Малады педагог школы № 9 Жлобіна Ірына Дубоўская ўпэўнена: прафесію настаўніка не заменіць ніякі штучны інтэлект

- 9:00Первое рабочее место

Малады педагог сярэдняй школы № 9 Жлобіна Ірына Дубоўская ўпэўнена, што прафесія настаўніка ўнікальная і яе не заменіць ніякі штучны інтэлект. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мара дзяцінства

Будучы дапытлівым дзіцем, Ірына Дубоўская з маленства любіла спасці­гаць штосьці новае, вучоба ў школе давалася ёй лёгка. Пры гэтым дзяўчынка ахвотна дзялілася сваімі адкрыццямі і назіраннямі з іншымі дзецьмі, ніколі не адмаўляла аднакласнікам у дапамозе з дамашнім заданнем. Сёння Ірына Аляксандраўна заўсёды гатова прыйсці на дапамогу сваім навучэнцам 3, 4, 5 і 9 класаў, дзе яна выкладае англійскую мову.

— Яшчэ ў дзяцінстве на мой выбар прафесіі аказалі ўплыў настаўнікі. Мне вельмі пашанцавала, бо ў сярэдняй школе № 2 Жлобіна, дзе я вучылася, сустрэла таленавітых людзей, якія любяць сваю справу. Цяпер разумею, што іх адданасць прафесіі, энтузіязм і самааддача сталі для мяне прыкладам. Асабліва запомнілася настаўніца пачатковых класаў Настасся Віктараўна Бондарава. Дзякуючы ёй я зразумела, што школа — гэта не сухія правілы і патрабаванні, бясконцыя сшыткі і дзённікі, чарада ўрокаў і адзнак са строгімі настаўнікамі, сур’ёзнымі адміністратарамі і бурклівым тэхперсаналам, а гэта свет дабрыні, прыгажосці і цярпімасці. Школа можа стаць другім домам, утульным, поўным мудрасці і бясцэннага вопыту. Настасся Віктараўна навучыла нас узаемадапамозе, эмпатыі, справядлівасці, уменню вучыцца і сябраваць, — прыгадвае настаўніца

Калі ў старшых класах прыйшоў час выбіраць спецыяльнасць, выпускніца Ірына Дубоўская вырашыла стаць настаўніцай англійскай мовы. Гуманітарныя прадметы ёй заўсёды здаваліся лягчэй, а замежную мову яна лічыць магутным інструментам камунікацыі, самавыяўлення і пашырэння кругагляду. Да таго ж педагог цалкам згодна з мудрым выказваннем Антона Паўлавіча Чэхава: “Колькі ведаеш моў, столькі разоў ты чалавек”.

Універсітэцкія гады

Вывучаючы нямецкую і англійскую мовы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны, куды Ірына Дубоўская паступіла па мэтавым накіраванні, каб пасля застацца ў родным горадзе, будучы педагог упэўнілася, што веданне замежнай мовы неабходна ў сучасным свеце, бо адкрывае дзверы да міжнародных зносін, новых ведаў, культуры і кар’ерных магчымасцей.

— Я засяродзілася на англійскай мове, — адзначае суразмоўніца. — Выкладчыкі ўніверсітэта не толькі дзяліліся ведамі, але і натхнялі на развіццё, стымулявалі да пастаяннага самаўдасканалення. Яны ўмелі матываваць і падтрымліваць цікавасць да прадмета, натхняючы на самастойнае вывучэнне моў і практычнае прымяненне ведаў. Мы вучыліся самастойна шукаць інфармацыю, развіваць навыкі крытычнага мыслення і ўпэўнена ўжываць англійскую мову ў штодзённым жыцці.

Першыя крокі студэнткі ў прафесіі пачаліся з практыкі ў школах Гомеля. Успамінаючы той час, Ірына Аляксандраўна адзначае:

— Гэта было вельмі цікава і адначасова вельмі адказна. Я вучылася знаходзіць падыход да розных дзяцей, планаваць урокі і кіраваць працэсам навучання. Маё знаёмства з педагогікай на справе паказала, што зацікавіць вучняў і падтрымліваць іх увагу зусім не проста. Карыснай была практыка ў дзіцячым лагеры “Лясныя далі”. Там я вучылася арганізоўваць вольны час, праводзіць гульнявыя і адукацыйныя мерапрыемствы, ствараць пазітыўную атмасферу для дзяцей. А яшчэ вучылася працаваць у камандзе: быць гнуткай, знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі.

Школьныя будні

Адказваючы на пытанне, ці змянілася меркаванне аб педагогіцы пасля першага года работы, малады спецыяліст заўважае:

Калі я паступала ва ўніверсітэт, лічыла, што настаўнік — гэта прафесіянал, які стварае асаблівую атмасферу ў класе, стымулюе цікавасць да вучобы і робіць працэс навучання цікавым, займальным, значным. Цяпер разуменне прафесіі значна пашырылася. Настаўніку мала валодаць прафесійнымі ведамі, патрэбна шмат цярпення, уменне знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага вучня, да таго ж важна быць крэатыўным. У працэсе работы я пераканалася, што часта менавіта ад настаўніка залежыць, наколькі дзіця будзе зацікаўлена ў вывучэнні прадмета, ці будзе ўпэўнена ў сабе і зможа пераадолець цяжкасці не толькі ў вучобе, але і ў жыцці. Ловячы позіркі, скажам, пяцікласнікаў, я разумею, што магу быць для іх натхняльнікам, прыкладам для пераймання. І гэта велізарная адказнасць. Прыйшло ўсведамленне, што тытанічная і высакародная праца настаўніка патрабуе вялікай і шчырай любові да дзяцей. Размаўляючы з сённяшнімі выпускнікамі школы, магу сказаць, што гэта ўнікальная прафесія, яе не заменіць ніякі штучны інтэлект.

