Майстар у спорце

Кандыдат у майстры спорту па шахматах і гарадках Міхаіл Сяргеевіч Панушкін — асоба вядомая, і не толькі ў Ваўкавыску. Ён падрыхтаваў цэлую плеяду юных чэмпіёнаў, з’яўляецца арганізатарам шматлікіх спартыўных спаборніцтваў. Сёння М.Панушкін на заслужаным адпачынку, аднак са школьным спортам не развітваецца і працягвае весці гурток па шахматах у сярэдняй школе № 7 Ваўкавыска.

Нарадзіўся Міхаіл Сяргеевіч у вёсцы Уздорнікі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. У сям’і было сямёра дзяцей, ён самы малодшы. Спазнаў цяжкую сялянскую працу. Калі Мішу было 5 гадоў, пачалася Вялікая Айчынная вайна. У пачатковую школу, якую скончыў на выдатна, пайшоў пасля вызвалення вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе. Далей паспяхова вучыўся ва Ульянавіцкай сярэдняй школе. Быў фізаргам, займаўся рознымі відамі спорту (скачкамі ў вышыню, стральбой, шахматамі), а па шашках і валейболе гуляў за зборную школы.

Пасля першага года службы ў войску Міхаіл Панушкін быў залічаны ў Ленінградскае ваенна-тэхнічнае вучылішча на гадавыя курсы па рамонце стралковай зброі, пасля заканчэння якіх служыў у зброева-кулямётнай роце. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся на Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання слесарам — зборшчыкам ручных саломарэзак, а праз паўгода стаў працаваць токарам. На заводзе рэгулярна праводзіў спартакіяды па розных відах спорту. За добра пастаўленую спартыўную працу на прадпрыемстве маладога спецыяліста заўважылі і запрасілі ў ДФСТ “Ураджай” спачатку інструктарам, а потым і старшынёй гэтага спартыўнага таварыства. Усе кіраўнікі такога рангу павінны мець вышэйшую адукацыю, і Міхаіл Сяргеевіч паступіў у Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры, які паспяхова закончыў. Тут якраз і выявіўся яго арганізатарскі талент як добрага прапагандыста і непасрэднага ўдзельніка спаборніцтваў.

Па спартыўна-масавай рабоце ДФСТ “Ураджай” 7 гадоў утрымліваў пераходзячы Чырвоны сцяг у вобласці. 13 гадоў М.С.Панушкін узначальваў гэты калектыў, але з-за вельмі частых камандзіровак вырашыў пакінуць пост і перайшоў на працу ў сярэднюю школу № 6 Ваўкавыска (цяпер гімназія № 2). Маючы за плячыма багаты вопыт па працы з металам, Міхаіл Сяргеевіч з энтузіязмам стаў вучыць дзяцей слясарнай і такарнай справам. У школе ён вёў не толькі ўрокі працы, але і гурток па шахматах.

У 1971 годзе на першынстве рэспублікі сярод сельскіх калектываў фізкультуры мой суразмоўца выканаў норму кандыдата ў майстры спорту па шахматах. Па шашках мае другі разрад. А з гарадкамі ён пазнаёміўся яшчэ ў вёсцы. Любімую многімі старажытную гульню ён развіў і ў Ваўкавыску. У гарадскім парку былі спецыяльныя пляцоўкі. Першынство ў вобласці выйгравалі 6 разоў, а ў Ваўкавыску адбылося і першынство рэспублікі. Міхаіл Сяргеевіч мае таксама званне кандыдата ў майстры спорту па гарадках, званне суддзі першай катэгорыі па шахматах.

На заслужаным адпачынку М.Панушкін з 2005 года вядзе заняткі па шахматах у 7-й школе ад Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. За гэты час былі падрыхтаваны 15 першаразраднікаў і тры кандыдаты ў майстры спорту па шахматах (Анатоль Патаповіч, Павел Развадоўскі, Вячаслаў Журбіцкі). Сын Уладзімір таксама вядзе гурток па шахматах, мае першы спартыўны разрад. Па грэка-рымскай барацьбе (класічная) ён выканаў норму кандыдата ў майстры спорту. Спартыўныя дасягненні Ваўкавыска — гэта ў многім заслуга менавіта Міхаіла Сяргеевіча Панушкіна.

Яўген БАРЭЛЬ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *