Майстры-кухары з 60-гадовым стажам

- 13:24World Skills, Навіны рэгіёнаў

У лістападзе Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі адзначыць 60 гадоў з дня заснавання. Сённяшнія навучэнцы аўтарытэтнай установы адукацыі валодаюць найноўшымі тэхналогіямі, якія асвойваюцца на самым сучасным абсталяванні. Гэта, а таксама камандная работа педагогаў спрыяе поспеху на прафесійных спаборніцтвах.

Сярод 14 медалёў, якія заваявала каманда Гомельшчыны ў фінале Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, два сярэбраныя прывезлі прадстаўніцы Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі Кацярына Грыб і Вольга Шулярэнка — у кампетэнцыях “Кулінарнае мастацтва” і “Хлебапячэнне” адпаведна.

Рэсурсны цэнтр, дзе дзяўчаты адточвалі сваё майстэрства, больш падобны на медыцынскую лабараторыю. Усе паверхні і складаная тэхніка ззяюць чысцінёй. Кацярына Грыб асцярожна вымае з печы нарыхтоўку, якая хутка павінна ператварыцца ў складаны прыгожы дэсерт. Да Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills дзяўчына рыхтавалася старанна: запал ўдзельнікаў на такіх спаборніцтвах не меншы, чым на спартыўных.

Дырэктар Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі Уладзіслаў Шапялевіч.

Зорка Кацярына ў сузор’і кухараў

Дарэчы, у Каці вопыт ужо ёсць. Летась у Бранску на III Адкрытым рэгіянальным чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) па кампетэнцыі “Кухар­ская справа” яна заняла 2-е месца. Гатаваць ёй вельмі падабаецца. Досвед, гаворыць, набывае і ад педагогаў каледжа, і на майстар-класах калег, і, зразумела ж, на спаборніцтвах:

— Трэба пастаянна ўдасканальвацца. Я восем гадоў займалася прафесійным спортам — плаваннем, таму дапамагае на­яўнасць спаборніцкага духу. Вельмі важна прымаць удзел у розных конкурсах: ты глядзіш, як працуюць іншыя, імкнешся сам навучыцца новаму. Нашы педагогі сочаць за актуальнымі тэндэнцыямі, мы працуем з найноўшымі тэхналогіямі на самым сучасным абсталяванні.

Намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Таццяна Бубнова.

Дырэктар установы Уладзіслаў Шапялевіч гаворыць, што старанную і азартную Кацю педагогі даўно заўважылі. На першых курсах яна мыла посуд і прыглядалася да таго, як гатуюць старэйшыя навучэнцы, а цяпер сама выйшла ў лідары. Такая пераемнасць на справе дазваляе перадаваць вопыт і не губляцца, калі прыходзіць час сабрацца і максімальна выкласціся на спаборніцтвах.

— Важна, каб тыя, хто ўжо дасягнуў вынікаў, свой вопыт перадавалі наступным пакаленням, — заўважае Уладзіслаў Вя­час­лававіч. — Перш чым пэўны навучэнец трапіць на спаборніцтвы накшталт WorldSkills, мы адбіраем некалькі кандыдатаў. У кожнай групе па кожнай спецыяльнасці праходзяць конкурсы прафесійнага майстэрства. Так вызначаем лепшых. Як толькі заканчваецца адзін чэмпіянат, мы ўжо ведаем, каго рыхтаваць на наступны. У нас ёсць ужо два чалавекі, якія Каці дапамагаюць. Іх мы плануем праз два гады адправіць на спаборніцтвы. Конкурсы дазваляюць вызначаць зорак.

Абсталяванне для трэніровак

У кулінарнай творчай лабараторыі рэсурснага цэнтра Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі абсталяваны два працоўныя месцы. Умовы максімальна набліжаны да тых, што на спаборніцтвах кулінараў, расказвае дырэктар уста­новы:

— Рамонт у кулінарнай творчай лабараторыі мы зрабілі сваімі сіламі. З выдзе­леных у 2018 го­дзе для гэтых мэт Br32 000 толькі 8 скары­сталі на рамонт. На астатнія купілі сучаснае абсталяванне. Тут на нашай базе ўжо прайшоў рэгіянальны чэмпіянат. Заўважце: калі няма спецыялізаванага сучаснага абсталявання, то не можа быць размовы пра ўдзел у спаборніцтвах высокага ўзроўню. Таму ў нас на такім дарагім абсталяванні вучацца працаваць дзеці. Яны менавіта тут ро­бяць свае лабараторныя работы.

Наша краіна актыўна ўключылася ў рух WorldSkills у 2014 го­дзе. Тады прайшоў першы нацыянальны чэмпіянат. Гомельскія кулінары ўдзель­нічалі ва ўсіх чатырох. І кожны раз прывозілі медалі. Раней было два “серабра” — у “Кандытарскім мастацтве” і “Хлебапячэнні”, “бронза”, а таксама чацвёртае і пятае месцы ў “Кулінарным ма­стацтве”. Цяпер вось — два сярэбраныя медалі.

Разнастайнасць натхняе

Побач, у лабараторыі хлебапячэння, майстэрст­ва пекара-кандытара асвойвае Вольга Шулярэнка. Дзяўчына прыехала з вёскі Каменка Мазырскага раёна. Ёй пад кіраўніцтвам май­стра вытворчага навучання Алены Здановіч даверана рабіць з цеста мудрагелістыя косы:

— Мне падабаецца выбраная прафесія. Увогуле, мне тут усё падабаецца. Пакуль не ведаю, як складзецца лёс, але не выключаю, што вярнуся на Мазыршчыну і там ствару сваю хлебапякарню. Дарэчы, у нас тут жыццё вельмі насычанае не толькі на занятках. У інтэрнаце жыць весела.

Адрамантаваны будынак інтэрната таксама прадмет гонару кіраўніка навучальнай установы. Ён добра разумее, што навучэнцы — маладыя людзі, якім трэба забяспечыць не толькі цікавае навучанне, але і насычаны адпачынак. Гаворыць: прайшоў час, калі прапанавалі гурткі па вышыванні крыжыкам. Юнакам і дзяўчатам сёння патрэбны сучасныя забаўкі. Накшталт камп’ютарных спаборніцтваў, рухавых танцаў, фітнесу, валейбола, баскетбола, атлетычнай гімнастыкі, настольнага тэніса ці фотавідэастудыі. Для апошняй было набыта абсталяванне, і аматары з ліку навучэнцаў пастаянна робяць справаздачы ў групах у сацыяльных сетках.

Манная каша ці сушы?

Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі — адзіная ў вобласці вузкапрофільная ўстанова адукацыі. Толькі тут сабраны ўсе спецыяльнасці, звязаныя з грамадскім харчаваннем: “Кухар”, “Кандытар, пекар”, “Кухар, афіцыянт” і “Кухар, кухар дзіцячага харчавання”. Дарэчы, кіраўніцтва разам з упраўленнем гандлю Гомельскага аблвыканкама адсочвае спецыяльнасці, якія менавіта цяпер запатрабаваны на рынку працы.

— Раней ажыццяўлялася падрыхтоўка буфетчыкаў і барменаў, — адзначае Уладзіслаў Шапялевіч, — на сёння гэтыя спе­цыяльнасці скасаваны, паколькі не запатрабаваны. А вось на кухараў і афіцыянтаў даволі многа запытаў. Сёння мы патрэбны наймальнікам. Да нас прыхо­дзяць шэфы рэстаранаў, нашы былыя выпускнікі. Гэты кантакт таксама дапамагае ў рабоце: дзеці ба­чаць паспяховых людзей. Але ж разумеюць, што грэчку таксама трэба навучыцца дасканала варыць, перш чым табе дазволяць гата­ваць рызота ці падаваць фламбэ.

Дарэчы, сёння многія ўстановы грамадскага харчавання хочуць мець вузкіх спецыялістаў, напрыклад, тых, хто віртуозна гатуе выключна папулярныя піцу і сушы. Між тым намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Таццяна Бубнова ўпэўнена, што кухар павінен быць універсальным:

— Напачатку трэба навучыцца прафесійна працаваць: напрыклад, зварыць смачна манную кашу дзецям у вялікім аб’ёме. Мы даём навучэнцам асновы кухарскай прафесіі. А далей — як душа ляжыць. Між тым з любога прафесійнага кухара можна зрабіць майстра па гатаванні сушы ці піцы. Калі чалавеку будзе цікава, ён потым навучыцца, напрыклад, віртуозна падкідаць цеста і здзіў­ляць гледачоў. Мы абавязкова ўлічваем у вучэбным працэсе вузкія спецыялізацыі, знаёмім з актуальнымі тэндэнцыямі і дазваляем на заключных этапах практыкі сябе праявіць. І ўсё ж трэба мець на ўвазе: рэстараны — гэта самая маленькая доля грамадскага харчавання. А большасць нашых выпускнікоў трапляе праца­ваць у сталовыя прадпрыемстваў, дзіцячых садкоў ці школ.

