Маладыя лідары Міншчыны

У Мінскай вобласці вызначылі пераможцаў двух значных конкурсаў — “Малады лідар Міншчыны” і агляду-конкурсу праектаў у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У абодвух гучна заявілі пра сябе педагогі і ўстановы адукацыі.

Званне маладога лідара Міншчыны маглі атрымаць сацыяльна актыўныя людзі ва ўзросце ад 21 да 31 года, якія працуюць у вытворчай і невытворчай сферах і сваёй дзейнасцю зрабілі вялікі ўклад у дасягненні, што прынеслі вядомасць Мінскай вобласці і атрымалі прызнанне грамадства ў 2018 годзе. Конкурс закліканы выяўляць ініцыятыўных і таленавітых маладых людзей, прыцягваць іх да актыўнай грамадскай дзейнасці, ствараць умовы для іх далейшага прафесійнага росту, а таксама папулярызаваць поспехі моладзі.

Для ўдзелу ў конкурсе маладыя лідары расказалі пра сябе пры дапамозе відэапрэзентацый, а таксама прадставілі свае сацыяльныя праекты. Праекты распрацаваны канкурсантамі або рэалізоўваюцца з іх удзелам у рамках выбранага кірунку працоўнай дзейнасці. Конкурс прадугледжваў 17 намінацый: вызначаліся лідары ў сферы культуры, аховы здароўя, прамысловасці, лясной і сельскай гаспадаркі, СМІ і інш.

Маладымі лідарамі Міншчыны ў сферы адукацыі сталі Андрэй Аляксандравіч Баравікоў, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце бараўлянскай сярэдняй школы № 3, і Ганна Леанідаўна Кушнірэнка, настаўніца біялогіі і хіміі ясляў-сада — сярэдняй школы № 24 Барысава. Ганна Леанідаўна прадставіла праект “Школа прыгажосці і здароўя”, які ажыццяўляе з пачатку гэтага навучальнага года ў рамках шостага школьнага дня. Ідэя праекта — растлумачыць дзецям, што такое здаровы лад жыцця і правільнае харчаванне. Настаўніца сама няспынна ўдасканальвае веды ў гэтым напрамку і дзеліцца імі з навучэнцамі. Спачатку ўдзельнікамі праекта былі дзевяцікласнікі, а сёння яны дапамагаюць настаўніцы ў рабоце з малодшымі школьнікамі. У планах — распаўсюдзіць дзейнасць і на навучэнцаў пачатковых класаў.

Андрэй Аляксандравіч Баравікоў таксама прадставіў на конкурсе ўласна распрацаваны праект шостага школьнага дня “Мая школа — увесь свет”, які прадугледжвае работу на працягу навучальнага года і ахоплівае ўсе кірункі выхаваўчай работы. Праект правільна структураваны, мае дакладную кіраўніцкую мадэль, змяшчае дэталёва распрацаваную канцэпцыю падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў. У рамках праекта кожны навучэнец мае права выбіраць індывідуальны маршрут у выхаваўчай прасторы. Работа заснавана на ўзаемадзеянні навучэнцаў, школы і сям’і.

Званне маладога лідара Міншчыны ў сферы спорту і турызму атрымала Святлана Аркадзьеўна Доўгая, кіраўнік фізічнага выхавання Мар’інагорскага дзяржаўнага ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е.Лабанка. Святлана Аркадзьеўна займаецца гіравым спортам, з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту і стала пераможцай мноства спаборніцтваў рознага ўзроўню. Напрыклад, перамагла на чэмпіянаце Еўропы імя Уладзіміра Краўцова пад эгідай Асацыяцыі сілавога мнагаборства “Віцязь”, які прайшоў у Маскве. Сёння Святлана папулярызуе гіравы спорт сярод моладзі і рыхтуе сваіх навучэнцаў да спаборніцтваў.

У абласным конкурсе праектаў у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ўдзельнічалі арганізацыі, калектывы, грамадскія арганізацыі і маладзёжныя фарміраванні, мэтай работы якіх з’яўляецца рэалізацыя розных напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на тэрыторыі Мінскай вобласці. Праекты былі прадстаўлены ў 10 намінацыях, што адпавядалі розным кірункам работы з моладдзю. Змястоўныя, арыгінальныя, актуальныя — гэта рэальныя праекты, якія прыносяць сапраўдную карысць. І ў гэтым конкурсе ўстановы адукацыі былі ў ліку пераможцаў.

У намінацыі “Падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы моладзі” 1-е месца атрымала бізнес-кампанія “Арт-клас” Каладзішчанскай сярэдняй школы Мінскага раёна. Другое месца — у школьнай бізнес-кампаніі “ДАРУ.nak” сярэдняй школы № 13 Барысава.

У намінацыі “Патрыятычнае выхаванне моладзі” 2-е месца атрымаў Капыльскі дзяржаўны каледж. Лідарам у намінацыі “Сацыяльная падтрымка моладзі” стала ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме Маладзечанскага райвыканкама. Два першыя месцы намінацыі “Маладзёжнае самакіраванне” заваявалі клуб ЮНЕСКА “Маладзёжны парламент” Барысава, а таксама ЦТДіМ Салігорска, у якім дзейнічае парламент дзяцей і навучэнскай моладзі горада.

“Золата” і “серабро” намінацыі “Дабрачыннасць і добраахвотніцтва” атрымалі адпаведна пярвічная арганізацыя БРСМ Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа і Каладзішчанская сярэдняя школа. Безумоўнае лідарства ў намінацыі “Экалогія і ўстойлівае развіццё” заваявала сярэдняя школа № 4 Дзяржынска.

Канкурсанты ўвайшлі ў новы год з цудоўнымі ўзнагародамі і ўпэўненасцю, што наперадзе яшчэ шмат магчымасцей зрабіць добрыя справы.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва канкурсантаў.