Маладыя настаўнікі летам вучыліся

Яны працуюць у розных навучальных установах і рэгіёнах, выкладаюць розныя прадметы, але ёсць тое, што іх аб’ядноўвае: усе яны — настаўнікі, якія толькі пачынаюць сваю прафесійную дзейнасць, і ў іх ёсць жаданне далей працаваць у сістэме адукацыі і ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства. Менавіта для такіх мэтанакіраваных маладых спецыялістаў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі другі год арганізоўвае школу маладога педагога “Прызванне — педагог”.

На шэсць дзён Парэцкая санаторная школа-інтэрнат Гродзенскага раёна стала месцам, дзе сабраліся маладыя і вопытныя настаўнікі — члены клуба “Крыштальны журавель”. Менавіта пад кіраўніцтвам вопытных “жураўлёў”, настаўнікаў-метадыстаў Алены Яўгенаўны Гарбар, настаўніцы біялогіі і хіміі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна, і Ірыны Рамуальдаўны Клявец, настаўніцы біялогіі гімназіі Смаргоні, удзельнікі школы асвойвалі тэхналогіі арганізацыі групавой работы.

— Мы ставілі на мэце не толькі навучыць маладых настаўнікаў перадавым метадам работы, дапамагчы ім у прафесійным станаўленні, але і арганізаваць заняткі нефармальна, стварыць творчую атмасферу, якая дапаможа ім раскрыцца і яшчэ раз пераканацца, што прафесія настаўніка — гэта тая справа, якой яны гатовы прысвяціць жыццё, — гаворыць рэктар ГрІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт С.А.Сяргейка. Менавіта таму заняткі, якія правяла Святлана Антонаўна, былі прысвечаны самарэалізацыі асобы педагога.

Трэнінг эфектыўнай камунікацыі “Развіццё камунікатыўных уменняў у педагогаў”, лекцыя-дыялог, дзелавая гульня, практычныя і інтэрактыўныя заняткі “Гульнявое мадэляванне ў адукацыйным працэсе”, майстар-клас “Сучасныя падыходы да мадэлявання вучэбнага працэсу”, трэнінгі асабістага росту “Рэфлексія як вядучы механізм фарміравання прафесійнай самасвядомасці педагога”, круглы стол “Цяжкасці ў прафесійным станаўленні маладога педагога” і яшчэ шмат іншага прапанавалі маладым педагогам.

Вялікая ўвага ўдзялялася выкарыстанню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Вельмі карыснымі для маладых педагогаў былі практычныя заняткі на тэму “Арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”, якія правялі начальнік аддзела па рабоце з арганізатарамі адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Г.В.Рыкава і настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Парэцкай санаторнай школы-інтэрната С.П.Ярмолік. Ганна Васільеўна вучыла працаваць у воблачных тэхналогіях і падключыла слухачоў да сеткавай супольнасці школы маладога педагога, дзе кожны з іх зможа знайсці карысныя для сваёй работы матэрыялы. Святлана Пятроўна расказала пра свой блог і падказала, як яго ствараць і весці.

— Калі такі вопытны настаўнік-біёлаг, як Ірына Рамуальдаўна Клявец, дзеліцца сваімі напрацоўкамі, то я, таксама выкладчык біялогіі, магу адразу скапіраваць яе вопыт, навучыцца актыўнай рабоце з дзецьмі, таму, як устанавіць з імі кантакт, — гаворыць настаўніца сярэдняй школы № 7 Гродна Аляксандра Агеева. — Мне было вельмі цікава павучыцца групавой рабоце, інтэрактыўным формам правядзення ўрока. Нас тут не толькі вучылі, мы маглі выказваць сваё меркаванне. Галоўнае, нас чулі і дапамагалі знайсці адказ на многія пытанні.

Напрыклад, маладыя настаўнікі абмяркоўвалі кантрольныя работы. А.Я.Гарбар і І.Р.Клявец падзялілі слухачоў на ўмоўныя групы: сродкі масавай інфармацыі, настаўнікі, вучні, бацькі і адміністрацыя. Кожная група вельмі актыўна адстойвала свае пазіцыі аб карысці і… шкодзе кантрольных работ. Пра прафілактычную работу пры праблемах залежнасцей у дзяцей гаварыла са слухачамі старшы выкладчык кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі ГрІРА Людміла Іванаўна Глазкова. Яна таксама пазнаёміла з формамі работы з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і нарматыўнымі дакументамі, якімі трэба пры гэтым кіравацца.

Карысным для маладых настаўнікаў стаў круглы стол з удзелам старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Веры Віктараўны Грышэчка, начальніка аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святланы Станіславаўны Кавалеўскай, кіраўніцтва ГрІРА.

Пра тое, што вучоба ў летняй школе карысная і цікавая маладым настаўнікам, сведчыць і такі факт. У гэтым годзе слухачом школы стаў настаўнік пачатковых класаў з Гомельскай вобласці Антон Гін. А даведаўся Антон пра гэтую школу падчас удзелу ў настаўніцкім форуме, які быў арганізаваны вясной у Гродне Інстытутам развіцця адукацыі. Тады ён вельмі зацікавіўся такой формай павышэння кваліфікацыі.

Пасля заняткаў маладых настаўнікаў чакала культурная і спартыўная праграма. Слухачы пабывалі ў Цэнтры пясочнай тэрапіі Sand Art Гродзенскага ІРА, на выставе “Калегiум, гiмназiя, школа”, у Новым замку, аквапарку, на экскурсіі па Гродне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фото Юліі АНІКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *