У дзень наведвання Мінскага механіка-тэхналагічнага каледжа было шматлюдна. Да ўвахода падыходзілі ўсё новыя і новыя групы школьнікаў у суправаджэнні настаўнікаў — быў дзень прафарыентацыі, калі навучэнцы сталічных устаноў адукацыі знаёмяцца з каледжам і яго калектывам.
У праграму прафарыентацыйных экскурсій уваходзяць знаёмства з рэсурсным цэнтрам, вучэбнымі кабінетамі і майстэрнямі, наведванне актавай і спартыўнай залаў. На кожным аб’екце школьнікаў суправаджалі педагогі каледжа, якія падрабязна расказвалі пра кожную прафесію, якой тут вучаць, і тыя арыенціры, якімі трэба кіравацца, робячы прафесійны выбар. Сярод іх была і Вольга Паўлаўна Лойка, майстар вытворчага навучання. Сёння яна наша суразмоўніца.
— Каледж пачынае прафарыентацыйную работу з восені?
— Так, наша прафарыентацыя пачынаецца з пачаткам новага навучальнага года, доўжыцца цэлы навучальны год і не абмяжоўваецца прафарыентацыйнымі мерапрыемствамі толькі ў каледжы. Як паказвае практыка, вельмі дзейсным у падрыхтоўцы кадраў з’яўляецца тандэм навучальнай установы і прадпрыемстваў, для якіх мы рыхтуем кадры. Гэта ўплывае на якасць падрыхтоўкі. Мы больш дакладна ведаем, якім павінен быць змест навучання згодна з сучаснымі тэндэнцыямі вытворчасці, і можам удасканаліць практычныя навыкі нашых навучэнцаў, каб яны былі больш адаптаванымі. Ад якасці прафесійнай падрыхтоўкі будзе залежаць працаўладкаванне выпускнікоў.
— Як праходзіць прафарыентацыя па-за межамі каледжа?
— На тэрыторыі заказчыкаў кадраў — на прадпрыемствах сталіцы. Мы з імі добра спрацаваліся, і сустрэчы мінскіх навучэнцаў з вытворцамі сталі традыцыйнымі. Напрыклад, нядаўна мы наведвалі ЗАТ “Атлант”, якое для каледжа з’яўляецца базавым прадпрыемствам, там навучэнцы праходзяць практыку. У ліку базавых прадпрыемстваў таксама ААТ “Мотавелазавод”, ААТ “Хоум Апплиансес” і іншыя. Вытворцы паказваюць школьнікам канвеер, дзе праходзіць зборка прадукцыі, знаёмяць з умовамі працы, сацыяльным пакетам, з магчымасцямі атрымання дадатковых бонусаў. Адбываецца знаёмства і з калектывам прадпрыемства, з кожным работнікам можна пагаварыць асобна. Педагогі каледжа расказваюць пра сваю ўстанову, вучэбна-матэрыяльную базу, умовы навучання, пра тое, якія выхаваўчыя і забаўляльныя мерапрыемствы праводзяцца, як паўдзельнічаць у конкурсах прафесійнага майстэрства, накіраваных на ўдасканаленне прафесійнай падрыхтоўкі. Акрамя таго, вядзём прафарыентацыйны відэаблог каледжа, дзе прадстаўлены майстар-класы, праекты, акцыі па той ці іншай прафесіі, праводзім відовішчнае мерапрыемства “Мелодыя поспеху”. Навучэнцы і педагогі нашай установы прымаюць удзел у выставе-кірмашы мэтавай падрыхтоўкі. Прэзентацыя прафарыентацыйных мерапрыемстваў праходзіць у дні адкрытых дзвярэй.
— Вольга Паўлаўна, вы больш асацыіруецеся з выкладчыкам жаночых прафесій — кухара, кулінара, кандытара, а не мужчынскіх, у прыватнасці такой як слесар-зборшчык бытавой тэхнікі, машыніст халадзільных установак. Што сабой уяўляе гэтая прафесія?
— Калі патлумачыць простай мовай, то гэта ручная і механізаваная зборка халадзільнікаў, маразільнікаў, пральных машын і іншай бытавой тэхнікі, у тым ліку мікрахвалевых печаў, духавых шафаў, варачных панэлей. Навучэнцы павінны ўмець збіраць асобныя вузлы гэтай тэхнікі, выстаўляць неабходныя геаметрычныя параметры, кляпаць, свідраваць адтуліны, замацоўваць асноўныя дэталі згодна з тэхналагічнымі картамі, зборачнымі чарцяжамі. Для гэтага яны павінны ведаць тэхнічную і тэхналагічную дакументацыю, умець чытаць чарцяжы, ведаць канструкцыю і асноўныя характарыстыкі бытавой тэхнікі і г.д. У пральных машынах трэба ведаць, як сабраць і ўстанавіць пральны агрэгат, помпу зліву, дзверцы, дыспенсер, патрубак, шлангі, панэлі кіравання. У халадзільніках і маразільніках трэба ўмець падрыхтаваць і ўстанавіць кампрэсар, выпарнік, бакавыя панэлі, дзверы, датчыкі і г.д.
— А як вы асвоілі гэтую прафесію?
— Пасля школы я пайшла вучыцца ў Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж і там атрымала кваліфікацыю “настаўнік працы і чарчэння”. Потым працягвала вучобу ў БНТУ па спецыяльнасці “Інжынер-педагог”. Так склалася, што пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшла працаваць у каледж майстрам вытворчага навучання. З кожным годам набіралася вопыту, вучылася дадаткова. Сёння ўжо маю вышэйшую кваліфікацыю. За 20 гадоў работы майстрам вытворчага навучання каледж стаў родным домам, а навучэнцы — маімі дзецьмі. Дзякуючы дырэктару Святлане Васільеўне Андрэевай і ўсяму калектыву, я знайшла сябе, у іншым месцы сябе не бачу.
