Маладыя, сучасныя, эрудзіраваныя

Супрацоўніцтва БДПУ імя Максіма Танка з сярэдняй школай № 95 Мінска было наладжана ў 2009 годзе і ажыццяўляецца ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве. Спачатку школа служыла проста базай для педагагічнай практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта ўніверсітэта. На гэты момант у школе дзейнічае філіял кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі гістарычнага факультэта.

Роўны навучае роўнага

— Калі мы жадаем падрыхтаваць кампетэнтнага спецыяліста, то працэс навучання павінен быць практыка-арыентаваным, максімальна набліжаным да патрэб сённяшняй адукацыі, — адзначае загадчык кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі ўніверсітэта Аляксандр Аляксандравіч Корзюк. — З гэтай мэтай актыўна выкарыстоўваем магчымасці філіяла нашай кафедры на базе школы, супрацоўнікі якой рэкамендуюць будучым педагогам найноўшыя і эфектыўныя методыкі і тэхналогіі.
На працягу навучальнага года на базе школы праводзяцца заняткі па методыцы выкладання гісторыі ў студэнтаў 3—4 курсаў гістфака. Групы студэнтаў наведваюць урокі практыкантаў і педагогаў школы. Яны аналізуюць майстэрства выкладання прадмета, задаюць пытанні. Калі казаць аб студэнтах-практыкантах, то іх, як правіла, адначасова прыходзіць у школу не больш за 10 чалавек. З улікам невялікай напаўняльнасці школы гэта нармальна. Адразу пасля завяршэння ўрока студэнты, якія прысутнічаюць у якасці назіральнікаў, абмяркоўваюць яго, задаюць пытанні і педагогу, і навучэнцам. Акрамя таго, намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце дэманструе студэнтам узор метадычна граматнага аналізу ўрока.
Супрацоўнікі нашай кафедры таксама часта наведваюць школу, а настаўнікі ў сваю чаргу ўдзельнічаюць у мерапрыемствах універсітэта, у тэматычных сустрэчах са студэнтамі. Мы праводзім для педагогаў школы навукова-метадычныя семінары, практычныя заняткі, трэнінгі, забяспечваем дадатковым матэрыялам па пэўных тэмах. На базе школы штогод праходзіць семінар па актуальных праблемах, якія тычацца падрыхтоўкі будучых настаўнікаў гісторыі. Агучаныя на ім прапановы ўкараняюцца ў вучэбны працэс.
Мы выкарыстоўваем прынцып “роўны навучае роўнага”, калі прыкладна аднолькавыя па статусе, узросце і сацыяльным вопыце студэнты абменьваюцца значнай і неабходнай інфармацыяй. Напрыклад, студэнты старшых курсаў ахвотна дзеляцца са студэнтамі малодшых курсаў сваімі тэарэтычнымі і практычнымі напрацоўкамі. У пачатку студэнцкай практыкі школа дэманструе свае магчымасці ў плане выкарыстання мультымедыйных тэхналогій, знаёміць практыкантаў з камп’ютарнымі класамі, з той тэхнікай, якую можна выкарыстоўваць на ўроках.
У філіяла кафедры ў школе ёсць асобны кабінет (рэсурсны цэнтр), які ўяўляе сабой камп’ютарны клас, абсталяваны ўсёй неабходнай аргтэхнікай і мэбляй для таго, каб у ім можна было працаваць у фармаце канферэнцыі. Рэсурсны цэнтр, на базе якога функцыянуе філіял кафедры, можа ста ць пунктам адліку для стварэння ў будучыні лабараторыі інтэлектуальных тэхналогій у гістарычнай адукацыі. Гэта адзін з праектаў нашага вучонага-метадолага прафесара М.І.Мініцкага — прыхільніка ўкаранення інавацыйных тэхналогій. Ён актыўна распрацоўвае пытанне выкарыстання мнагамерных дыдактычных тэхналогій, якія зараз вельмі актуальныя, і тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо. Весці работу з педагогамі і студэнтамі ў межах такой лабараторыі было б больш зручна, і гэта стала б добрай падмогай пры напісанні курсавых і дыпломных работ, магістарскіх дысертацый. У перспектыве ў школе ва ўмовах профільнага навучання магчыма, на мой погляд, з’яўленне педагагічных класаў.

Памочнікі настаўніка

— Два выпускнікі 95-й школы 2014 года паступілі ў педагагічны ўніверсітэт, прычым усяго 11 клас школы скончылі 17 вучняў, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 95 Мінска Лідзія Іосіфаўна Яршова. — Увогуле, за час нашага супрацоўніцтва з універсітэтам у яго паступілі 10 выпускнікоў. І гэта самыя лепшыя навучэнцы, якія ўдзельнічалі ў конкурсах даследчых работ, у алімпіядным руху. Яны зараз сярод найлепшых студэнтаў.
Згодна з праграмай педагагічнай практыкі студэнтаў, кожны з іх замацоўваецца за адным з класаў у якасці памочніка класнага кіраўніка. Прычым яны павінны працаваць з класам не толькі на ўроках па прадмеце, які выкладаюць, але і наведваць урокі гэтага класа, што праводзяць іншыя, больш вопытныя педагогі — першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
Тэарэтычна будучыя педагогі, як правіла, добра падрыхтаваны. Яны ведаюць прадмет, умеюць стварыць атмасферу і сітуацыю поспеху для кожнага дзіцяці, але пытанні методыкі і арганізацыі ўрока па новых тэхналогіях бываюць складанымі для пачынаючых педагогаў. Многім з іх бывае складана правільна размеркаваць час, ім не хапае 45 хвілін, адведзеных для заняткаў, часам яны не ўпісваюцца ў прыкладныя храналагічныя рамкі кожнага этапу ўрока. Камусьці складана падбіраць матэрыял для навучання школьнікаў, адшукваць найбольш адэкватныя метады і прыёмы вывучэння канкрэтнай тэмы. У кагосьці з практыкантаў узнікаюць праблемы з дысцыплінай у класе. Аднак усе гэтыя праблемы росту даволі хутка вырашаюцца.
Калі маладыя спецыялісты прыходзяць да нас, стараемся першы год не абцяжарваць іх класным кіраўніцтвам, да мінімуму зводзім дакументаабарот, каб толькі яны не спужаліся першых цяжкасцей, каб, пераступіўшы парог школы, зразумелі, што настаўніцтва — справа іх жыцця.
За апошнія гады ў школу працаўладкаваліся 10 выпускнікоў як гістарычнага, так і іншых факультэтаў. Некаторыя працуюць у нашай школе, але большасць настаўнічае ва ўстановах адукацыі Мінска і вобласці. Сёлета два студэнты дзённай формы атрымання адукацыі БДПУ працуюць у нашай школе, нядаўна працаўладкаваліся яшчэ чатыры выпускнікі ўніверсітэта.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.