Маладыя, але ўжо прафесіяналы

- 13:04Навіны рэгіёнаў

Фестываль відэапраектаў “Медыясфера” — пляцоўка для рэалізацыі творчых пошукаў студэнтаў і школьнікаў, якія спрабуюць свае сілы ў галіне кіна- і відэамастацтва — пяты раз аб’яднаў творчую моладзь.

Арганізуе фестываль кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У гэтым годзе фестываль выйшаў за межы Гродзенскай вобласці — удзел у ім прынялі студэнты з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
— Аргкамітэт прыняў да разгляду 104 відэафільмы розных жанраў: сацыяльныя і анімацыйныя ролікі, рэпартажы, ігравыя фільмы, відэазамалёўкі, прома-ролікі, — расказвае дацэнт кафедры журналістыкі Іна Мінчук. — У гэтым годзе ў сувязі з вялікай колькасцю відэапраектаў журы прыняло рашэнне ранжыраваць удзельнікаў па дзвюх катэгорыях: “Юніёры” — школьнікі і студэнты няпрофільных спецыяльнасцей і “Профі” — будучыя журналісты і тыя, хто паспрабаваў сябе ў прафесіі.
Фестываль праходзіў у некалькі этапаў. На першым этапе, пасля прагляду ўсіх конкурсных матэрыялаў, журы, якое ўзначальваў дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала “Гродна Плюс” Аляксандр Ласмінскі, адабрала 20 відэафільмаў у розных намінацыях. Гэтыя работы таксама ўдзельнічалі ў інтэрнэт-галасаванні за прыз сімпатый гледачоў.
На падвядзенне вынікаў запрасілі амаль усіх удзельнікаў “Медыясферы”. Для іх былі арганізаваны сэлфі-тур, падчас якога школьнікі і студэнты з іншых універсітэтаў маглі азнаёміцца з кафедрай журналістыкі ГрДУ — работай радыёстудыі, тэлестудыі, а таксама майстар-класы, якія правялі вядомыя гродзенскія тэлежурналісты.
Узнагародамі былі адзначаны пераможцы ў намінацыях “Рэпартаж”, “Сюжэт навін”, “Відэапраект”, “Відэазамалёўка”, “Прома-ролік”, “Ігравы фільм”, “Фільм-партрэт”, “Сацыяльны ролік” у катэгорыях “Юніёры” і “Профі”. Відэафільм “Жураўліны крык” Людмілы Забоевай і Мікіты Якімовіча з гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага стаў пераможцам у намінацыі “Мой фільм аб вайне”. Навучэнка сярэдняй школы № 11 імя генерала Антонава Гродна Яна Бахар прадставіла на фестываль праект “Як часта”. Менавіта ён перамог у інтэрнэт-галасаванні. Дарэчы, у ім удзельнічала больш за 4,5 тысячы галасоў.
Дыпломам ІІІ ступені былі адзначаны самыя юныя ўдзельнікі фестывалю — прадстаўнікі студыі анімацыі “Конус” (кіраўнік Георгій Ляпкін) Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна Уладзіслаў Васюк і Аляксей Васільеў за фільм “Гэта кубік…”. Будучыя журналісты студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ Таццяна Аначко і Юлія Ліфянцова ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені за ролік “Паступай правільна — паступай у ГрДУ-2015”. Будучы журналіст, студэнт Гродзенскага ўніверсітэта Яўген Сідар, які актыўна супрацоўнічае з каналам АНТ, узнагароджаны дыпломам І ступені за праект “Горкі-2014”, а таксама за відэаролік “Alma Mater” адзначаны ў намінацыі “Мы — маладыя”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны МАРОЗ.