Майстар мультымедыя

Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 18 Баранавіч Брэсцкай вобласці Вольга Уладзіміраўна Цішкевіч стала пераможцай ІІІ Усерасійскага дыстанцыйнага конкурсу “Майстар мультымедыйных тэхналогій — 2013”. Яе работа — прэзентацыя-гульня “У свеце жывёл” — перамагла ў намінацыі “Мультымедыйныя тэхналогіі ў пазаўрочнай дзейнасці”. Вольга Уладзіміраўна ўзнагароджана дыпломам пераможцы, атрымала пасведчанне аб публікацыі вучэбна-метадычнага матэрыялу і падзяку за актыўны ўдзел у спаборніцтвах.

Галоўныя мэты дыстанцыйнага конкурсу — павышэнне прафесійнага майстэрства педагогаў; прасоўванне новых камп’ютарных тэхналогій у адукацыйным працэсе; выяўленне, абмен і распаўсюджванне педагагічнага вопыту выкарыстання мультымедыйных матэрыялаў у пачатковых класах і дашкольных установах; інфармацыйная падтрымка творчых педагогаў. У ім прынялі ўдзел педагогі дашкольных адукацыйных устаноў, настаўнікі пачатковай школы і В.У. Цішкевічсярэдняга звяна, а таксама педагогі дадатковай адукацыі, чые вучэбна-метадычныя матэрыялы звязаны з перыядам дзяцінства. На спаборніцтвы было прадстаўлена каля 100 работ — мультымедыйныя прэзентацыі, гульні, тэсты, трэнажоры, якія ўключаюць ілюстрацыі, анімацыю, відэафрагменты, музычнае суправаджэнне.
Па словах В.У.Цішкевіч, асноўная мэта прэзентацыі-гульні “У свеце жывёл”— абагуліць і пашырыць веды дзяцей аб свеце жывёл, пазнаёміць малодшых школьнікаў з цікавымі фактамі. Распрацоўка змяшчае такія раздзелы, як “Самыя” (складаецца з пытанняў аб жывёлах, якія валодаюць пэўнымі ўнікальнымі ўласцівасцямі); “Рэбусы” (рэбусы аб назвах жывёл), “Галасы” (гукі, якія ўтвараюць жывёлы), “Загадкі” (загадкі пра жывёл), “Песні” (фанаграмы песень пра жывёл), “Казкі” (пытанні пра жывёл з казак); “Мульт” (пытанні пра жывёл з мультфільмаў), “Анаграмы” (заданні на складанне назваў жывёл з набору літар). Пытанні размеркаваны па ступені складанасці ад 5 балаў (самыя складаныя) да 1 бала. Адказ на кожнае пытанне суправаджаецца выявай жывёлы і цікавымі фактамі аб ёй. Гульня прызначана для навучэнцаў пачатковай школы, але можа выкарыстоўвацца і ў сярэднім звяне. Практыка паказвае, што гэты мультымедыйны матэрыял садзейнічае стварэнню інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы, актывізуе пазнавальную актыўнасць навучэнцаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.