Майстар мехатронікі

- 15:00Якасць адукацыі

Калі Арцём Новікаў паступіў у Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, то і падумаць не мог, што ўстанова стане для яго не толькі месцам навучання, але і месцам працы. З верасня гэтага года ён заходзіць у знаёмыя майстэрні і лабараторыі ў новай якасці — майстра вытворчага навучання. Яго прафесійны дэбют аказаўся ўдалым: малады спецыяліст лёгка знаходзіць агульную мову з навучэнцамі і ўмее зацікавіць іх, у яго ўжо склаўся свой стыль работы.  

Усё пачалося з захаплення 

Школьніка Арцёма Новікава нячаста можна было ўба­чыць у маладзёжных тусоўках яго роднай Узды. Яму нецікава было марнаваць час без мэты, бо яшчэ ў дзяцінстве з’явілася хобі, якое авалодала ім усур’ёз і надоўга. Юнак захапіўся радыётэхнікай і радыёэлектронікай. Гэтае захапленне дапамагло яму развіць шмат карысных якасцей і потым знайсці сябе ў прафесіі.  

У радыётэхніцы Арцём быў самавучкай. Любімую справу спасцігаў па матэрыялам, што знаходзіў у інтэрнэце. Для гэтага, безумоўна, патрэбны моцная вытрымка і цярплівасць. Гадзінамі ён разбіраўся ў новых схемах, суткамі мог збі­раць новы прыбор, а за неабходнымі дэталямі ездзіў аж у сталіцу. На дэталі траціў усе свае грошы. І, дарэчы, грошай у бацькоў ніколі не прасіў. Спачатку здаваў другасную сыравіну, а калі пачаў добра разбірацца ў тэхніцы, дапамагаў у мясцовым сэрвісным цэнтры і такім чынам  зарабляў грошы. У невялікім горадзе часам было не дастаць патрэбных матэрыялаў, але і гэта не спыняла юнага тэхніка — дзякуючы кемлівасці ён знаходзіў выхад. Напрыклад, сродак для вытраўлення дарожак на платах рабіў сам на аснове перакісу вадароду і лімоннай кіслаты. Яму давялося па максімуме развіць і свае камунікатыўныя ўменні — трэба было шмат дамаўляцца з людзьмі, каб здабыць патрэбныя дэталі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, ад свайго хобі юнак ніколі не адмаўляўся.

Канечне, менавіта з тэхнікай ён хацеў звязаць і сваё прафесійнае жыццё. А дакладны “адрас” для гэтага падказаў лёс. Пасля 9 класа Арцёму не ўдалося паступіць у Акадэмію сувязі. Затое на працягу наступнага года яму давялося не раз чуць пра Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе (філіял РІПА), куды паступіў яго сябар. І менавіта праз год (што гэта, калі не лёс?) у каледжы пачаўся набор па новай спецыяльнасці, якая ў далейшым дала Арцёму магчымасць максімальна рэалізаваць сябе. Гэта спецыяльнасць “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”. Навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыі “аператар станкоў з праграмным кіраваннем”, “наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем”, “мехатронік”. 

Юны мехатронік 

У каледжы актыўны і дапытлівы  юнак адразу звярнуў на сябе ўвагу. Па-першае, не баяўся камунікаваць з педагогамі і задаваць пытанні, а па-другое, было відавочна, што ў яго ўжо ёсць некаторыя веды па спецдысцыплінах. Пакуль педагогі знаёміліся з новымі навучэнцамі, групу, дзе вучыўся Арцём, некаторы час называлі групай Новікава.    

У пачатку навучання ў праграме было шмат агульнаадукацыйных прадметаў, а Арцёму нецярпелася папрацаваць з тэхнікай. Таму ён адразу ж пайшоў у аб’яднанне па інтарэсах “Юны мехатронік”, якое вядзе Павел Віктаравіч Сініца. Юнаку гэтая справа так спадабалася, што да 4 курса, калі па праграме толькі пачынаюцца заняткі па мехатроніцы, ён прыйшоў ужо па сутнасці спецыялістам.

Да прафесіі Арцём ставіцца з павагай і бачыць яе перспектывы.  

— Мне вельмі падабаецца гэтая справа. Па-першае — гэта тое, што мне па душы. Па-другое, гэта вельмі перспектыўна. Аўтаматызацыя вытворчасцей  па ўсім свеце будзе ўзмацняцца, развіваецца яна і ў нашай краіне. Таму патрэба ў спецыялістах такога напрамку будзе толькі ўзрастаць, — разважае малады майстар.

