Майстэрня пернікаў запрашае

Збароўская школа знаходзіцца ў маляўнічым куточку Рагачоўшчыны, побач — магутны Дняпро, каля дваццаці старычных азёр з прыгожымі беларускімі назвамі, лясы, лугі. “Тут варта жыць і кахаць”, — пісаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. Дарэчы, тут, у Збарове, у 1912 годзе працавала настаўніцай маці пісьменніка Надзея Васільеўна.

Усё гэта натхняе на творчую дзейнасць педагога абслуговай працы Алену Аляксандраўну Чарняўскую. Ужо больш за 15 гадоў яна працуе з дзецьмі. Гэта творчы чалавек, які патрабавальна ставіцца да сваёй працы, любіць і шануе тое, што робіць. Яе навучэнкі ўмеюць усё, што ім спатрэбіцца ў дарослым жыцці. І гэта не проста словы. Доказы — у выніках работы. На рахунку выхаванцаў А.А.Чарняўскай каля 80 прызавых месцаў на конкурсах розных узроўняў. Працуючы ў розных школах, Алена Аляксандраўна падрыхтавала пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. На працягу 5 гадоў вучні настаўніцы з’яўляліся ўдзельнікамі чацвёртага этапу рэспубліканскай алімпіяды (2 трэція месцы і 3 пахвальныя водзывы).

Натхненне бралася з экспедыцый па родным краі, малой радзіме, пасля наведвання лекцый па шапавальстве шведскай майстрыхі і мастачкі Гунілы Пэтаў Шоберг. У вёсках Рагачоўскага раёна збіраўся матэрыял па шапавальстве, жаночым адзенні, стравах. Дзеці актыўна і з цікавасцю ўключаліся ў гэты працэс. Сабраны матэрыял пасля станавіўся дапаможным на занятках альбо падмуркам для напісання навукова-даследчых работ. У выніку на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук” выхаванцы Алены Аляксандраўны заваявалі першыя і другія месцы з работамі “Элементы жаночага строю Рагачоўскага раёна”, “Забытае рамяство шапавальства”, “Святы і кухня яўрэяў Рагачова”. Згаданыя работы былі непасрэдна звязаны з раздзеламі праграмы прадмета (мадэляванне і канструяванне швейных вырабаў, асновы гатавання ежы), варыятыўнай часткі. На раённых і абласных алімпіядах было прадстаўлена пяць праектаў па шапавальстве. Вучні даследавалі свою малаю радзіму, актыўна ўключаючы ў працу бацькоў і блізкіх.

Алена Аляксандраўна распрацавала аўтарскія майстар-класы “Майстэрня пернікаў”, “Чароўная воўна”, “Вышыўка рышэлье”, “Вышыўка буці”. З захапленнем настаўніца праводзіць гэтыя мерапрыемствы ў сваім раёне, у вобласці па запрашэнні Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Майстар-клас “Майстэрня пернікаў” з’яўляецца ў роднай збароўскай школе традыцыйным напярэдадні Каляд. Дзеці разам з бацькамі, настаўнікі і ўсе жадаючыя ўжо за некалькі месяцаў рыхтуюцца да школьнага свята — салодкай майстэрні. А калі надыходзіць гэты дзень, усё ператвараецца ў казку. Кабінет становіцца фабрыкай, гучыць сапраўдная казка Ш.Перо “Казачны домік”, дзеці апранаюць форму майстроў — дзейства заварожвае, вочы загараюцца, дарослыя трапляюць у дзяцінства, і ўжо немагчыма адрозніць іх ад дзяцей. Вынікі сваёй працы ўдзельнікі майстэрні забіраюць дадому, каб упрыгожыць навагодні стол.

Магчыма, у будучыні збароўская школа стане сталіцай імбірных пернікаў.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.