Майстры сваёй справы

- 11:02Адукацыйная прастора

На Піншчыне падвялі вынікі раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года — 2020”. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім удзельнічалі 33 педагогі з 26 устаноў адукацыі, выступілі раённы аддзел па адукацыі і раённы вучэбна-метадычны кабінет.

— За доўгія гады існавання конкурс “Настаўнік года”, накіраваны на выяўленне, абагульненне і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту, павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці творчых настаўнікаў і выхавальнікаў, стаў не толькі вельмі папулярным і запатрабаваным, але і сапраўднай школай педмайстэрства, — расказаў начальнік раённага аддзела па адукацыі В.В.Гаўрыловіч. — На Піншчыне спаборніцтва мае свае традыцыі. Так, сімвалам раённага конкурсу з’яўляецца сініца, якая ўвасабляе працу, мастацтва і творчасць.

Па словах загадчыцы раённага ВМК А.Я.Шпакоўскай, у фінал спаборніцтва выйшлі выхавальніца Юлія Анатольеўна Савіцкая з Пінкавіцкага ясляў-сада, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Руслан Мікалаевіч Голікаў з Кашавіцкай сярэдняй школы, настаўнік геаграфіі Дзмітрый Мікалаевіч Казак з Жыдчанскай сярэдняй школы, настаўніца англійскай мовы Алена Уладзіміраўна Чалей са Ставоцкай сярэдняй школы, настаўнік хіміі і біялогіі Мікалай Канстанцінавіч Прыго­дзіч з Малоткавіцкай сярэдняй школы, настаўніца пачатковых класаў Ірына Віктараўна Ларыёнава і настаўніца матэматыкі Святлана Іванаўна Кан­дзярэшка з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа, а таксама настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Мікалаеўна Пракопчык з Гарадзішчанскай сярэдняй школы. Фіналісты рабілі творчую самапрэзентацыю і знаёмілі журы з уласным педагагічным вопытам.

Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў лепшай аказалася настаўніца матэматыкі С.І.Кандзярэшка з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа. На 2-м месцы — выхавальніца Ю.А.Савіцкая з Пінкавіцкага ясляў-сада, на 3-м — настаўніца пачатковых класаў І.В.Ларыёнава з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа. Пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі ад раённага аддзела па адукацыі, раённых арганізацый БРСМ, “Белай Русі” і галіновага прафсаюза. Але лепшай узнагародай для ўдзельнікаў з’яўляюцца павага калег, любоў вучняў і давер іх бацькоў.  

Сёлета на Піншчыне была створана кніга гонару “Залаты настаўніцкі фонд Пінскага раёна” з інфармацыяй пра фіналістаў раённых этапаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”. Кніга будзе захоўвацца ў музеі адукацыі Пінскага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.