У каледжы Арцём апынуўся ў сваёй стыхіі — у свеце тэхнікі. Ён адчувае сябе ўпэўнена ў лабараторыях каледжа, дзе размешчана складанае, высокатэхналагічнае абсталяванне. Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе — гэта ўстанова, дзе ўжо сёння вывучаюць тэхналогіі, якія прадугледжвае індустрыя 4.0. У каледжы дзейнічае рэсурсны цэнтр, у 2019 годзе ў яго скла­дзе быў адкрыты сертыфікаваны FACT-цэнтр кампаніі Festo па кірунках “Iндустрыя 4.0” і “Мехатроніка”. Абсталяванне і праграмнае забеспячэнне вучэбнага цэнтра дае магчымасць вучыцца працаваць з прамысловымі, мабільнымі робатамі, якія праграмуюцца лагічнымі кантролерамі, HMI-панэлямі. Тут можна атрымаць грунтоўныя веды па аўтаматызацыі вытворчых працэсаў: вывучыць асновы мехатронікі і работы з мехатроннымі станцыямі, прамысловую гідра- і пнеўмааўтаматыку, праграмаванне розных відаў кантролераў, сучасныя сістэмы кіравання вытворчасцю, асновы стварэння лічбавага двайніка, тэхналогіі лічбавай вытворчасці, сучаснай лагістыкі і інш. І з усёй гэтай тэхнікай малады майстар даўно на “ты”.   

Ізноў прывітанне, каледж

На апошнім курсе Арцём стаў у каледжы лабарантам. Ён не толькі рыхтаваў абсталяванне для заняткаў, але і сам, па сутнасці, спрабаваў сябе ў ролі майстра — дапамагаў навучэнцам карыстацца інструментамі, збіраць пнеўматычныя схемы і г.д. Яму гэта настолькі спадабалася, што калі паступіла прапанова пасля выпуску застацца ў каледжы працаваць, то ён не сумняваўся ні імгнення.  

І вось ён ужо майстар вытворчага навучання. Яму адразу даручылі адказную і няпростую задачу — весці заняткі ў групах, якія прыязджаюць з іншых устаноў адукацыі ў рэсурсны  цэнтр у рамках сеткавага ўзаемадзеяння.  

— За некалькі месяцаў я папрацаваў з хлопцамі з Жодзіна, Гомеля, Гродна, Баранавіч. На першых жа занятках апынуўся ў сітуацыі, калі мае навучэнцы былі на некалькі гадоў старэйшыя за мяне. І ўвогуле да мяне прыходзяць прыкладна мае аднагодкі. Я не бачу ў гэтым складанасці, наадварот, тое, што мы блізкія па ўзросце, дапамагае хутка знаходзіць агульную мову і падыход, — дзеліцца Арцём. — На занятках я не толькі сам расказваю, але і слухаю навучэнцаў, імкнуся атрымаць зваротную сувязь, каб зразумець, якой інфармацыі і ведаў ім не хапае. На гэта і арыентуюся, бо лічу, што трэба даваць чалавеку манавіта тое, што яму патрэбна.  

Нават у самым пачатку свайго прафесійнага шляху Арцём не хваляваўся на занятках.  

 — У мяне ёсць план работы, я добра ведаю справу, якой навучаю, дык чаго хвалявацца?  Галоўнае — зацікавіць навучэнцаў. А мехатроніка такая захапляючая, што мала каго можа пакінуць раўнадушным, — рэзюмуе майстар.    

Шлях у Шанхай 

З аб’яднання па інтарэсах “Юны мехатронік” пачалася яшчэ адна цікавая гісторыя яго жыцця — гісторыя пад назвай WorldSkills. Менавіта ў аб’яднанні ён упершыню пачуў пра міжнародны конкурсны рух і вырашыў паспраба­ваць свае сілы ў ім. У выніку Арцём Новікаў разам з Аляксандрам Манюком сталі пераможцамі IV Рэспуб­ліканскага конкурсу WorldSkills Belarus — 2020 ў кампетэнцыі “Мехатроніка”. Зараз іх каманда рыхтуецца да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Shanghai —2022. Што­дзень канкурсанты сустракаюцца ў каледжы, каб разам удасканальваць сваё майстэрства. 

— Нам яшчэ працаваць і працаваць над сабой, бо на міжнародным узроўні заданні вельмі складаныя. Ды і сапернікі сур’ёзныя — немцы, кітайцы, расіяне моцныя ў мехатроніцы. Вясной у нас будзе яшчэ адборачны этап, які канчаткова вырашыць, хто паедзе ў Шанхай. Нават калі мне не давядзецца паехаць, я не шкадую, што аднойчы далучыўся да гэтага руху. Падрыхтоўка і ўдзел у конкурсе дазволілі атрымаць мноства ведаў і завесці новыя прафесійныя знаёмствы.  

Адначасова з уласнай конкурснай падрыхтоўкай Арцём дапамагае рыхтаваць новае пакаленне канкурсантаў у каледжы — у аб’яднанні “Юны мехатронік” ён дзеліцца вопытам з тымі, хто яшчэ толькі пачынае свой шлях у конкурсным руху.  

Нягледзячы на юны ўзрост, Арцём Новікаў хутка заваёўвае аўтарытэт у навучэнцаў. Усе, хто прыходзіць да яго на заняткі, адразу адзначаюць высокі ўзровень экспертнасці майстра, яго ўменне зразумела тлумачыць матэрыял і наладжваць зносіны з людзьмі, добразычлі­васць і пазітыўны настрой. Дарэчы, у найбліжэйшы час Арцём плануе дадаткова атрымаць педагагічную адукацыю, каб працаваць яшчэ эфектыўней.

Безумоўна, такія кадры — маладыя, апантаныя, энергічныя і неабыякавыя — будучыня прафесійнай адукацыі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.