Майстры па выпальванні

- 11:32Навіны рэгіёнаў

Сярод тых, чыё дзяцінства прыпала на савецкія часы, наўрад ці знойдзецца нехта, каму не было б цікава выпальванне па дрэве. Гэта быў адзін з любімых заняткаў дзяцей у пазаўрочны час.

Памятаю тую радасць, калі аднойчы тата прынёс нам са старэйшым братам доўгачаканы падарунак — спецыяльнае прыстасаванне для выпальвання і гладзенькія невялічкія дошчачкі, на якія мы хуценька пачалі наносіць малюнкі алоўкам, каб потым пераўтварыць іх у прыгожыя карціны.

Зразумела, магчымасцей у нашага пакалення было значна менш, чым у сучасных дзяцей. Зараз кірункаў для дадатковых заняткаў так шмат, што іншы раз няпроста вызначыцца, якому з іх аддаць перавагу. Аднак цікавасць да традыцыйных выпальвання, апрацоўкі драўніны, саломапляцення застаецца ў многіх хлопчыкаў і дзяўчынак і сёння.

Калі пры цэнтры ткацтва, які з’явіўся некалькі гадоў назад у вёсцы Гусявіца Буда-Кашалёўскага раёна ў рамках адной з праграм развіцця ААН, адкрылася аматарскае аб’яднанне па выпальванні па дрэве “Энергія агню”, жадаючых наведваць яго сярод мясцовых школьнікаў аказалася нямала.

— Спачатку многія прыходзілі проста паспрабаваць, але справа зацягвала, і яны заставаліся ў гуртку, — расказвае кіраўнік аб’яднання Валянціна Якутовіч. — Цяпер мае выхаванцы могуць пахваліцца мноствам работ, часта самі прыдумляюць вырабы.

А фантазія ў вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак вялікая. Яны не толькі выпальваюць прыгожыя карціны, якія могуць упрыгожыць сцены любога пакоя, але і размалёўваюць электрычнымі інструментамі велікодныя яйкі, птушак, кветкі і іншыя драўляныя вырабы. Цікава, што нават улетку аматарскае аб’яднанне не застаецца без выхаванцаў. Школьнікі прыходзяць у цэнтр ткацтва і бавяць тут вольны час, займаючыся любімай справай. Ёсць нават “чацвёрка нястомных” наведвальнікаў. Кацярына Грышай — самая малодшая ў гуртку, ёй усяго 7 гадоў. Пакуль яна пачынае з нескладаных рэчаў, але пільна сочыць за працай старэйшых сяброў і вучыцца майстэрству. Вадзім Рагавы і Арцём Русакоў ужо пяцікласнікі, а Дзіма Луцянкоў наогул вучыцца ў 9 класе.

— Канечне, яны яшчэ па-дзіцячы спаборнічаюць, кожны хоча, каб у яго атрымалася лепш, чым у таварыша, аднак заўсёды дапамагаюць адно аднаму, падказваюць, — гаворыць Валянціна Фёдараўна. — Асабліва ім падабаецца, што тут яны могуць сваімі рукамі стварыць падарунак для родных.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.