Сярод найважнейшых напрамкаў дзейнасці аддзела адукацыі, спорту і турызму Шклоўскага райвыканкама — павышэнне якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, забеспячэнне роўных умоў выхавання і атрымання адукацыі гарадскімі і сельскімі дзецьмі. Установы адукацыі раёна прапаноўваюць шырокія магчымасці для рэалізацыі адукацыйных запытаў і творчых здольнасцей кожнага дзіцяці з улікам яго індывідуальнасці. Падрабязней аб гэтым расказаў начальнік аддзела Васіль Мікалаевіч МАЛАЛЕТКІН.
— Васіль Мікалаевіч, якія самыя значныя дасягненні ў сістэме адукацыі Шклоўскага раёна вы можаце адзначыць за апошнія гады? Раскажыце, калі ласка, аб выніках работы з адоранымі школьнікамі.
— На працягу шэрага гадоў наш аддзел і ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна мэтанакіравана працуюць над павышэннем якасці адукацыі. У 2015 годзе на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы раёна атрымалі 4 дыпломы і адзін пахвальны водзыў (у 2014 годзе — 3 дыпломы і адзін пахвальны водзыў). На заключным этапе прадметнай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры навучэнка 11 класа Забродскай сярэдняй школы Яніна Мішына ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.
Развіваць інтэлектуальныя магчымасці дзяцей дапамагае даследчая дзейнасць. На XXVI Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ у Мінску навучэнка 10 класа Забродскай сярэдняй школы Дар’я Шыматкова адзначана дыпломам ІІ ступені за работу “Маніторынг якасці пітной вады нецэнтралізаванага забеспячэння на тэрыторыі Славенскага сельскага савета Шклоўскага раёна”. На абласным этапе работа дзяўчыны адзначана дыпломам І ступені.
Дар’я Шыматкова выступіла таксама на XXI Усерасійскім конкурсе юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага ў Маскве з работай “Уплыў біялагічных асаблівасцей гатунку на назапашванне нітратаў у агурках” і была адзначана дыпломам І ступені, граматай за лепшае прадстаўленне работы і сертыфікатам.
З мэтай развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў, актывізацыі іх падрыхтоўкі да алімпіяд, творчых конкурсаў і даследчай дзейнасці на базе сярэдняй школы № 4 Шклова трэці год дзейнічае вучэбна-аздараўленчы лагер “Інтэлектуал”. Заключаны дамовы аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.А.Куляшова, Санкт-Пецярбургскім даследчым універсітэтам інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі, Шклоўскім дзяржаўным прафесійным ліцэем № 12. Ва ўстановах адукацыі горада працуюць цэнтры па рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, арганізавана даўніверсітэцкая падрыхтоўка.
Адзначу, што па выніках 2014/2015 навучальнага года 14 нашых выпускнікоў атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асобага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём (у 2014 годзе — 7). У 2015 годзе ў ВНУ паступіла 110 (61%) выпускнікоў раёна (у 2014 годзе — 60%). З іх сельскагаспадарчы профіль выбралі 13%. Стабільным застаецца паступленне выпускнікоў-медалістаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы на бюджэтную форму навучання. Сёлета пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання па рускай мове максімальную колькасць балаў (100) набрала наша выпускніца Марына Галанава.
На працягу трох гадоў Шклоўскі раён з’яўляецца лідарам абласных спаборніцтваў па летнім і зімовым мнагаборстве “Абаронца Айчыны” сярод дапрызыўнай і прызыўной моладзі, а таксама прызёрам вобласці па лёгкай атлетыцы. Навучэнцы раёна Павел Лупякоў са Старасельскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Шклоўскага раёна, Павел Марцінкоў з сярэдняй школы № 1 Шклова, Уладзіслаў Кісялёў з сярэдняй школы № 4 Шклова сталі сярэбранымі прызёрамі першынства Рэспублікі Беларусь у камандным заліку, выступаючы за зборную каманду Магілёўскай вобласці.
— Ці вяртаюцца ў раён выпускнікі пасля заканчэння ВНУ? Ці ідуць працаваць у школы, дзіцячыя сады?
— Педагагічнымі кадрамі наш раён забяспечаны. Штогод расце колькасць маладых педагогаў, якія атрымліваюць мэтавыя накіраванні і пасля заканчэння ВНУ вяртаюцца ў раён і замацоўваюцца на месцах (75% маладых спецыялістаў).
— Васіль Мікалаевіч, магчыма, вашы педагогі з’яўляюцца пераможцамі і ўдзельнікамі конкурсаў?
— Педагогі раёна пастаянна ўдасканальваюць навыкі прафесійнай дзейнасці. Хочацца адзначыць творчасць нашых педагогаў, якія ўдзельнічалі ў многіх раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Упершыню за шмат гадоў педагог дадатковай адукацыі Іна Альбертаўна Плесаўскіх стала лепшай (1 месца) сярод педагогаў дадатковай адукацыі ў абласным конкурсе “Лепшы па прафесіі”. Яна атрымала Ганаровую грамату Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.
Па выніках ХVI Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” педагогі Забродскай сярэдняй школы Марына Уладзіміраўна Аліхвер і Рыта Іванаўна Мішына ўзнагароджаны дыпломам III ступені.
— З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца ўстановам адукацыі вашага раёна?
— Сярод праблем, якія нас сёння непакояць, — пераўкамплектаванасць груп ва ўстановах дашкольнай адукацыі і недахоп настаўнікаў-дэфектолагаў і спецыялістаў інтэграванага навучання. Таксама ў дзвюх установах адукацыі Шклова навучэнцы сярэдняга звяна займаюцца ў другую змену.
— Наколькі сур’ёзна ў вашым раёне разглядаецца дэмаграфічная праблема? Колькі дзіцячых садоў і школ прыйшлося закрыць у апошнія гады?
— За апошнія тры гады колькасць вучняў у раёне практычна не памянялася: калі ў 2013/2014 годзе ў раёне налічвалася 2862 навучэнцы, то ў бягучым навучальным годзе — 2847. Згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта, у мінулым годзе быў закрыты яслі-сад № 1 Шклова. У сувязі з гэтым дадаткова адкрыта 1 ясельная група і 2 групы для дзяцей дашкольнага ўзросту на 75 месцаў у дзіцячым садзе № 2 Шклова. У раёне ліквідаваны міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі навучэнцаў Шклова. Усе педагагічныя работнікі гэтых устаноў уладкаваны на работу ў іншыя ўстановы адукацыі.
У гэтым годзе рэарганізацыя прайшла ў Ардацкім дзіцячым садзе —сярэдняй школе Шклоўскага раёна. Ён ператварыўся ў вучэбна-педагагічны комплекс “Дзіцячы сад — базавая школа”. У далейшым не плануецца праводзіць аптымізацыю сеткі ўстаноў адукацыі раёна.
— Васіль Мікалаевіч, як вырашаецца праблема матэрыяльна-тэхнічнай базы, аснашчанасці неабходным абсталяваннем устаноў адукацыі раёна?
— Штогод у раёне праводзяцца капітальныя і бягучыя рамонты ўстаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі. Грошы накіроўваюцца на набыццё спартыўнага абсталявання і мэблі. З мэтай паляпшэння арганізацыі падвозу дзяцей набыты 3 аўтобусы коштам 2 млрд рублёў. На набыццё гульнявога, спартыўнага абсталявання, мэблі, сучасных сродкаў навучання накіравана больш за 1 млрд рублёў. На суму 5,3 млрд рублёў прайшла рэканструкцыя філіяла сярэдняй школы № 1 — цяпер гэта Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. У гімназію і сярэднюю школу № 4 Шклова закуплена абсталяванне для кабінетаў фізікі.
Надзея ЦЕРАХАВА.