Маладыя спецыялісты — у ліку першачаргавікоў

- 13:50Рознае, Сацыяльны ракурс

Днямі больш за 200 сталічных сем’яў справілі доўгачаканае наваселле. Здавалася б, звычайная справа — жылля ў сталіцы будуецца нямала. Але гэтае — асаблівае: спецыяльна пабудаванае для творчай і навуковай інтэлігенцыі, прасцей кажучы — выкладчыкаў, навукоўцаў, работнікаў устаноў культуры, у рамках узвядзення жылога комплексу “Магістр”. Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі (а менавіта гэтае ведамства фарміравала спіскі на засяленне аднаго з дамоў), на гэты раз былі заселены два дамы — на 137 і 91 кватэру. У адным доме пасяліліся выкладчыкі і навукоўцы, у другім — работнікі культуры. У бліжэйшы час у квартале “Магістр” будуць здадзены яшчэ два дамы, у якіх засталося завяршыць пусканаладачныя работы на аб’екце інжынернай інфраструктуры. Пяты і шосты жылыя будынкі плануецца дабудаваць у лістападзе — снежні бягучага года, сёмы — ужо ў наступным годзе. Таксама ў 2015-м у квартале ўзвядуць яшчэ два дамы і пачнуць будаўніцтва дзіцячага сада і школы.
Праўда, тут неабходна адзначыць адну асаблівасць: усё гэтае жыллё — арэнднае. Тым не менш тыя, хто атрымаў ключы ад гэтых кватэр, называюць сябе не інакш як шчасліўчыкамі. Яно і не дзіўна: у той час, як на рынку кошт арэнды аднапакаёвай кватэры ў прыватных асоб пачынаецца ад 3 млн рублёў, а двухпакаёвай — ад 4,5 млн рублёў, у жылым комплексе “Магістр” плата значна ніжэйшая: арэнда аднапакаёвай кватэры абыдзецца гаспадарам у 1,2 млн, двухпакаёвай — у 1,79 млн рублёў. Да таго ж кватэры — абсалютна новыя, адпаведна і стан іх — выдатны.
Таму, зразумела, прэтэндэнтаў на такое жыллё нямала. Асабліва ўлічваючы той факт, што ў краіне каля 770 тысяч асоб маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Хто ж мае права на яго атрыманне? Пра што неабходна ведаць наймальнікам арэнднага жылля? Пра гэта, а таксама пра перспектывы і асаблівасці фарміравання фонду арэнднага жылля ў краіне, чытайце ў матэрыяле нашага карэспандэнта.

Абяцаныя плюсы — пакуль што ў перспектыве

Для мноства краін свету арэнднае жыллё — звычайная з’ява. У Беларусі ж яно пачало будавацца толькі з 2012 года. Але і сёння для многіх гэты від жылля застаецца загадкай: як яго атрымаць, на што разлічваць — многім вядома толькі на ўзроўні чутак. Між тым усе гэтыя пытанні дакладна рэгламентаваны заканадаўствам.
— Гэта новы напрамак жыллёвага будаўніцтва, курс на які ўзяла дзяржава для таго, каб стварыць магчымасць вырашэння кватэрнага пытання для тых грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, але не маюць дастаткова фінансавых сродкаў для будаўніцтва ўласнага жылля, — расказаў Аляксандр Вітальевіч Горваль, начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. — Прычым гэта не часовае жыллё, хоць і называецца яно арэндным. Калі чалавек захоўвае правілы пражывання і стабільна ўносіць аплату, то дагавор арэнды пралангуецца столькі, колькі пажадае чалавек. Гэта паўнацэнная замена жылля, якое будуецца ва ўласнасць.
Аднак варта адзначыць, што фонд арэнднага жылля фарміруецца не толькі за кошт будаўніцтва новага. З 1 красавіка бягучага года ўступіў у сілу Указ кіраўніка дзяржавы № 563 “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін”, згодна з якім да фонду арэнднага жылля адносіцца і заселенае службовае жыллё, некаторыя віды спецыяльных службовых жылых памяшканняў.
У выніку на сёння ў Беларусі існуе каля 26,5 тысячы кватэр арэнднага жылля. Але большая частка з іх — менавіта заселеныя жылыя памяшканні, якія, згодна з указам № 563, былі ўключаны ў катэгорыю камерцыйных, гэта больш за 22 тысячы кватэр. Астатнія былі заселены пры вызваленні кватэр наймальнікамі, жыллё ў такім выпадку пераводзілася ў катэгорыю камерцыйнага і далей размяркоўвалася паміж тымі, хто меў у ім патрэбу.
Праўда, пакуль што ні сталіца, ні рэгіёны не могуць пахваліцца дастатковай колькасцю арэнднага жылля. Так, напрыклад, на сёння ў Мінску налічваецца 3589 памяшканняў камерцыйнага выкарыстання — тых самых арэндных кватэр. Сярод іх як кватэры “з гісторыяй”, так і новабудоўлі. Так, у сакавіку мінулага года на тэрыторыі Парка высокіх тэхналогій уведзены ў эксплуатацыю два жылыя арэндныя дамы на 263 кватэры. У лютым бягучага года размеркавана 133 кватэры ў арэндным доме ў мікрараёне Чыжоўка-6 і 96 кватэр у доме ў мікрараёне Шабаны.
Але гэта, насамрэч, кропля ў моры. Тых, хто жадае атрымаць арэнднае жыллё, — у разы больш. Пра гэта гаворыць хаця б той факт, што на адну арэндную кватэру ў сталіцы прэтэндавала да трохсот чалавек.
Зрэшты, як сцвярджаюць спецыялісты, у недалёкай будучыні сітуацыя павінна змяніцца. Так, калі ў 2012 годзе адпрацоўвалася схема будаўніцтва арэнднага жылля і, адпаведна, было пабудавана толькі 10,7 тысячы квадратных метраў жылля, то ў 2013 годзе ўжо значна больш — 53,5 тысячы квадратных метраў. На бягучы год запланавана будаўніцтва 320 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля. За першае паўгоддзе і частку трэцяга квартала фактычна пабудавана 118 тысяч квадратных метраў жылля. Усяго ж у адпаведнасці з Канцэпцыяй дзяржаўнай жыллёвай палітыкі да 2016 года павінна быць пабудавана не менш за 1 млн квадратных метраў агульнай жылой плошчы ў выглядзе арэнднага жылля.
Калі гэтыя планы ўвасобяцца ў рэальнасць, то сапраўды арэнднае жыллё, як і кажуць спецыялісты, стане сур’ёзным сегментам жыллёвай палітыкі. І ў такім выпадку, напэўна, будуць прыкметы і ўсе абяцаныя плюсы такога жылля: магчымасць хуткай змены жыллёвых умоў у выпадку змянення складу сям’і, мабільнага перамяшчэння насельніцтва па краіне ў пошуку лепшай работы, адукацыі і іншых жыццёвых рэалій.

Чаргі няма, але чарговасць — ёсць

Сёння ж для таго, каб засяліцца ў арэндную кватэру і адчуць усе магчымыя плюсы ад такога вырашэння кватэрнага пытання, прэтэндэнтам неабходна вытрымаць сур’ёзную канкурэнцыю.
— Ва ўказе № 563 дакладна прапісаны парадак размеркавання арэнднага жылля, — адзначыла Наталля Анатольеўна Кухарчык, начальнік аддзела юрыдычнай работы і кадраў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. — Пры гэтым дакладна выдзелены дзве катэгорыі грамадзян: першачаргавікі і тыя, хто прэтэндуе на арэнднае жыллё на агульных умовах.
Справа ў тым, што, згодна з апошнімі зменамі ў жыллёвым заканадаўстве, знікла такая катэгорыя, як службовы жыллёвы фонд. Але, зразумела, засталіся грамадзяне, якіх неабходна забяспечыць жыллём на перыяд працоўных адносін. Вось менавіта такія катэгорыі і маюць першачарговае права на атрыманне жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання. Згодна з тэкстам указа, 40% ад усяго свабоднага фонду арэнднага жылля прадастаўляецца грамадзянам, якія маюць першачарговае права на атрыманне такога жылля. Да іх адносяцца суддзі і пракурорскія работнікі, маладыя спецыялісты, грамадзяне пры назначэнні на пасаду з іншых населеных пунктаў, ваеннаслужачыя, вучоныя, прафесарска-выкладчыцкі склад і работнікі культуры. Іншымі словамі, калі здаецца дом, дзе налічваецца 100 кватэр, то 40 з іх будуць размеркаваны паміж названымі першачаргавікамі.
Прычым, як падкрэсліла спецыяліст, гэтыя першачаргавікі могуць атрымліваць арэнднае жыллё незалежна ад таго, знаходзяцца яны ці не на ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у адпаведным населеным пункце. Галоўная ўмова — адсутнасць уласнага жылля. Напрыклад, малады спецыяліст, які прыбывае па размеркаванні ў Мінск і не мае ў горадзе жылля, мае права на атрыманне жылога памяшкання арэнднага фонду ў першачарговым парадку. Для гэтага ў мясцовы выканаўчы камітэт неабходна прадаставіць заяву і хадайніцтва з месца працы. Калі такіх прэтэндэнтаў некалькі, то перавага аддаецца зыходзячы з часу падачы заявы.
Але варта мець на ўвазе, што гэтая катэгорыя грамадзян атрымлівае жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання толькі на перыяд працоўных адносін. На працягу трох сутак пасля спынення працоўных адносін з наймальнікам, па хадайніцтве якога было выдзелена арэнднае жыллё, наймальнік абавязаны яго вызваліць.
Іншая справа — у дачыненні да грамадзян, якія атрымліваюць арэнднае жыллё на агульных умовах, — на іх прыходзіцца 60% ад свабоднага фонду арэнднага жылля. У адносінах да іх час арэнды можа стаць практычна бестэрміновым. Галоўнае — захаванне правіл пражывання і карыстання жылым памяшканнем і своечасовая аплата за карыстанне памяшканнем і за камунальныя паслугі.
Што ж да магчымасці атрымання такога жылля на агульных умовах, то тут, па словах спецыяліста, галоўнае — уласная ініцыятыва і жаданне наймальніка.
— Чаргі на арэнднае жыллё няма, — зазначыла Наталля Анатольеўна Кухарчык. — Для таго, каб атрымаць арэнднае жыллё, чалавек павінен сам маніторыць сітуацыю — а інфармацыя аб наяўнасці свабоднага жылля камерцыйнага выкарыстання абавязкова размяшчаецца на сайтах адміністрацый раёнаў ці гарадоў — і ў выпадку наяўнасці такога жылля падаць заяву. Ніхто нікога не вядзе за руку і не прымушае атрымліваць арэнднае жыллё. Гэта выключна ініцыятыва і жаданне самога грамадзяніна.
Прычым у мясцовых улад няма абавязку прадастаўляць пры арэндзе грамадзяніну менавіта 15 метраў на чалавека. Калі сям’я згодна, то і на трох чалавек можа быць прадастаўлена кватэра ў 100 метраў, а на 4 — у 50 метраў.
— Калі прэтэндэнтаў на агульных умовах на кватэру некалькі, то перавага аддаецца таму, хто больш доўгі час знаходзіцца на ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — патлумачыла Наталля Анатольеўна. — Разам з тым, калі прэтэндэнтаў з ліку тых, хто знаходзіцца на названым уліку, няма, то жыллё прадастаўляецца і тым, хто не знаходзіцца на гэтым уліку. І такія выпадкі адзначаюцца не толькі ў рэгіёнах, але і ў сталіцы.

