работы.

Сучасны настаўнік… Хто ён? Якім павінен быць? Гэтае пытанне заўсёды хвалявала і хвалюе. Ён мусіць быць самы-самы! Калі задаць гэтае пытанне вучню, то пачуем: “Настаўнік павінен быць самы актыўны, самы ініцыятыўны, самы дынамічны, самы модны”. Калі спытаем у бацькоў, то яны адкажуць: “Настаўнік павінен быць самы справядлівы, самы стрэсаўстойлівы, самым чулы”.

А як адкажаце на гэтае пытанне вы, паважаныя калегі? Толькі я папрашу вас свае адказы суаднесці з прадметамі, якія знойдзеце ў чароўнай скрыні.

Гульня “Чароўная скрыня”.

Удзельнікам майстар-класа прапануецца выцягнуць са скрыні схаваны прадмет і даць тлумачэнне, выказаць асацыяцыі. Напрыклад, флэшка — прадмет, які захоўвае інфармацыю, падказвае, што сучасны настаўнік таксама павінен утрымліваць у галаве вялікую колькасць інфармацыі.

У скрыні могуць быць цацка, люстэрка, сардэчныя лекі, гадзіннік, грэбень і інш.

  1. Пазнавальны этап.

Мэта: прадстаўленне ўдзельнікам матэрыялу — метадычнай асновы тэхналогіі web-квэст.

Педагагічная задача: арганізаваць пазнавальную дзейнасць па засваенні інфармацыі.

Прэзентацыя тэхналогіі.

На нашых вачах змяняецца краіна, змяняецца і школа, а таму — і вучні. Сёння гэта дзеці, якія свабодна карыстаюцца планшэтамі і сматфонамі, падтрымліваюць зносіны ў інтэрнэце. І настаўнік таксама павінен ісці ў нагу з часам. Галоўная задача сучаснага настаўніка — дапамагаць атрымліваць новыя веды, выкарыстоўваючы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, умець фарміраваць у навучэнцаў інфармацыйную кампетэнтнасць, развіваць цікаўнасць, пазнавальнасць і творчасць.

Нашы вучні шмат часу праводзяць за маніторамі камп’ютараў, гуляючы ці выконваючы заданні (квэсты). Часцей за ўсё такія гульні не маюць ніякага адукацыйнага эфекту, служаць толькі для забаў. Як зрабіць так, каб ад такой гульні была карысць? Гэта і ёсць задача сучаснага настаўніка, задача нашай сустрэчы.

Для таго каб зацікавіць сучасных навучэнцаў інтэлектуальнай гульнёй, на дапамогу прыходзіць тэхналогія web-квэст, якая для многіх настаўнікаў застаецца пакуль загадкай.

Web — інтэрнэт-сайты, сусветная павуціна, а квэст — гульня з заданнямі. Такім чынам, атрымліваем: “web-квэст — гэта ролевая гульня з выкананнем праблемнага задання, для якой патрабуюцца рэсурсы сеткі інтэрнэт”.

Квэсты, якія ахопліваюць асобную праблему вучэбнага прадмета, тэму ці тэмы некалькіх прадметаў, адносяцца да адукацыйных.

Вэб-квэст садзейнічае:

  • павышэнню матывацыі да саманавучання;
  • фарміраванню новых кампетэнцый на аснове выкарыстання ІТ для рашэння вучэбных задач;
  • рэалізацыі творчага патэнцыялу;
  • павышэнню асобаснай самаацэнкі;
  • развіццю незапатрабаваных у вучэбным працэсе асобасных якасцей;
  • развіццю самастойнасці, мыслення.

Структура вэб-квэсту:

  • уступ;
  • цэнтральнае заданне;
  • план работы;
  • спіс інфармацыйных рэсурсаў;
  • апісанне працэдуры работы;
  • апісанне ацэнкі і крытэрыяў работы;
  • падвядзенне вынікаў.

Такім чынам, выкарыстанне тэхналогіі web-квэст на ўроках беларускай мовы і літаратуры, падчас правядзення пазакласных мерапрыемстваў дапамагае ў выхаванні пазнавальных інтарэсаў і актывізацыі пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў.     

  1. Імітацыя гульні.

Мэта: правядзенне фрагмента заняткаў з выкарыстаннем прадстаўленай тэхналогіі.

Педагагічная задача: вызначыць узровень засваення ўдзельнікамі прадстаўленага матэрыялу, уменне практычна выкарыстоўваць вывучаныя прыёмы.

Для таго каб яшчэ раз асэнсаваць метады і прыёмы тэхналогіі web-квэст на асобных этапах урокаў беларускай мовы і літаратуры, я прапаную ўключыцца ў праект “Беларусь мая, ты адзіная!” (kuleshova1781@gmail.com) і прайсці па парадку  ўсе этапы вэб-квэсту.

Актуальнасць праекта

  • Вэб-квэст — гэта сучасная форма праектна-даследчай дзейнасці.
  • Вэб-квэст “Беларусь мая, ты адзіная!” дае магчымасць навучэнцам 5—7 класаў паглыбіць веды пра загадкі, казкі, прыказкі і прымаўкі, песні і традыцыі беларускага народа, згадаць творы вядомых беларускіх пісьменнікаў, якія вывучаліся на працягу года, выкарыстоўваючы сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.
  • Інтэрнэт — знаёмае для навучэнцаў асяроддзе.