— Вучыцца рабочай прафесіі звычайна прыходзяць дзеці не з лепшым атэстатам. Як перадаяце ім свае навыкі?
— Сапраўды, выдатных адзнак нямнога, але галоўнае не гэта. Важна, што хлопцы прыйшлі вучыцца рабочай прафесіі, рабіць штосьці рукамі, а гэта, упэўнена, бяспройгрышны пачатак прафесійнай кар’еры. Навыкі па той ці іншай прафесіі не будуць лішнімі ў жыцці, нават калі чалавек пойдзе вучыцца далей, зменіць прафесію. Гаспадарская спрытнасць мужчыне спатрэбіцца заўсёды.
Вучыць прафесіі ў многім дапамагае сучаснае абсталяванне — разнастайныя станкі, прылады, узоры бытавой тэхнікі, па якіх навучэнцы вучацца яе разбіраць і збіраць. Некаторае абсталяванне ўнікальнае, яго не маюць нават сучасныя прадпрыемствы. Безумоўна, тэхніка прыцягвае ўвагу хлопцаў, але важна навучыць на ёй працаваць. Я вучу прафесіі не словамі, а на практыцы, бо нагляднасць дапамагае ў засваенні матэрыялу. Кожнае маё дзеянне падштурхоўвае навучэнца самому ўключыцца ў вучэбны працэс. Пасля таго як паказала аперацыю, запрашаю паўтарыць яе таго ці іншага выхаванца. Дзякуючы такому прыёму, цікавасць у хлопцаў яшчэ больш павышаецца. Кожны хоча праверыць, ці зможа выканаць пэўнае дзеянне. Калі ў некаторых не адразу атрымліваецца, не шкадую добрых слоў, падтрымліваю і хвалю, калі навучэнец паспяхова штосьці выканаў. Увогуле, імкнуся ўсіх заахвочваць, бо прафесія цікавая, карысная, гарантуе працаўладкаванне і высокі заробак на вядучых прадпрыемствах горада.
— Вы працуеце з хлопцамі, да якіх патрэбен асаблівы падыход.
— Самае галоўнае — гэта ўменне наладзіць кантакт з навучэнцамі, стварыць такое асяроддзе ў групе, каб усім было камфортна, каб ніхто не замыкаўся, а, наадварот, раскрываўся, імкнуўся даведацца больш. Разам з тым для мяне знайсці ўзаемаразуменне з выхаванцамі — гэта не самае цяжкае. Я па натуры добры чалавек, у маей сям’і заўсёды былі добразычлівыя адносіны. Бацькі жылі ў павазе адно да аднаго і вучылі мяне, што найлепшы спосаб наладзіць адносіны з людзьмі — гэта паважлівае стаўленне да кожнага. Я добра засвоіла, што адносіны трэба будаваць на дабрыні і шчырасці. Тады і давер будзе паміж людзьмі.
Я прыходжу ў аўдыторыю з усмешкай і імкнуся перадаць свой бадзёры настрой выхаванцам. Безумоўна, нехта з раніцы сумны, яшчэ не прачнуўся альбо нечым заклапочаны, але я пачынаю іх варушыць, скіроўваць да цікавай гутаркі, а потым і да заняткаў — такім чынам настройваю на працоўны лад. Магу даручыць выхаванцам любое заданне, папрасіць аб нечым, і яны заўсёды прыслухоўваюцца, бо размаўляю з імі з павагай, як з дарослымі, бачу ў іх асобу. Шчырая размова, спакойны тон выклікаюць давер. А яшчэ яны адчуваюць маю любоў.
За гады работы мне сустракаліся розныя навучэнцы, кожны са сваім характарам, поглядамі, магчымасцямі і жаданнямі. Былі сярод іх “выпадковыя”, якія толькі пачыналі сябе шукаць, яшчэ не сарыентаваліся, куды пайсці вучыцца, што і нядзіўна, у 16 гадоў так бывае ў многіх. Але ўсё ж большасць маіх выхаванцаў — мэтанакіраваныя падлеткі, якія ведаюць, што ім трэба, і працаваць з такімі — адно задавальненне. Я імкнуся ім дапамагчы, знаходжу патрэбныя словы. Яны не толькі вучацца ў мяне прафесіі, але і бяруць на ўзбраенне мае правілы наладжвання зносін з людзьмі.
Каб зблізіцца і спазнаць адно аднаго ў іншай атмасферы, мы ходзім у тэатры, кіно, ездзім на экскурсіі, удзельнічаем у конкурсах прафесійнага майстэрства, алімпіядах. Многія летам ідуць у студатрады. Хачу пахваліцца тым, што мае выхаванцы неаднаразова выступалі ў розных спаборніцтвах, дзе заваёўвалі высокія ўзнагароды. У хуткім часе ў нашай установе зноў збяруцца на конкурс прафесійнага майстэрства лепшыя навучэнцы ўсіх профільных каледжаў краіны. Мы старанна рыхтуемся да гэтага спаборніцтва. А з нядаўняга часу я маю новы статус — настаўнік, вучу маладых майстроў вытворчага навучання. Імі сталі мае былыя выпускнікі, якія адпрацавалі пэўны час пасля размеркавання на прадпрыемствах горада і вярнуліся да нас, у каледж. Сёння яны мае калегі, а значыць, у іх працягваецца мая справа.
Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлены каледжам