Майстар-­класы для калег са сталіцы

- 10:00Адукацыйная прастора

Члены маладзёжнага савета Гродзенскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ў рамках трэцяга этапу праекта “Педагог — грамадзянін, сем’янін” прымалі ў Гродне сваіх калег з Мінскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза.

Менавіта мінчане стварылі праект, удзельнікамі якога ў ліку іншых абласцей сталі і гродзенскія маладыя педагогі. Дэлегацыя з Гродна раней пабывала ў Мінску. Гэтым жа разам гродзенцы выступалі гаспадарамі мерапрыемстваў.

На базе гімназіі № 5 Гродна і ліцэя № 1 гродзенцы арганізавалі майстар-класы па рабоце класных кіраўнікоў. Маладыя спецыялісты змаглі азнаёміцца з рознымі відамі дзейнасці, якія яны могуць прапанаваць сваім вучням. Гасцям таксама паказалі музеі і музейныя пакоі ўстаноў адукацыі і расказалі, як музейная прастора выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе, як дапамагае класным кіраўнікам у рабоце па выхаванні моладзі.

— У Год гістарычнай памяці асаблівую значнасць набывае музейная дзейнасць. Ва ўстановах Гродзенскай вобласці сапраўды годныя музеі, многія раскрываюць тэму Вялікай Айчыннай вайны, Першай сусветнай вайны, расказваюць пра герояў. Таму вельмі хацелася паказаць маладым педагогам нашы музеі, — сказала старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ганна Гарацкевіч.

Дырэктар гімназіі № 5 Гродна Вольга Хітрушка азнаёміла гасцей з установай адукацыі з глыбокімі традыцыямі эстэтычнага выхавання, з музеем гімназіі.

У гімназіі з эстэтычным ухілам, дзе праз сістэму факультатыўных заняткаў навучэнцы развіваюцца ў мастацкім, музычным, харэаграфічным і тэатральным кірунках, маладым спецыялістам прапанавалі майстар-клас па вывучэнні беларускіх выяўленчых традыцый, у прыватнасці, тэхнікі выцінанкі. Моладзь вучылася рабіць чароўны гадзіннік з паперы, што ў сваіх установах адукацыі можна паспрабаваць паўтарыць як на ўроках выяўленчага мастацтва, так і на звычайных, а таксама ў групах прадоўжанага дня. Імправізаваны механізм дазваляе вызначаць час па гадзінніку, што таксама важна даносіць да малодшых школьнікаў, якія не заўсёды арыентуюцца ў звычайным гадзінніку.

— Калі дзеці атрымліваюць інфармацыю праз творчасць, гульню, то могуць успрыняць, зразумець і запомніць матэрыял любой складанасці, — падкрэсліла настаўніца выяўленчага мастацтва гімназіі № 5 Гродна Святлана Выдзерка. — Падобныя майстар-класы ў нашай гімназіі не рэдкасць. Прапаноўваем прыняць у іх удзел не толькі педагогам, але і гасцям установы адукацыі. Некалькі разоў праводзілі майстар-класы па выцінанцы для дэлегацыі школьнікаў і настаўнікаў сярэдняй школы № 4 горада Луннань правінцыі Ганьсу Кітайскай Народнай Рэспублікі, а яны ў сваю чаргу для нас — па класічным кітайскім жывапісе. Выступаем і перад педагогамі ў інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, у дамах творчасці. 

У рамках мерапрыемстваў маладыя педагогі Мінска і Гродна прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы і абмеркавалі праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Ірына АНІКЕВІЧ.