Ліцэіст БДУ Дзіма Макараў — самы ўсмешлівы з удзельнікаў алімпіяды па астраноміі, якая сёлета прайшла ў Гомелі. Пасля заканчэння практычнага тура падыходжу да яго, каб пагутарыць. У гэты момант яшчэ ніхто не ведае, што ён — адзін з пераможцаў гэтага спаборніцтва юных інтэлектуалаў. Юнак не першы раз удзельнічае ў алімпіядах і можа параўноўваць. У тым ліку і ўзровень заданняў:
— Летась заданні былі прасцейшымі ў шмат разоў. Цяпер тэорыя была складаная, але практыка лягчэйшая. Я задаваў некалькі ўдакладняючых пытанняў членам журы.
Члены журы хваляваліся не менш. Дарэчы, як і трэнеры каманд за сваіх падапечных. Андрэй Лавыш, дацэнт кафедры агульнай фізікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, рыхтаваў астраномаў Гродзеншчыны, а ацэньваў веды юных фізікаў. Больш за тое, у самога вялікі вопыт удзелу ў алімпіядным руху:
— Удзельнічаў у алімпіядах з дзявятага класа. У якасці члена журы мяне далучалі да работы з трэцяга курса ўніверсітэта. У якасці трэнера каманды летась вазіў каманду Рэспублікі Беларусь на міжнародную алімпіяду. Гэта ўсё цікава. Задачы тут вельмі высокага ўзроўню — яны цікавыя практычнай скіраванасцю. Напрыклад, у фізікаў была задача пра мыльныя бурбалкі.
Гамяльчанін Антон Шамына — малодшы навуковы супрацоўнік ГДУ імя Францыска Скарыны. Ён лічыць удачай магчымасць паўдзельнічаць у журы рэспубліканскіх алімпіяд. Судзіць таксама фізікаў. Гаворыць, што па адчуваннях гэта значна цяжэй, чым самому ўдзельнічаць у алімпіядзе:
— Правяраць складана, бо трэба аб’ектыўна ставіцца да ўсіх работ школьнікаў. Дарэчы, некаторыя школьнікі ведаюць значна больш, чым многія студэнты ўніверсітэта. Падрыхтоўка дзяцей сур’ёзная, а ў нас — вялікі аб’ём работы па праверцы. Такім школьнікам і на міжнародную алімпіяду не сорамна было б з’ездзіць. Сёлета, на жаль, гэта не атрымаецца.
Старшыня журы па фізіцы Ганна Гадлеўская — дацэнт кафедры оптыкі ГДУ імя Францыска Скарыны. Кандыдат фізіка-матэматычных навук у складзе журы была шмат разоў, але сёлета ўпершыню — яго старшыня:
— Я адказваю за ўсё журы, за якасць праверкі задач, правільнае размеркаванне людзей… У нас працуюць вельмі кампетэнтныя людзі. Многія самі прайшлі праз алімпіядны рух. Заданні па фізіцы такога ўзроўню, што можна было б адабраць удзельнікаў для міжнароднай алімпіяды, — усе з імі прыстойна справіліся. Узровень вырас, і ступень падрыхтоўкі навучэнцаў таксама. Кваліфікацыя тых, хто працуе з алімпіяднікамі, вельмі высокая. Аргкамітэт спрацаваў вышэй усякіх пахвал. Ім было складана, бо быў цэйтнот. Яшчэ перад 9 мая яны не ведалі ні поўнага складу журы, ні складу ўдзельнікаў. Тым не менш усё прайшло без збояў.
Бяспецы на гэтай алімпіядзе, зразумела, — асаблівы клопат. На ўваходзе ў корпус Гомельскага інстытута развіцця адукацыі, дзе змагаліся фізікі і астраномы, кожнаму з уваходзячых памералі тэмпературу, пацікавіліся станам здароўя, праводзілі да месца. Вядома, сёлета ў спаборніцтвах удзельнічалі толькі школьнікі выпускных класаў.
Для іх, як і для членаў журы з іншых гарадоў Беларусі, былі створаны ўсе ўмовы: пражыванне па адным у інтэрнаце, харчаванне ў аднаразовым посудзе кожнаму індывідуальна ў пакоі, расказвае намеснік дырэктара Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко:
— У аўдыторыях, дзе праходзілі туры, знаходзілася не больш за восем чалавек, для таго каб дыстанцыя была не меншай за два з паловай метры. Выключана сёлета ўся ўрачыстая і экскурсійная частка мерапрыемства. У нас былі прадстаўнікі ўсіх абласцей і Ліцэя БДУ: 31 удзельнік па фізіцы і 27 па астраноміі.
Сёлета былі іншыя асаблівасці, гаворыць Вольга Аляксандраўна:
— Заданні, напісаныя дзецьмі, спачатку шыфраваліся, і кожны ліст яшчэ да праверкі сканіраваўся і ўносіўся ў воблачнае сховішча Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, і толькі пасля гэтага работы навучэнцаў перадаваліся для праверкі членам журы. Беспрэцэдэнтныя меры прыватнасці, абароны інфармацыі і выключэння якіх-небудзь асаблівых адносін да аднаго з дзяцей з боку членаў журы. Пра змест задач адначасова раніцай даведаліся і дзеці, і члены журы. Дзве з паловай гадзіны давалася на кожную з дзвюх задач. Дарэчы, яшчэ адна асаблівасць сёлета: каб выключыць усякія зносіны членаў журы з удзельнікамі алімпіяды, дзеці пры наяўнасці нейкіх пытанняў фармулявалі іх выключна ў пісьмовым выглядзе. Прадстаўнікі аргкамітэта перадавалі пытанні старшыні журы. Ён адказваў на пытанні, і школьніку вяртаўся пісьмовы адказ. Таму журы знаходзілася ў асобнай аўдыторыі.
Шкада, што сёлета няма ўрачыстасцей, прысвечаных пераможцам алімпіяд, але ж галоўны прыз для ўсіх пераможцаў — магчымасць залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі, дзе прадмет, які яны ведаюць лепш за іншых, профільны.
Юныя фізікі атрымалі 14 дыпломаў. Тры І ступені — у Рамана Глаза з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, Паўла Бяляўскага з сярэдняй школы № 16 Полацка і Аляксея Кіркоўскага з гімназіі № 10 Мінска. Апошні хлопец атрымаў яшчэ і спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь — смарт-гадзіннік. У каманды Мінска — 3 дыпломы, у Гродзенскай вобласці — адзін, ва ўсіх астатніх — па два дыпломы.
13 дыпломаў — у фіналістаў алімпіяды па астраноміі. З іх два — І ступені — у Дзмітрыя Макарава з Ліцэя БДУ і Аляксея Ганчарова з ліцэя № 1 Мінска. У Ліцэй БДУ тры яго выпускнікі прывезлі дыпломы, столькі ж дасталася прадстаўнікам Магілёўшчыны. На Брэстчыну адправіліся два дыпламанты, у Віцебск і Мінскую вобласць — па адным. Яшчэ тры дыпломы заваявалі прадстаўнікі Мінска.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.