У дзіцячым сацыяльным прытулку Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра выхаванцы ў касцюмах, зробленых сваімі рукамі да інсцэніроўкі песні “Усё могуць каралі”, чакалі гасцей.
Гэтая песня была абрана невыпадкова: мелася адбыцца сустрэча з арганізатарамі і ўдзельнікамі акцыі “Маладыя – дзецям”. Невялікім спектаклем хлопчыкі і дзяўчынкі хацелі падкрэсліць, што маладыя людзі ў наш час выбіраюць спадарожнікаў жыцця па загадзе сэрца, а раней такой прывілеі не было нават ў караля!
Маладыя — Аляксандр і Вікторыя Коўзан — вырашылі зрабіць дзень свайго шлюбу незабыўным не толькі для сябе і гасцей, але і для выхаванцаў дзіцячага прытулку. Яны без доўгіх роздумаў далучыліся да акцыі, якую ў Смаргонскім раёне на працягу двух летніх месяцаў праводзіла раённае аддзяленне грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” сумесна з аддзелам ЗАГС райвыканкама.
У органах запісу актаў грамадзянскага стану спецыялісты Алена Станіславаўна Пальчукевіч і Марына Мечыславаўна Бязняк ўсім маладым людзям, якія жадалі зарэгістраваць шлюб, прапаноўвалі замест вясельных букетаў для маладых, набыць цацкі, гульні і канцылярскія тавары для дзяцей. Госці сям’і Коўзан з радасцю адгукнуліся на гэтую прапанову, і дырэктар Смаргонскага раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Наталля Чаславаўна Лобейка разам з начальнікам аддзела ЗАГС Смаргонскага райвыканкама Інэсай Станіславаўнай Лук’янавай, уручылі сабраныя такім чынам падарункі выхаванцам прытулку. Свята закончылася вясёлым флэш-мобом, у якім удзельнічалі і госці, і гаспадары! Выказваем падзяку ўсім, хто меў дачыненне да гэтай падзеі.
Ларыса Татарынава,
дырэктар Смаргонскага СПЦ. Гродзенская вобласць.