На Камянеччыне падвялі вынікі раённага этапу абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”. Спаборніцтва праходзіла з мэтай выяўлення і падтрымкі творчых педагогаў, прапаганды лепшага вопыту работы.
Удзельнікамі раённага спаборніцтва сталі 8 педагогаў, стаж якіх не перавышае 5 гадоў: настаўніцы пачатковых класаў Таццяна Уладзіміраўна Акеліна з Белавежскай сярэдняй школы, Наталля Анатольеўна Брух з Навасёлкаўскай базавай школы, Ірына Мікалаеўна Каляда з Дзмітравіцкай сярэдняй школы і Святлана Аляксандраўна Шырнюк з Турнянскай сярэдняй школы, настаўнік геаграфіі Павел Уладзіміравіч Кендысь з Амелянецкай сярэдняй школы, настаўніца інфарматыкі Іна Валер’еўна Авіновіч з Белавежскай сярэдняй школы, настаўніца англійскай мовы Яўгенія Анатольеўна Нігерыш з сярэдняй школы № 2 Камянца і настаўніца нямецкай мовы Ганна Аляксандраўна Цыганкова з Войскаўскай сярэдняй школы.
Асноўным конкурсным выпрабаваннем сталі адкрытыя ўрокі, якія праходзілі на базе сярэдняй школы № 2 і гімназіі Камянца. Канкурсанты атрымалі тэмы заняткаў за паўтара тыдня да іх правядзення. За гэты час педагогі наведалі ўрокі калег, пазнаёміліся з вучнямі, вывучылі дыдактычную базу будучых заняткаў і адукацыйнае асяроддзе, у якім ім давядзецца працаваць. Маладыя настаўнікі не толькі праводзілі паказальныя заняткі, але і рабілі іх самааналіз.
На працягу двух дзён канкурсанты дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства дзякуючы выкарыстанню розных сакрэтаў выкладання і добрай метадычнай падтрымцы настаўнікаў-куратараў, якія таксама прысутнічалі на конкурсных вучэбных занятках. Урокі прайшлі на адным дыханні. Канкурсанты правялі глыбокі крытычны аналіз сваіх заняткаў. Члены журы пагадзіліся, што на Камянеччыне расце годная педагагічная змена.
Пераможцай конкурсу стала настаўніца пачатковых класаў І.М.Каляда з Дзмітравіцкай сярэдняй школы. На другім месцы — настаўніца англійскай мовы Я.А.Нігерыш з сярэдняй школы № 2 Камянца, на трэцім — настаўніца пачатковых класаў Т.У.Акеліна з Белавежскай сярэдняй школы.
Надзея КІРЫЛЮК,
загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму
Камянецкага райвыканкама.