Маладыя кадры — для аграпрамысловага комплексу

- 17:17Нам пішуць

У Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці адбылася ўрачыстасць з нагоды чарговага выпуску спецыялістаў. У актавай зале ўстановы сабраліся навучэнцы, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання і бацькі. Сёлета выпускнікамі ліцэя сталі 112 чалавек.

Дырэктар ліцэя Станіслаў Ляшчук павіншаваў выпускнікоў з паспяховым атрыманнем рабочых прафесій і ўручыў дыпломы. Лепшыя юнакі былі ўзнагароджаны граматамі за вучэбныя поспехі і актыўны ўдзел у спартыўным і грамадскім жыцці. Сёлета дыпломы з адзнакай і ганаровыя граматы атрымалі 5 выпускнікоў: Іван Батура, Аляксандр Кавальскі, Яўген Коцелеў, Вячаслаў Крэнь і Уладзіслаў Стаськевіч.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Марушаў уручыў лепшым ліцэістам стыпендыі Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за актыўны ўдзел у прафсаюзным і грамадскім жыцці ўстановы адукацыі. Сярод узнагароджаных — Іван Батура, Артур Забрадоцкі, Дзяніс Капсамун і Дзмітрый Пацурай.

Трэба адзначыць, што выпускнікі ўстановы запатрабаваны на рынку працы і займаюць годнае месца ў працоўных калектывах. Так, усе сёлетнія выпускнікі атрымалі размеркаванне і накіраваны ў сельгаспрадпрыемствы Брэста, Маларыцкага, Брэсцкага, Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў, дзе будуць працаваць трактарыстамі-машыністамі сельскагаспадарчай вытворчасці, слесарамі па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, электразваршчыкамі і вадзіцелямі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.