Кошт строга рэгламентаваны

У вялікай ступені папулярнасць арэнднага жылля сёння абумоўлена яго коштам: пры аднолькавых спажывецкіх якасцях арэнда кватэры ў прыватных асоб каштуе ў разы больш. Да таго ж наймальнікі дзяржаўнага арэнднага жылля застрахаваны ад капрызаў гаспадароў у выглядзе раптоўнага павышэння аплаты. У дачыненні да дзяржаўнага арэнднага фонду правілы гульні ў налічэнні аплаты — простыя і празрыстыя.
— Кошт арэнды пэўнай кватэры вылічваецца ў адпаведнасці з прапісанымі ва ўказе правіламі, і кожны прэтэндэнт загадзя, нават да атрымання кватэры, можа ведаць, колькі яму будзе каштаваць той ці іншы варыянт, — падкрэсліла спецыяліст. — Вылічваецца кошт наступным чынам: базавая стаўка, устаноўленая Саветам Міністраў, — сёння гэта 0,2 базавай велічыні — памнажаецца на каэфіцыенты, якія залежаць ад месцазнаходжання і добраўпарадкавання жылля і ўстанаўліваюцца мясцовымі ўладамі. Так, сёння пры базавай велічыні 150 тысяч рублёў базавая стаўка складае 30 тысяч рублёў за квадратны метр. Яна памнажаецца на каэфіцыент, які, напрыклад, у Мінску складае ад 1,5 да 0,5 у залежнасці ад эканоміка-планіровачнай зоны. У рэгіёнах — значна менш: можа быць 0,1 ці 0,2. Каэфіцыент 1,5 — гэта самы высокі паказчык па сталіцы і краіне ў цэлым, які “ацэньвае” квадратны метр арэнднага жылля ў 45 тысяч рублёў.
Але з гэтага агульнага правіла ёсць і выключэнні. Так, для грамадзян, якія пражываюць у заселеных памяшканнях, пераведзеных у лік камерцыйнага жылля з 1 красавіка бягучага года, устаноўлены паніжаючы каэфіцыент па ўсёй краіне — 0,1, у сталіцы — 0,2. Іншымі словамі, грамадзяне, якія на 1 красавіка 2014 года пражывалі ў службовых кватэрах, пасля 1 красавіка ўносяць плату за арэнднае жыллё з улікам гэтага паніжаючага каэфіцыента. Такі ж паніжаючы каэфіцыент устаноўлены і для першачаргавікоў пры атрыманні імі арэнднага жылля.

Алена МАРКЕВІЧ.