Майстэрства душэўнага кантакту

Цікавы ўрок — лепшая матывацыя на вучобу. Такога меркавання прытрымліваецца настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 34 Бабруйска Марыя Белаконь. 

Марыя Юр’еўна — малады настаўнік. У педагогіку ў свой час прыйшла свядома. Яшчэ ў школьныя гады паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах па рускай мове, з задавальненнем пісала сачыненні. Таму, атрымаўшы атэстат, без роздумаў выбрала для далейшага навучання гісторыка-філалагічны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова.

— Са студэнцтвам у мяне звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Я актыўна ўдзельнічала ва ўніверсітэцкім жыцці. Вучоба таксама давалася лёгка, бо ў нас былі цудоўныя выкладчыкі, якія прывілі ўсе патрэбныя ў прафесіі веды і навыкі, — паведаміла М.Ю.Белаконь.

Запаветны настаўніцкі дыплом атрымлівала з радасцю. А вось размеркаванне ў Бабруйск стала нечаканасцю.

— Я вырасла ў Магілёве і думала, што застануся працаваць у родным горадзе. Па першым часе, калі прыехала ў Бабруйск, было вельмі складана. Але педагагічны калектыў, кіраўніцтва нашай навучальнай установы вельмі падтрымалі. Цеплыня і разуменне з боку калег істотна дапамаглі ў прафесійным станаўленні, — расказала Марыя Юр’еўна. 

У 34-й бабруйскай школе М.Ю.Белаконь працуе трэці год. Нягледзячы на невялікі працоўны стаж, настаўніца ўжо выбудавала сваю стратэгію паспяховага навучання. 

— Гэта творчы, актыўны, ініцыятыўны педагог. Марыя Юр’еўна пастаянна знаходзіцца ў прафесійным пошуку, удасканаленні свайго майстэрства. Імкнецца да таго, каб адукацыйны працэс быў не проста эфектыўным, а яшчэ і цікавы дзецям, — адзначыла дырэктар школы І.М.Матузава. 

У словах кіраўніцтва няма перабольшання. Маладая настаўніца сапраўды стараецца захапіць вучобай кожнага навучэнца. Яна пераканана, што якасныя веды вучням дае толькі творчы, цікавы ўрок.

— На кожных занятках імкнуся сканцэнтраваць увагу вучняў на пэўнай яркай “пляме”, якая змяшчае ў сабе самую важную інфармацыю па тэме. Гэта могуць быць самыя розныя рэчы і прыёмы. Напрыклад, для вывучэння абагульняючага слова і аднародных членаў у сказе я расфарбавала каробку, унутр якой паклала рознакаляровыя маленькія кубікі. Гэта была пэўная наглядная аналогія да тлумачэння тэмы. Ужо на практыцы праверыла, што падобная візуалізацыя дапамагае засваенню вучэбнага матэрыялу, — расказала Марыя Юр’еўна.

Пры пабудове структуры заняткаў М.Ю.Белаконь даволі часта абапіраецца на наглядна-вобразнае мысленне навучэнцаў. Акрамя таго, яна шырока выкарыстоўвае правядзенне нестандартных урокаў, выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці сістэмна-дзейнасны падыход, ажыццяўляе пошук аптымальных спосабаў развіцця пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, устанаўлівае міжпрадметныя сувязі. Важным гэты педагог таксама лічыць фарміраванне ў навучэнцаў навыкаў творчай самастойнай работы.

— Не менш значны фактар паспяховага навучання — добразычлівыя ўзаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнямі, — лічыць Марыя Юр’еўна.

На яе думку, педагогу трэба быць у паразуменні з вучнямі, бачыць у кожным з дзяцей асобу. А яшчэ — самому быць для навучэнцаў прыкладам. 

— Акрамя педагагічнай дзейнасці, займаюся класным кіраўніцтвам. Гэта дапамагае быць у пастаянным душэўным кантакце з дзецьмі. Са сваімі навучэнцамі часта сустракаюся ў пазаўрочны час. Мы разам удзельнічаем у розных конкурсах, спаборніцтвах, наведваем значныя мерапрыемствы, адпраўляемся на экскурсіі, фарміруем свае класныя традыцыі. Такія сумесныя справы не толькі дазваляюць падтрымаць вучняў у пераадоленні пэўных цяжкасцей, але і спрыяюць выхаванню ў дзецях важных жыццёвых каштоўнасцей, — упэўнена М.Ю.Белаконь.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Марыя Юр’еўна асаблівую ўвагу ўдзяляе раскрыццю патэнцыялу здольных вучняў. І ўжо дасягнула ў гэтым першых вынікаў. Яе навучэнцы паспяхова ўдзельнічалі ў розных, у тым ліку і рэспубліканскіх, творчых конкурсах і праектах. 

 У прыярытэце для М.Ю.Белаконь таксама бесперапыннае прафесійнае развіццё. Яна рэгулярна ўдзельнічае ў розных прафесійных конкурсах, метадычных мерапрыемствах. Менавіта за набыццём новых прафесійных ведаў Марыя Юр’еўна сёлета пайшла і на фестываль “Прызванне — педагог” для пачынаючых настаўнікаў рэгіёна. У выніку стала там пераможцай.

— Перамога была прыемнай нечаканасцю. Але ў такім ключы планую працаваць і далей. Хочацца працягваць прафесійна расці, самаўдасканальвацца, станавіцца лепшай, каб даваць усё самае лепшае сваім вучням, — падкрэсліла маладая настаўніца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.