Майстар зварачнай справы

Нядаўна ў Мінску прайшоў чарговы Беларускі прамыслова-інвестыцыйны форум, які мае ўжо 20- гадовую гісторыю. За гэты час у ім прынялі ўдзел дзясяткі краін свету. Штогод выставачную экспазіцыю форуму ствараюць 200—300 айчынных і міжнародных арганізацый. Каля 150 кампаній уваходзяць у лік пастаянных удзельнікаў гэтага мерапрыемства. Павялічваецца цікавасць да форуму рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, а таксама іншых краін Еўразійскага эканамічнага саюза.

Дзмітрый Аляксандраў з узнагародамі.

У рамках мерапрыемства традыцыйна прахо­дзяць семінары, дыскусіі, круглыя сталы, канферэнцыі, сімпозіумы. Асноўнымі тэмамі пасяджэнняў  з’яўляюцца садзейнічанне прадпрыемствам і арганізацыям у пашырэнні выпуску высокатэхналагічнай канкурэнтаздольнай прадукцыі, укараненні новых навукаёмістых тэхналогій і абсталявання, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і прыцягненне інвестыцый, павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці нашай краіны.

Пад эгідай форуму ў гэтым годзе прайшоў конкурс зваршчыкаў, у якім прынялі ўдзел майстры зварачнай справы вядучых прадпрыемстваў Беларусі і іншых краін. У цэлым у спаборніцтве ўдзельнічалі 182 зваршчыкі з 83 арганізацый. Правядзенне такога конкурсу спрыяе засваенню сучасных зварачных тэхналогій, абсталявання, матэрыялаў і інструментаў, удасканаленню зварачнага майстэрства, выяўленню самых таленавітых майстроў зварачнай справы. Арганізатарамі конкурсу выступіла навукова-вытворчая секцыя “Зварка і роднасныя тэхналогіі” Беларускага інжынернага таварыства, іншыя профільныя арганізацыі.

Акрамя таго, з мэтай павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі маладых зваршчыкаў, прэстыжу гэтай прафесіі сярод моладзі быў праве­дзены конкурс “Лепшы малады зваршчык”, у якім удзельнічалі навучэнцы і выпускнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі ва ўзросце  ад 17 да 25 гадоў.

Папярэдне  навучальныя ўстановы, што рыхтуюць зваршчыкаў, правялі адборачныя спаборніцтвы і вызначылі лепшых, якія былі накіраваны для ўдзелу ў гэтым конкурсе. Для канкурсантаў была адведзена спецыяльная пляцоўка, на якой размяшчаліся зварачнае абсталяванне, неабходныя прылады і тэхналагічныя карты. Пасля зваркі конкурсных узораў удзельнікі павінны былі адказаць на пытанні тэставых заданняў, якія тычыліся зварачнага абсталявання і матэрыялаў, тэхналогіі зваркі, прыёмаў і метадаў у забеспячэнні якасці зварачнага злучэння.

Прадстаўнікі прафесійнай адукацыі паказалі вельмі высокія вынікі ў спаборніцтве. У намінацыі “Механізаваная зварка” 3-е месца заняў Мікалай Наско з філіяла БрДТУ “Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж”. У намінацыі “Аргонадугавая зварка” Дзмітрый Аляксандраў з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў заняў 1-е месца. Трэцім быў Максім Кузняцоў (Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж). У намінацыі “Ручная дугавая зварка” зноў перамог Дзмітрый Аляксандраў (Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў). 2-е месца — у Яўгена Кажурэнкі з Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Выдатнай перамогай у дзвюх намінацыях прэстыжнага конкурсу Дзмітрый Аляксандраў абавязаны прафесіяналізму свайго майстра вытворчага навучання Кірыла Андрэевіча Кацецкага і, безумоўна, свайму таленту. У конкурсе таксама прыняў удзел выпускнік Барысаўскага дзяржаўнага каледжа 2019 года Мікіта Бурдыка. За крэатыўны падыход і праяўленае прафесійнае майстэрства ў творчым конкурсе зварачных вырабаў “Бяспечная зварка і металаапрацоўка” ён узнагароджаны дыпломам III ступені з уручэннем сертыфіката фіналіста конкурсу “Лепшы малады зваршчык — 2019”.

Ала КЛЮЙКО.
Фота з архіва ўстановы.