Маладыя, але не зялёныя

- 10:48Вышэйшая школа

Фраза “Хочаш нешта змяніць — пачні з сябе” стала дэвізам ініцыятыўнай групы маладзёжнага праекта “Зялёны ўніверсітэт”. Аднак тыя, хто бліжэй знаёміцца з дзейнасцю хлопцаў і дзяўчат, з упэўненасцю працягваюць: “…І навучы гэтаму іншых”.

“Зялёны ўніверсітэт” — гэта экалагічная ініцыятыва студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мэтай праекта стала стварэнне адмысловай пляцоўкі, дзе прасунутая, экалагічна адукаваная моладзь будзе асобна збіраць смецце, эканоміць ваду, электрычнасць, імкнуцца да змяншэння колькасці змешаных адходаў. Адсюль, па-сутнасці, і назва. Каманда працуе ў двух напрамках: арганізоўвае асобны збор адходаў ва ўніверсітэце і інтэрнатах і фарміруе экалагічную культуру ў студэнцкім асяроддзі. Маладыя людзі арганізоўваюць мерапрыемствы, якія даюць студэнтам магчымасць даведацца пра экалагічную сітуацыю, праблемы навакольнага асяроддзя, а таксама пра спосабы іх вырашэння і прадухілення.

У межах праекта госці глядзяць і абмяркоўваюць тэматычныя фільмы, сустракаюцца з экспертамі, вучацца асновам ручной работы, асобна збіраюць смецце і прыбіраюць ад яго прыродныя тэрыторыі, гуляюць у экалагічныя гульні, удзельнічаюць у дэбатах, круглых сталах, форум-тэатрах і наведваюць экасцяжынкі.

“Зялёны ўніверсітэт” стартаваў восенню мінулага года, калі студэнты факультэта міжнародных адносін БДУ разам з валанцёрамі “Зялёнай сеткі” (супольнасць аб’яднаных экалагічных арганізацый, актывістаў, ініцыятыў і экспертаў) вырашылі паспрабаваць перавесці ўніверсітэты краіны на “экалагічныя рэйкі”. У энергічных энтузіястаў было шмат планаў, ім хацелася зрабіць усё і адразу. На факультэце міжнародных адносін знайшліся дзяўчаты і хлопцы, гатовыя падтрымаць такую ідэю. З цягам часу да іх далучыліся актывісты з іншых факультэтаў універсітэта — гістарычнага, філалагічнага, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, а таксама прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і МДЭІ імя А.Д.Сахарава.

Партнёрамі студэнцкай ініцыятывы сталі Цэнтр экалагічных рашэнняў (Мінск), “Зялёная сетка”, партал “Талака”, праекты “ТорбаШоу” і “Новае жыццё ў абмен на вечка”.

Мерапрыемствы ў межах “Зялёнага ўніверсітэта” праводзяцца некалькі разоў на месяц падчас навучальнага года. На канікулах маладыя людзі збіраюць новыя ідэі для рэалізацыі, спасцігаюць вопыт старэйшых калег-прафесіяналаў. Так, напрыклад, кіраўнік праекта студэнтка ФМА Алеся Смяховіч зараз праходзіць стажыроўку ў Германіі.

— Я бачу вакол сябе шмат карысных і цікавых экалагічных ідэй, якімі хацелася б падзяліцца па вяртанні, — гаворыць дзяўчына. — Мы імкнёмся далучыць да нашых акцый як мага больш студэнтаў і адкрыты для ўсіх. Для нас галоўнае — развіццё ідэі праекта.

Каманда валанцёраў пашыраецца: зараз у яе склад уваходзяць 20 чалавек. Нехта працуе ў калектыве з пачатку заснавання “Зялёнага ўніверсітэта”, а нехта прымкнуў да яго нядаўна. Так, адна з актывістак студэнтка філалагічнага факультэта Аліна Пазднякова расказвае, што далучылася да ініцыятывы ў канцы сакавіка гэтага года пасля прагляду фільма “Пластыкавы акіян”. Фільм, па словах дзяўчыны, змяніў яе адносіны з пластыкам на “да” і “пасля”, і яна адразу ж звярнулася да куратара праекта, бо зразумела, што не можа заставацца ўбаку.

Каманда “Зялёнага ўніверсітэта” пераканана ў важнасці і патрэбнасці свайго праекта, бо, на думку маладых людзей, каб вырашыць праблему, яе трэба спачатку ўсвядоміць, а ў выпадку з праблемамі экалогіі — яшчэ і зразумець яе маштаб і ўплыў на чалавека. Праз сваю работу юнакі і дзяўчаты імкнуцца паказаць, што правільная жыццядзейнасць чалавека — неад’емны фактар падтрымання экалагічнай устойлівасці.

— Калі чалавек замест штодзённага аднаразовага стакана для кавы будзе карыстацца звычайным кубачкам, колькасць непатрэбнага смецця ўжо зменшыцца. А калі чалавек у сваім памкненні будзе не адзін, то добры ўплыў на экалогію значна павялічыцца. Ад нашых учынкаў залежыць якасць жыцця як сёння, так і ў будучыні, — лічыць Алеся Смяховіч. — Мы імкнёмся данесці думку, што калі чалавек можа змяніць нешта, каб дапамагчы навакольнаму асяроддзю, зрабіць гэта — яго абавязак.

Для маладых людзей важным аспектам стала тое, што “Зялёны ўніверсітэт” — студэнцкі праект. А студэнты, на думку творчага калектыву, — гэта будучыя дзеячы і кіраўнікі, тыя, хто зможа задаваць кірункі развіцця ў розных сферах, уключаючы экалогію.

— Наўрад ці нехта хоча шкодзіць прыродзе спецыяльна. Хутчэй, справа ў неінфармаванасці ці адсутнасці ўсведамлення небяспекі, якая можа сыходзіць ад неперапрацаванага смецця. Мы спадзяёмся, што “Зялёны ўніверсітэт” стане асаблівым напрамкам дзейнасці ў БДУ з рабочымі групамі на кожным факультэце, — выказаліся маладыя людзі.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва праекта “Зялёны ўніверсітэт”.