        Мэта праекта — арганізацыя паглыбленага вывучэння вуснай народнай творчасці (фальклору), твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў праз праектна-даследчую дзейнасць з выкарыстаннем электронна-адукацыйных рэсурсаў.

Задачы праекта:

  • уводзіць у вучэбны працэс праектна-даследчую дзейнасць;
  • паглыбіць веды пра творы вуснай народнай твочасці, традыцыі беларусаў праз выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій;
  • стварыць умовы для выкарыстання навучэнцамі сэрвісаў WEB0 у вучэбным пррацэсе;
  • забяспечыць фарміраванне сеткавай культуры зносін у навучэнцаў, пазнаёміць з правіламі бяспечных паводзін у інтэрнэце.

Пачынаем работу з цэнтральнага задання. Гульня пачынаецца са знаёмства каманд — закладка “Давайце пазнаёмімся”, дзе кожная каманда стварае ўласную візітку з дапамогай сэрвісу https://pro100tak.com

1 этап праекта “Залацінкі народнай мудрасці” мае некалькі заданняў:

“Крыжаванка”: разгадайце загадкі, вызначыць кодавае зашыфраванае слова

(http://puzzlecup.com).

“Калаж”: узнавіце ў памяці беларускія народныя прыказкі пра родную старонку праз рашэнне камбінацыі https://learningapps.org, стварыце да іх некалькі ілюстрацый і ўласны калаж на сэрвісе http://www.getloupe.com.

Кожная каманда мае магчымасць атрымаць дадатковы бал за выкананне дадатковага задання.

2 этап праекта “Спадчына роднай краіны”.

“Віктарына”: праглядзіце відэаролікі, прысвечаныя народным святам Купалле і Каляды, адкажыце на пытанні віктарыны, створанай у сэрвісе “Google Формы”.

“Вернісаж”: прыгадайце народныя святы па малюнках і стварыце “воблака слоў” з выкарыстаннем электроннага сэрвісу  http://wordcloud.pro/ru.

3 этап праекта “Славутыя імёны продкаў”.

“Філворд”: расшыфруйце прозвішчы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, творы якіх вывучаліся на ўроках беларускай літаратуры ў 5—7 класах, з дапамогай сэрвісу https://onlinetestpad.com

“Хто аўтар?”: разгадайце рэбусы і ўзнавіце ў памяці аўтараў зашыфраваных кодаў. Для стварэння рэбусаў выкарыстоўваўся электронны сэрвіс http://rebus1.com.

“Жывое слова”: вывучыце на памяць верш, запішыце сваё выступленне на відэакамеру і дасылайце настаўніку.

Этап “Падвядзенне вынікаў”.

Балы, заробленыя камандамі, фіксіруюцца ў табліцы дасягненняў (“Google Таблицы”). Па колькасці заробленых балаў вызначаюцца пераможцы. Кожная каманда атрымлівае дыплом і дадатковыя веды.

  1. Рэфлексія.

Мэта: аналіз мэтазгоднасці выкарыстання прыёмаў тэхналогіі web-квэст на ўроку.

— Дзякуй за работу. Спадзяюся, што знаёмства з новай тэхналогіяй для вас было цікава, вы штосьці для сябе адкрылі, штосьці ўзялі на заметку.

Прытча “Чатыры свечкі”

Чатыры свечкі спакойна гарэлі і паволі раставалі… Было так ціха, што чулася іх размова. Першая сказала:

— Я — Спакой. На жаль, людзі не ўмеюць мяне захоўваць, яны ўвесь час некуды спяшаюцца, хвалююцца. Думаю, не застаецца нічога, як патухнуць!

І агеньчык свечкі патух.

Другая свечка сказала:

— Я — Вера. На жаль, я нікому не патрэбна. Людзі здраджваюць не толькі іншым, але і самім сабе — няма сэнсу гарэць далей.

Падзьмуў лёгкі ветрык і патушыў свечку. Засумаваўшы, трэцяя свечка вымавіла:

— Я — Любоў. У мяне ўжо няма сіл гарэць далей. Людзі не цэняць мяне і не разумеюць. Яны не клапоцяцца нават пра сваіх блізкіх. Калі я і ёсць, то ў мяне кароткі век, — сказала яна і патухла.

І раптам у пакой увайшло дзіця і ўбачыла тры патухлыя свечкі. Спужаўшыся, яно закрычала:

— Што вы робіце?! Вы павінны гарэць! Я баюся цемры!

Вымавіўшы гэта, яно заплакала. Усхваляваная чацвёртая свечка раптам загаварыла:

— Не бойся і не плач! Пакуль гару я, можна запаліць і іншыя свечкі. І тады зноў стане светла. Я — Надзея.

Вельмі хачу, каб не згасаў у вашых сэрцах агеньчык надзеі, у вашых душах — агеньчыкі спакою, веры і любові.

  1. Падвядзенне вынікаў майстар-класа.

 

Памятка