Майстры сацыяльнай педагогікі

- 13:41Адукацыйная прастора, Рознае

Лепшыя сацыяльныя педагогі школ і гімназій сталіцы выйшлі днямі на сцэну Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, каб прэзентаваць сацыяльна значныя акцыі, якія праводзілі ў сваіх навучальных установах. Так завяршаўся трэці тур гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2014” у намінацыі “Педагог сацыяльны”.

Два першыя туры прайшлі раней. У іх удзельнікі конкурсу прадстаўлялі творчыя візітоўкі, абаранялі ўласны вопыт работы па адным з кірункаў прафесійнай дзейнасці, журы вывучала сцэнарыі распрацоўкі мерапрыемстваў сацыяльна-педагагічнай накіраванасці. Акрамя таго, канкурсанты прайшлі тэсціраванне па пытаннях сацыяльнай псіхалогіі, педагогікі і нарматыўнага забеспячэння выхаваўчай работы, правялі адкрытыя мерапрыемствы ў незнаёмай аўдыторыі па фарміраванні каштоўнасных арыентацый навучэнцаў. А яшчэ да выступлення на сцэне Палаца дзяцей і моладзі фіналісты прадставілі сістэму работы сацыяльнага педагога на сваіх рабочых месцах.

Да фіналу дайшлі сем педагогаў: Вольга Анатольеўна Арцюшэўская з гімназіі № 38, Лілія Алегаўна Калашнікава, якая прадстаўляла гімназію № 12, Вольга Уладзіславаўна Комінч з гімназіі № 3, Алена Лявонцьеўна Канцавенка з 5-й гімназіі, Наталля Мікалаеўна Кулікова з сярэдняй школы № 30, Марына Станіславаўна Мястоўская з 76-й сярэдняй школы і Ірына Юр’еўна Сушчынская з сярэдняй школы № 9.
Падтрымаць любімых педагогаў прыйшлі іх вучні. Прычым хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі прысутнічалі ў зале як гледачы, але і ўдзельнічалі ў прэзентацыі сацыяльна значных акцый. Тут былі прадстаўлены мерапрыемствы самага рознага кшталту: акцыі, што тычыліся паспяховай сацыялізацыі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, выкаранення брыдкаслоўя, акцыі “Я люблю жыццё”, “Жыві годна” і г.д.
Трэці тур завершаны, і вось фіналісты зноў разам на сцэне. “Хачу пажадаць усім сацыяльным педагогам у асобе нашых фіналістаў, каб ім заўсёды было што даць вучням, пажадаць здароўя, творчага натхнення на рабоце, жадання працаваць, прыхільнасці да нашай педагагічнай дзейнасці. А таксама жадаю выхаваць у сваіх установах годную замену сабе”, — сказала перад аб’яўленнем вынікаў член журы, загадчыца сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Зінаіда Васільеўна Вараб’ёва. Аб’явіла ж вынікі сустаршыня журы прарэктар па арганізацыйна-метадычнай і ідэалагічнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Якаўлеўна Янушкевіч. Такім чынам, трэцяе месца ў намінацыі “Педагог сацыяльны” заняла Ірына Юр’еўна Сушчынская, другое — Марына Станіславаўна Мястоўская, першае — Алена Лявонцьеўна Канцавенка.

Як расказала пераможца, якая, дарэчы, ужо мае гранты і прэмію Мінгарвыканкама, сацыяльным педагогам яна працуе адзінаццаты год. “Працую, імкнучыся падняць сваю прафесію на належны ўзровень, — заўважыла Алена Лявонцьеўна. — Раблю ўсё, каб мая работа была як мага больш карыснай для дзяцей”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.