Майстэрства, якое аб’ядноўвае

- 10:00World Skills, Актуально, Апошнія запісы

Ігар Васільевіч Карпенка прыбыў з візітам у Казань. У першы дзень знаходжання ў сталіцы Рэспублікі Татарстан Ігар Васільевіч наведаў горад высокіх тэхналогій Інаполіс, які знаходзіцца недалёка ад Казані.

Гэта першы расійскі горад для ІТ-спецыялістаў. Па сутнасці, ён створаны з чыстага ліста: інфраструктура, эканоміка, адукацыя і сэрвіснае абслугоўванне арганізавана з прымяненнем высокіх тэхналогій. Горад размясціўся на 1200 га зямлі,  і там пражывае 3 тысячы чалавек. Горад на першы погляд звычайны, але тут можна сустрэць і зусім незвычайныя рэчы. Напрыклад, як рухаюцца па дарогах горада аўтамабілі-беспілотнікі. Інтэ­лектуальным ядром Інаполіса лічыцца ўніверсітэт, дзе студэнты атрымліваюць вышэйшую ІТ-адукацыю.

— Вельмі цікава знаёміцца з інавацыйнымі кірункамі развіцця адукацыйнай галіны ў нашых калег, — адзначыў І.В.Карпенка. — Гэта магчымасць супаставіць нашы падыходы ў развіцці ІТ у нашай краіне з тымі, якія рэалізоўваюцца ў суседзяў.

У час візіту ў Казань Ігар Васільевіч наведаў конкурсныя пляцоўкі чэмпіянату свету WorldSkills, сустрэўся з экспертамі, канкурсантамі, прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі міністраў адукацыі краін — удзельніц WorldSkills. Мініcтр адукацыі Беларусі выступіў перад удзельнікамі канферэнцыі і паведаміў пра тыя здабыткі ў развіцці гэтага руху, якія ўжо назапашаны ў нашай краіне. Ігар Васільевіч падкрэсліў, што WorldSkills — гэта не проста конкурс, гэта магчымасць вывесці прафесійную адукацыю на новы ўзровень, укара­няць міжнародныя стандарты, ства­раць умовы для таго, каб нашы навучэнцы маглі авалодваць тымі прафесійнымі кампетэнцыямі, якія знаходзяцца ў сусветным трэндзе. Плануецца сустрэча І.В.Карпенкі з міністрам асветы Расійскай Федэрацыі Вольгай Васільевай, дзе будзе абмяркоўвацца тэма ўзаемадзеяння дзвюх краін у сферы прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. Таксама адбудзецца працяг размовы з расійскімі калегамі, пачатай у Санкт-Пецярбургу на Форуме рэгіёнаў, па рэалізацыі мала­дзёжнага праекта “Цягнік дружбы Брэст — Ула­дзівасток”, прысвечанага 75- годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, які будзе ажыццяўляцца ў 2020 годзе.

Валерый Мікалаевіч Галубоўскі, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які мае статус афіцыйнага дэлегата Рэспублікі Беларусь у руху WorldSkills, прыняў удзел у Генеральнай асамблеі краін — удзельніц WorldSkills International, якая сёлета стала знакавай па некалькіх пазіцыях. Адбылася змена прэзідэнта арганізацыі WorldSkills Саймана Бартлі, які пасля заканчэння пэўнага тэрміну пакінуў гэтую пасаду. Сайман Бартлі — гэта асоба ў руху WordSkills, чалавек, які шмат зрабіў для  яго развіцця ў нашай краіне. У час яго прэзідэнцтва Беларусь стала членам WorldSkills International. Цяпер гэтую арганізацыю будзе ўзначальваць Ёс дэ Гой, таксама вопытны кіраўнік, які шмат гадоў свайго жыцця прысвяціў гэтаму руху. Таксама былі  выбраны новыя члены шэрага камітэтаў арганізацыі WorldSkills пры галасаванні прадстаўнікоў краін — удзельніц WorldSkills International. Адбылося выбранне новых членаў камітэта стратэгічнага развіцця гэтага руху, куды ўвайшлі нашы партнёры па Саюзнай дзяржаве ад Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці, Кацярына Лажкарова, якая стала віцэ-прэзідэнтам руху. На Генеральнай асамблеі адбылося галасаванне за права праводзіць чэмпіянат свету WorldSkills у 2023 годзе. Права право­дзіць міжнародны чэмпіянат у 2021 го­дзе атрымаў кітайскі горад Шанхай. А за правядзенне чэмпіянату WorldSkills 2023 змагаліся дзве краіны — Японія і Францыя. Кожная з іх прадставіла свае магчымасці правядзення чэмпіянату, у выніку перамагла Францыя. На гэтай асамблеі ў шэрагі арганізацыі WorldSkills былі прыняты 3 краіны: Польшча, Уганда і Гана.  Вялікі ўхіл WorldSkills сёння робіць на развіццё прафесійнай адукацыі на афрыканскім кантыненце. Для Беларусі гэта таксама вельмі важна, таму што ёсць шэраг міжурадавых пагадненняў з Афрыканскім рэгіёнам па развіцці эканамічнага супрацоўніцтва з гэтымі краінамі.

Ала КЛЮЙКО, Казань.
Фота аўтара.