— І што ж кажуць адзінаццацікласнікі?

— Яны расказваюць, што, здзяйсняючы той ці іншы ўчынак, прымаючы нейкае рашэнне, часта ўспамінаюць добрыя парады, слушныя рэкамендацыі і нават натацыі педагогаў. Гэтыя словы важныя для іх і выклікаюць давер, бо ў школьныя гады паміж вучнем і настаўнікам складваюцца блізкія, душэўныя адносіны. І гэта вялікая каштоўнасць.

А вучні падзяляюць ваша меркаванне пра тое, што веданне замежнай мовы важнае і патрэбнае?

— Па маіх назіраннях, многія дзеці праяўляюць цікавасць да вывучэння замежных моў, у тым ліку англійскай. Старшакласнікі разумеюць, што ўменне камунікаваць з людзьмі з розных краін — гэта важны і карысны навык. Да таго ж сённяшнія дзеці растуць у лічбавую эпоху, і для іх мова — гэта ключ да свету тэхналогій, інтэрнэту, міжнародных камунікацый. Вядома, веданне замежнай мовы лічаць неабходным далёка не ўсе школьнікі. Многіх трэба матываваць на пашырэнне лексікону, развіццё маўленчых навыкаў.

Каб падтрымліваць цікавасць вучняў, малады педагог выкарыстоўвае разнастайныя метады і прыёмы. Яна стараецца прымяняць гульнявыя элементы і візуалізацыю, звяртаецца да групавых практыкаванняў і дыялогаў, што дапамагае рабіць працэс навучання жывым і дынамічным, захапляльным і інтэрактыўным.

— Спецыфіка выкладання замежнай мовы дазваляе бачыць кожнага вучня і ўключаць яго ў актыўную дзейнасць, — дзеліцца прафесійнымі напрацоўкамі Ірына Дубоўская. — Акрамя гэтага, сістэматычна выкарыстоўваю мультымедыйныя прэзентацыі, відэа, праектны метад і гульнявыя формы работы. Гэта дапамагае разнастайваць урокі, рабіць вывучэнне англійскай мовы карысным і займальным. Па меры неабход­насці праводжу дадатковыя заняткі, каб дапамагчы засвоіць матэрыял тым, хто адчувае ў гэтым цяжкасці. Таксама вяду стымулюючыя заняткі, якія развіваюць творчыя здольнасці адораных і таленавітых дзяцей, каб дапамагчы ім паглыбіцца ў моўны матэрыял, падрыхтавацца да конкурсаў. А з другога паўгоддзя па запыце навучэнцаў і бацькоў распачала дадатковы курс “Англійская мова з захапленнем”.

Улетку педагог плануе прафесійна развівацца, удасканальваць свае метадычныя навыкі і падрыхтаваць новыя займальныя праекты, гульнявыя заданні для будучых урокаў, каб зрабіць працэс навучання яшчэ больш цікавым і эфектыўным.

Бліцапытанне

— Як у першы год работы прахо­дзіў працэс адаптацыі ў новай для вас ролі настаўніка?

— Будучы пачаткоўцам ва ўсім, спачатку хвалявалася: новыя людзі, новая абстаноўка. Аднак мяне сустрэлі вельмі ветліва, цёпла і прыязна. Дзякуючы падтрымцы адміністрацыі і майго настаўніка Кацярыны Пятроўны Трушкевіч, я хутка адчула сябе часткай каманды. Усе педагогі заўсёды адкрытыя да дыялогу, ахвотна дзеляцца сваім вопытам і парадамі. Вядома, у пачатку ўзнікалі некаторыя цяжкасці: трэба было прылаўчыцца да новых умоў, асвоіць асаб­лівасці работы з рознымі ўзроставымі групамі дзяцей, навучыцца максімальна хутка ствараць у класе рабочую атмасферу. Пры падтрымцы калег я паступова пераадолела гэтыя цяжкасці і ўжо адчуваю сябе больш упэўнена.

— Па якіх пытаннях у асноўным звяртаецеся па дапамогу да калег?

— Узнікалі пытанні па методыцы правядзення ўрокаў і падборы вучэбных матэрыялаў, асабліва калі сутыкалася з цяжкасцямі пры рабоце з рознымі ўзроставымі групамі. Часам патрэбна была дапамога з-за паводзін вучняў або іх індывідуальных асаблівасцей. Я цаню вопыт старэйшых калег і заўсёды гатова ў іх вучыцца.

— Якія, на ваш погляд, ідэальныя адносіны паміж педагогам і вучнямі?

— Гэта зносіны, заснаваныя на ўзаемнай павазе, даверы і добразычлівасці. Важна, каб педагог мог зразумець, падтрымаць вучня і дапамагчы яму ў цяжкую хвіліну, унушыць кожнаму яго выключную значнасць, абудзіць жаданне вучыцца, стварыць сітуацыю поспеху, заахвоціць за ініцыя­тыву, самастойнасць. Думаю, у такой пазітыўнай атмасферы вучні будуць дэманстраваць і актыўнасць, і матывацыю да вучобы.

— Апынуўшыся па іншы бок школьнай парты, што вы сказалі б сабе 14-гадовай пра школьныя гады, выбар прафесіі?

— Я сказала б: “Шануй кожнае імгненне школьнага жыцця, вучыся з цікавасцю, не бойся памыляцца, задаваць пытанні! Выбар прафесіі — важнае рашэнне, і калі ты выбераш педагагічную дзейнасць, яна прынясе табе шмат радасці і задавальнення. Рабі, дзейнічай, мар! Усё ў тваіх руках!”

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота прадастаўлена педагогам