Афіцыянтаў гартуюць аднакурснікі

У 1960 годзе каледж меў назву ПТВ № 17. Сёння ён разлічаны на агульную загрузку 1000 навучэнцаў. Цяпер тут два ўзроўні навучання. На першым — прафесійна-тэхнічнай адукацыі — рыхтуюць на працоўную кваліфікацыю. Пасля заканчэння ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі спецыялісты маюць кваліфікацыю “тэхнік-тэхнолаг”. На другі ўзровень навучання паступаюць не толькі выпускнікі гэтай установы, але і іншых, дзе рыхтуюць па спецыяльнасці “Кухар”. На Гомельшчыне іх 15.

Зараз на дзённым адзяленні ў Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі вучацца больш за 500 чалавек. З іх на другім узроўні адукацыі  — 150 — будучыя тэхнікі-тэхнолагі. Ёсць яшчэ і завочнае аддзяленне, дзе вучацца да 250 чалавек. Да таго ж вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па заяўках упраўлення па працы і занятасці насельніцтва Гомельскага аблвыканкама. Таксама тут працуюць курсы павышэння кваліфікацыі з выдачай пасведчання вызначанага ўзору. Нядаўна пачалася прафесійная падрыхтоўка школьнікаў.

— Ідэя добрая, — адзначае дырэктар каледжа, — але шмат пакуль пытанняў: нарматыўная база не адшліфавана. Пры гэтым за тры гады 160 школьнікаў у нас адвучыліся. Хутка будуць выпускацца тры групы адзінаццацікласнікаў. У гэтым кірунку мы пакуль рыхтуем толькі афіцыянтаў.

Дарэчы, група афіцыянтаў, што вучыцца ў каледжы на вочным аддзяленні, адпрацоўвае навыкі ў сваёй сталовай. Юнакі і дзяўчаты ядуць за сталамі, а падаюць ім і прыбіраюць посуд аднакурснікі. Такі вопыт запазычаны ў Італіі. Там даўно навучэнцы прафесійных школ абслугоўваюць сваіх сяброў у абедзенны перапынак. У Гомелі зрабілі аналагічна.

Пераканацца ў гэтым я змагла на свае вочы. Калі зайшлі ў сталовую, дзе харчаваліся дзеці, каля сталоў з сурвэткамі на руках стаялі юнакі і дзяўчаты. Усё як у рэальным рэстаране: афіцыянты загадзя расстаўляюць мэблю, начышчаюць посуд, адпрацоўваюць сервіроўку. Важныя ўсе дробязі: з якога боку падысці, як тры­маць паднос, — адзначае Уладзіслаў Вячаслававіч і ўсміхаецца:

— Не адна талерка перакульваецца на адзенне, пакуль ідзе навучанне. Я таксама быў “пацярпелым”. Але нічога страшнага. Важна, каб дзеці зразумелі: трэба быць аднолькава ўважлівымі да ўсіх, каго ім даводзіцца абслугоўваць. Гэта агульнае па­трабаванне.

Падтрымаць цікавасць да навучання

За тым, як навучэнцы выконваюць тэхналагічныя працэсы на кухні, пільна назірае шэф-кухар Аксана Чэркас. Яна сама тут некалі вучылася і добра заўважае памылкі юных:

— Калі што не так, хутка выпраўляю. Сачу за раздачай, кантралюю вагу страў. Увогуле цікава бачыць, як дзеці ўдасканальваюцца па меры навучання.

Палова педагагічнага калектыву каледжа — выпускнікі розных гадоў гэтай жа навучальнай установы. Выкладчыкі і майстры вытворчага навучання тут вучыліся, тут і спатрэбіліся. Кіраўніцтва лі­чыць гэта плюсам. І арыентуе на тое, каб зараз працэс навучання — і тэорыя, І практыка — быў займальным.

— Дзецям пакалення next павінна быць цікава на ўроку, — тлумачыць сваё бачанне Ула­дзіслаў Вячаслававіч. — Таму нашы педагогі валодаюць яшчэ і артыстычным майстэрствам. У мяне выдатная прафесійная каманда. Сваю справу ведаюць. Мне застаецца слухаць, выбіраць іх прапановы і давяраць, але рашэнне прымаць даводзіцца самому. Сярод май­строў прафесійнага навучання мужчын у нас няма, а вось хлопчыкаў стала вучыцца значна больш. Калі пяць гадоў назад 15% ад усяго кантынгенту было, цяпер — за 30%. Дарэчы, у каледж мы бяром толькі пасля заканчэння 11 класаў, бо кухар да выпуску павінен быць паўналетнім. Для нас важна, каб вучыцца прыходзілі ў першую чаргу не тыя, каму падабаецца серыял “Кухня”, а тыя, хто мэтанакіравана ідзе ў складаную прафесію і хоча дасягнуць у ёй выдатных вынікаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.